Як ваююць зь «Вяйшнорыяй» і што яна можа

«Войскі Вяйшнорыі» з выдуманым «сьцягам Вяйшнорыі». Каляж з сацыяльных сетак

Першы этап вайсковых вучэньняў «Захад-2017» завяршаецца 16 верасьня. За першыя дні вучэньняў войскі Беларусі і Расеі адпрацоўвалі кіраваньне аб’яднанымі войскамі і апэрацыі па стабілізацыі абстаноўкі. А таксама «пазнаёміліся» з умоўнымі ворагамі — «Вяйшнорыяй» (захад Беларусі), «Вэсбарыяй» і «Лубэніяй» (усходнія часткі Літвы і Польшчы).

«Вяйшнорыя» кантралюе мяжу, захапіла мястэчка на поўначы Беларусі, падбіла 7 танкаў і 10 БТР, спрабуе падарваць газапровад

Паводле зьвестак Міністэрства абароны Беларусі, на палігонах «Асіповіцкі», «Барысаўскі» і «Лепельскі» вайскоўцы займалі абарончыя пазыцыі. Расейскія мотастралковыя, танкавыя і артылерыйскія падразьдзяленьні і сродкі проціпаветранай абароны 1 танкавай арміі Расеі рыхтуюцца да баявых дзеяньняў. Таксама вайскоўцы адпрацоўваюць пошук і зьнішчэньне дывэрсійных груповак праціўніка і «незаконных узброеных фармаваньняў», рыхтуюць артылерыю, вядуць выведку на «напрамках пагрозы» і трэніруюцца ў «ізаляцыйна-абмежавальных дзеяньнях».

Тым часам самалёты Расеі і Беларусі вядуць «зьнішчальнае авіяцыйнае прыкрыцьцё» войскаў, што аднаўляюць кантроль на паўночна-заходнім участку мяжы Беларусі, самалёты Су-25 і Су-34 бамбяць дывэрсантаў ворага «з палажэньня штурмавога кола», абстрэльваюць іх некіраванымі ракетамі і гарматамі. На палігоне «Даманаўскім», як паведамляе дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1», зэнітныя падразьдзяленьні спынілі спробу парушэньня дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы. На мяжы з боку Пскоўскай вобласьці расейскія войскі зьнішчылі 40 бесьпілётнікаў ворага. На «Барысаўскім» па ўмоўным ворагу страляла рэактыўная батарэя.

На ўчастку «Дрэтунь» умоўны вораг захапіў населены пункт, беларуска-расейскія войскі выбіваюць ворага з удзелам пошукава-штурмавой групы дэсантнікаў пры падтрымцы вэрталётаў Мі-8 і Мі-24. Дывэрсантаў збольшага зьнішчылі (з удзелам памежнікаў і нават Сьледчага камітэту), але асобныя групы пачалі пранікаць углыбіню краіны — за імі пачалі пагоню.

А на паліоне «Лосвіда» дэсантна-штурмавая рота адбівае напад дывэрсантаў на ўчастак газапроваду (мяркуючы па разьмяшчэньні, толькі адгалінаваньне ад газапроваду «Ямал-Эўропа», а ня сам газапровад). У Лепельскім і Асіповіцкім раёнах плянуюць адбіць напад на блёк-пост, пад Ружанамі — зьнішчаць у тым ліку авіяцыю дывэрсантаў. Сілы тэрытарыяльнай абароны таксама адпрацоўваюць ахову і абарону іншых важных дзяржаўных і ваенных аб’ектаў.

Паводле зьвестак расейскага Міністэрства абароны, на палігоне «Лускі», што недалёка ад Эстоніі, зьдзейсьнілі эвакуацыю і рамонт 7 танкаў Т-72Б3, 10 бронетранспартораў БТР-82А і баявых машынаў пяхоты БМП-2, 16 аўтамабіляў. Днём раней першай «ахвярай» вучэньняў стаў ​расейскі самалёт Ту-22М3, які празь няспраўнасьць выкаціўся з узьлётна-пасажачнай паласы. 16 верасьня ў Валгаградзкай вобласьці Расеі разьбіўся вайскова-навучальны самалёт Як-130, але ці зьвязаная гэтая аварыя з вучэньнямі, не паведамляецца.

На моры таксама вайна

Хоць «Вяйшнорыя» ня мае выхаду да мора, расейскія вайскоўцы адпрацоўваюць і марскія апэрацыі. Як піша РИА Новости, амаль два дзясяткі караблёў Балтыйскага флёту аб’ядналіся ў тактычныя групоўкі і гатовыя выконваць задачы процілодачнай і проціпаветранай абароны, разьмініраваць мясцовасьць і весьці ракетна-артылерыйскія стрэльбы па марскіх і паветраных цэлях. У складзе груповак карвэты, малыя ракетныя і процілодачныя караблі, тральшчыкі, ракетныя катары і іншыя дапаможныя караблі.

Інфармацыйная вайна «ў адны вароты»

Байнэт адказвае на вучэньні інтэрнэт-мэмамі

Ні беларускі, ні расейскі бок прынамсі пакуль не трэніруюцца весьці інфармацыйную вайну. Пасьля «абвяшчэньня» межаў «Вяйшнорыі» беларускія карыстальнікі сацсетак выступілі за «ворага», атрымліваюць «пашпарты вяйшнорца» і пяюць «Вяйшнорыі» гімны.

Чаму столькі беларусаў за «Вяйшнорыю»? Тлумачаць Быкоўскі, Класкоўскі і Шрайбман

Але на гэта сапраўдныя дзяржавы не адказваюць ніякай контарпрапагандай. Затое расейская прапаганда па-ранейшаму палохае гісторыямі пра заходнія краіны.

Расейцы асобна, са сваім хлебам, тэлевізарам і цырульняй

Вайскоўцы з Расеі абсталявалі ў Беларусі свае намётавыя мястэчкі з уласнымі жылымі і побытавымі пакоямі, душавымі і цырульнямі. У пунктах адпачынку расейскім вайскоўцам паказваюць расейскія, а не беларускія тэлеканалы. Для вайскоўцаў разгарнулі палявыя кухні і нават хлебазаводы.

Тым часам Аляксандар Лукашэнка, верагодна, будзе назіраць за вучэньнямі асобна ад Уладзімера Пуціна: на вучэньні ў Расею Лукашэнку не запрасілі; Пуціна запрашалі ў Беларусь, але ён не адказаў.