Аляксандар Лукашэнка 14 траўня вылецеў у расейскі горад Сочы, дзе мае прысутнічаць на паседжаньні Вышэйшага Эўразійскага савету.
Паводле прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, чакаецца асобная сустрэча з Уладзімірам Пуціным — гэта будзе першы раз, калі Лукашэнка пабачыць Пуціна пасьля перавыбраньня на ўжо чацьвёрты прэзыдэнцкі тэрмін. Паводле Лукашэнкі, менавіта Пуцін запрасіў яго на сустрэчу — да беларускага боку, казаў ён, «могуць быць пытаньні, а можа, і прэтэнзіі».
«Мы за каапэрацыю ў эканоміцы, адзіны рынак, за тое, каб у нас не было гэтых дурных рознагалосьсяў — малочных, мясных, цукровых войнаў і іншага. Гэта проста сорам», — казаў Лукашэнка напярэдадні сустрэчы з Пуціным.
Таксама на паседжаньні Лукашэнка мае ўпершыню пабачыць новага кіраўніка ўраду Армэніі — Нікола Пашыньяна, выбранага прэм’ер-міністрам пасьля працяглых пратэстаў. Лукашэнка пужаў чыноўнікаў і дэпутатаў армянскімі пратэстамі: маўляў, «па адным нас пераб’юць». Ён не віншаваў Пашыньяна з выбраньнем прэм’ерам, хоць віншаваў з тым самым Дзьмітрыя Мядзьведзева, таксама не віншаваў Пашыняна з Днём Перамогі. Тым часам Пашынян казаў, што турбуецца збліжэньнем Беларусі і Азэрбайджану.
Пасьля Сочы Лукашэнка мае наведаць Таджыкістан — візыт працягнецца да 16 траўня. У час візыту заплянаваныя перамовы з кіраўніком Таджыкістану Эмамалі Рахмонам.