Давер расейцаў да Беларусі і Казахстану зьніжаецца. Пра гэта сьведчаць вынікі сацыялягічнага апытаньня, якое правёў расейскі фонд «Грамадзкая думка» напрыканцы красавіка.
Беларусь па-ранейшаму застаецца першай у сьпісе краінаў, зь якімі «у Расеі цяпер найбольш блізкія, сяброўскія дачыненьні». Аднак упершыню, пачынаючы з 2014 году, колькасьць расейцаў, якія прытрымліваюцца гэтай думкі, склала меней за 60%. Яшчэ большае падзеньне ў Казахстану: 61% у 2015 годзе і 40% сёлета.
Палітоляг Алесь Лагвінец кажа, што вынікі апытаньня — адлюстраваньне палітыкі пэўнага ізаляцыянізму Крамля.
«Расейскім уладам вельмі выгадна прадставіць сваю краіну ў выглядзе асаджанай крэпасьці. Яна адна выступае супраць усяго сьвету і нясе сваю нібыта высокую місію», — кажа Лагвінец.
Другая прычына зьніжэньня даверу расейцаў да Менску і Астаны — гэта тое, што самыя блізкія хаўрусьнікі Масквы Лукашэнка і Назарбаеў у пэўных пытаньнях праводзяць сваю гульню, сьцьвярджае палітоляг.
«Прэзыдэнты Беларусі і Казахстану час ад часу, зыходзячы са сваіх кан’юнктурных інтарэсаў, стараюцца адасобіцца ад занадта адыёзных дзеяньняў расейскіх уладаў. І тады маскоўская прапаганда пачынае іх атакаваць. Расейцы чуюць гэта з тэлевізіі і таму ўсё менш і менш давяраюць і беларусам, і казахам», — тлумачыць Алесь Лагвінец.
Што тычыцца найгоршых краін у стаўленьні да Расеі, то ў разуменьні расейцаў, гэта ЗША, Украіна і Вялікая Брытанія.