Маладыя гарадзенскія сьвятары зьнялі відэаролік «Магутны Божа» і выйшлі ў фінал конкурсу

Дыякан Пакроўскага сабору ў Горадні Дзьмітры Паўлюкевіч

Дыякан Пакроўскага сабору з Горадні Дзьмітры Паўлюкевіч разам са сваімі сябрамі стаў фіналістам відэаконкурсу чытальнікаў беларускай паэзіі.

Маладыя сьвятары падрыхтавалі на конкурс твор Натальлі Арсеньневай «Магутны Божа». 29 ліпеня ў Менску яны атрымаюць ад партала TUT. BY 30 кніг беларускай клясыкі — сэрыю выдавецтва «Папуры».

Напярэдадні ўручэньня ўзнагароды Свабода пагутарыла з дыяканам Дзьмітрыем Паўлюкевічам.

__________________

РС: — Нячаста даводзіцца быць сьведкам таго, каб сьвятары бралі ўдзел у сьвецкіх конкурсах, нават калі гэта датычыць чытаньня паэзіі. Што вас падштурхнула да ўдзелу?

Дзьмітры Паўлюкевіч: — Рашэньне было прынятае выпадкова. Проста чытаў стужку «Ўкантакце» і там натрапіў на аб’яву, што за прачытаныя вершы можна атрымаць цэлую сэрыю кніг беларускай клясыкі. Шчыра скажу, што гэта і стала галоўнай мэтай удзелу ў конкурсе: папоўніць нашу прыходзкую бібліятэку.

РС: — А верш Наталі Арсеньневай «Магутны Божа» — таксама быў выпадковы выбар?

ДзП: — Што да верша, то мы яго нават не выбіралі, гэта было зразумела без абмеркаваньня, бо ён у кожным з нас. Думаю, што ўсе з духавенства на Гарадзеншчыне ведаюць яго, і падчас нашага фэстывалю «Калоскі благавест» мы заўсёды сьпяваем «Магутны Божа». Асабіста я лічу гэты твор Натальлі Арсеньневай гімнам Гарадзенскай эпархіі.

РС: — Што да вашага выкананьня, то ўразіла ня толькі чытаньне верша, сьпеў вашых сяброў, але і прафэсійна адзьняты відэаролік, які набыў вялікую папулярнасьць у інтэрнэце. Вы мелі досьвед мастацкага чытаньня вершаў?

ДзП: — Насамрэч гэта ня толькі наша перамога, некаторыя людзі нам усё ж дапамагалі. Нагадаю, што мы вырашылі ўдзельнічаць у конкурсе мэтанакіравана, каб заслужыць кнігі, прывезьці іх у нашу бібліятэку і каб прыхаджане маглі іх чытаць. Мы зьвярнуліся па дапамогу да прафэсійных акторак з Тэатру лялек, і нам дапамагалі Тацяна Еўтух і Аляксандра Літвінёнак. Мушу прызнацца, што часу з намі яны патрацілі шмат, каб дабіцца таго, што ўрэшце атрымалася на відэа. Хоць напачатку нам здавалася, што тут няма нічога складанага, маўляў, зараз прыедзем да Каложы, пасьпяваем, пагаворым, здымем на мабільны тэлефон, і ўсё. А заняўшыся гэтай справай ад самай раніцы, адсылалі відэаролік толькі ўначы.

РС: — Затое сатысфакцыя напэўна не прымусіла сябе доўга чакаць, бо ў інтэрнэце ролік карыстаўся вялікай папулярнасьцю, пісалі шмат цёплых слоў для вас...

ДзП: — Так, мы імгненна адчулі стаўленьне да нашага твору ў інтэрнэце. Але мушу сказаць, што найбольшую ўдзячнасьць пачуў нават у самых аддаленых нашых прыходах, калі і сьвятары, і вернікі нават у маленькіх вёсачках, пабачыўшы наш відэаролік, дзякавалі, што мы выканалі гэты гімн на беларускай мове. Гэта было вельмі прыемна.

РС: — Вы сказалі, што мэта была — заслужыць кнігі і прывезьці іх у прыходзкую бібліятэку. У вашай бібліятэцы нестае беларускіх кніг?

ДзП: — Справа ў тым, што ў нас дастаткова кніг, зьвязаных з хрысьціянскай тэматыкай. А што да клясычнай літаратуры, ці то беларускай, ці то расейскай, то іх ня так ужо і шмат. Бібліятэка набывае новыя кнігі, але гэта ня так ужо і часта бывае. І, як правіла, гэта робіцца за сродкі прыхаджан.

РС: — Вы адчуваеце, што ў кнігах ёсьць патрэба?

ДзП: — Так. Мы часта праводзім літаратурныя вечарыны, і я бачу, колькі людзей іх наведвае — іх шмат. Людзі насамрэч цікавяцца, і было б добра, каб яны маглі ў нас знайсьці кнігі беларускіх і іншых аўтараў.

РС: — А вы самі што любіце чытаць?

ДзП: — Апошнім часам мяне вабяць нашы мясцовыя гарадзенскія пісьменьнікі. Чытаў цяпер Элізу Ажэшку, вельмі падабаецца Адам Міцкевіч, з задавальненьнем перачытваю Віктара Саяпіна, нашага гарадзенскага гісторыка і дасьледчыка. А мой любімы беларускі твор — беларуская народная казка «Лёгкі хлеб». Я дагэтуль памятаю, як у школе яе чытала нам настаўніца. Памятаю, як я ўжо тады адчуваў смак гэтага чорнага звычайнага хлеба. І пазьней я зразумеў, што гэта было менавіта ад смаку нашае мовы, і гэты смак перадаваўся як нешта вельмі натуральнае. Я перачытваў гэтую казку шмат разоў і вельмі любіў, калі яе чытала нам настаўніца.

Беларускі партал TUT. BY і выдавецтва «Папуры» атрымалі на конкурс звыш 100 відэаролікаў і вызначылі пяцёрку пераможцаў. Гарадзенскія сьвятары таксама апынуліся ў ліку фіналістаў і 29 ліпеня ў Менску атрымаюць прыз з 30 беларускіх кніг. Апроч дыякана Пакроўскай царквы, у відэароліку зьняліся сьвятары Аляксандар і Віктар Калацкія, а таксама Антон Федасееў.