Ад 12 лютага грамадзяне больш як 80 краінаў сьвету могуць быць у Беларусі да 5 дзён бязь візы, калі прыляцелі ў краіну праз нацыянальны аэрапорт «Менск». У ліку краінаў, для якіх уведзены «бязьвіз», увесь Эўразьвяз, ЗША, Канада, Японія, Паўднёвая Карэя, Бразылія і шэраг экзатычных краінаў.
Міністар замежных справаў Уладзімер Макей заяўляў, што Беларусь нават «будзе думаць над тым, каб прапанаваць больш доўгае знаходжаньне замежнікаў у нашай краіне», калі 5-дзённы бязьвізавы рэжым будзе пасьпяховым. Але паводле расейскіх СМІ, беларускі «бязьвіз» выклікаў нэгатыўную рэакцыю Крамля: кажуць, нібы менавіта празь «бязьвіз» Расея ўвяла зь Беларусьсю памежную зону.
Што такое гэты «бязьвіз» і навошта ён? Тлумачым пяцьцю тэкстамі.
12 пытаньняў пра беларускі бязьвізавы рэжым для замежнікаў
На каго распаўсюджваецца ўказ? Зь якімі дакумэнтамі павінен ехаць у Беларусь замежны грамадзянін? Ці ёсьць абмежаваньні па колькасьці паездак у год? Ці можна прыляцець у аэрапорт Менску, а выехаць цягніком ці аўтамабільным транспартам? Ці можна вяртацца праз Расею? Ці можна прыехаць бязь візы, а пасьля з прычыны нейкіх форс-мажорных акалічнасьцяў працягнуць перабываньне ў Беларусі? Што рабіць, калі замежнік губляе дакумэнты?
Пра гэта і іншае ў падрабязным разборы Свабоды.
Пяцідзённы маршрут для іншаземцаў ад рэдактара «Плянэты Беларусь»
Пяць дзён — відавочна мала, каб аб’ехаць усё-ўсё цікавае ў Беларусі. Таму замежным турыстам давядзецца абіраць сабе маршруты па самых цікавых мясьцінах. Англамоўныя турыстычныя сайты прапануюць замежніку Берасьцейскую крэпасьць, Мір, Нясьвіж, Хатынь і Менск. Альтэрнатыўны 5-дзённы маршрут для чытачоў Свабоды склаў фатограф, выдавец, рэдактар турыстычнага парталу planetabelarus.by Сяргей Плыткевіч.
«Паглядзіце, які фурор зрабіла Альбанія. Здавалася б, а што там глядзець. А гэта неверагодна цікавая краіна. Беларусь на сёньняшні момант таксама Terra Incognitа. У нашай краіны вельмі цікавы лёс і менавіта гэта можа прыцягнуць сюды турыстаў», — кажа Плыткевіч.
«Пытаньне ня ў візах, а ў тым, што сьвет мала ведае пра Беларусь»
Турапэратары, тым ня меней, не чакаюць велізарнага патоку турыстаў у Беларусь. Чаму так і на каго разьлічаны тады «бязьвіз» — абмяркоўваюць Валер Карбалевіч, Алег Грузьдзіловіч і Юры Дракахруст.
Ёсьць тэкст, а ёсьць аўдыё, калі зручней слухаць, а не чытаць.
Досьвед «бязьвізу» Украіны, які хоча паўтарыць Беларусь
Хоць прадстаўнік МЗС Беларусі кажа, што Беларусь не разьлічвае на тое, што суседзі з Эўразьвязу зробяць сустрэчныя крокі ў пытаньні кароткатэрміновых паездак бязь візаў, можна асьцярожна спадзявацца, што Беларусь пойдзе па «бязьвізавым» шляху Ўкраіны.
Што рабілі паўднёвыя суседзі Беларусі, каб наблізіцца да атрыманьня «бязьвізу ў адказ» ад Шэнгенскіх краінаў і як хутка гэта прайшло — у аглядзе Свабоды.
10 рэакцыяў замежных журналістаў на адмену візаў
«Моцны сыгнал адкрыцьця Беларусі на сьвет» і «чарговая нясьмелая спроба адкрыцьця». Свабода паглядзела на рэакцыю патэнцыйных карыстальнікаў «бязьвізу» — замежных журналістаў.