Сёлета ў пілігрымку на роварах у Будслаў разам выправіліся каталікі і ўніяты. Грэка-каталік Барыс Хамайда ўзяў у пілігрымку двухмэтровы плякат на белай палатніне — «Рыма-каталіцкі касьцёл і грэка-каталіцкая царква разам зь Віцебску ў Будслаў».
Пасьля блаславеньня біскупа Алега Буткевіча каля касьцёла Езуса Міласэрнага пілігрымы рушылі ў Будслаў.
Спадар Хамайда сказаў, што прымацаваў да ровара адмысловае прыстасаваньне, каб прыладкаваць плякат на доўгім дрэўку. Зь ім ён плянуе заяжджаць у буйнейшыя населеныя пункты, дзе пілігрымы будуць спыняцца на адпачынак.
Адлегласьць ад Віцебску да вёскі Будслаў Мядзельскага раёну — каля 230 кілямэтраў. У першую суботу ліпеня там пройдзе традыцыйны фэст у гонар абраза Маці Божай Будслаўскай, які лічыцца цудадзейным.
Вернікі прыбываюць сюды зь дзесяткаў гарадоў. На ўрачыстасьць традыцыйна зьбіраецца каля 40 тысяч чалавек — як зь Беларусі, так і з замежжа.