Толькі два з трох мабільных апэратараў Беларусі прадстаўляюць паслугі LTE-сувязі — злучэньня ў фармаце 4G. МТС запусьціў LTE ў сьнежні 2015 году, life:) — летам 2016-га, velcom пакуль не прапануе LTE і не абвяшчае плянаў падключэньня да сеткі.
Але генэральны дырэктар velcom Гельмут Дуз сказаў 14 траўня, што дагэтуль разьлічвае атрымаць ад дзяржавы ліцэнзію на 4G, і чарговы раз заявіў, што цалкам гатовы разгарнуць 4G-сетку самастойна, хоць па ўсёй Беларусі, піша БелаПАН.
У адрозьненьне ад 2G і 3G, сетку 4G у Беларусі будуюць не мабільныя апэратары, а напаўдзяржаўная кампанія beCloud, якая затым прадае паслугі апэратарам. Самім апэратарам дзяржава не дала частотаў для 4G — можна толькі «перадаваць» абанэнтам паслугі празь сетку beCloud, інвэставаць у разьвіцьцё гэтай сеткі.
«На міжнародным узроўні стандартам ёсьць забесьпячэньне канкурэнцыі пры ўкараненьні новых тэхналёгій, што павялічвае ўзровень якасьці прадстаўленых паслугаў як для звычайных спажыўцоў, так і для бізнэсу, — кажа Дуз. — Мы працягваем свае намаганьні, каб атрымаць уласную ліцэнзію на разгортваньне сеткі сувязі 4G, бо мы хацелі б падаваць свае паслугі 4G па ўсёй краіне, а ня толькі з арыентацыяй на буйныя гарады».
На момант публікацыі 4G-сетка beCloud даступная шмат у якіх частках Менску (але не па ўсім горадзе — яна ня ловіцца нават у Траецкім прадмесьці і «доме Чыжа», кепска ловіцца ў Лошыцы і Дражні, паміж Цнянкай і «Менскім морам», і гэтак далей), часткова ў абласных цэнтрах і шэрагу гарадоў і мястэчак — у тым ліку ў такіх паселішчах, як Буда-Кашалёва, Масты, Столін, Паставы, Расоны, Чашнікі, Шуміліна...
velcom заяўляе, што з уласнай сеткай, а ня сеткай beCloud, можа забясьпечыць нават большае пакрыцьцё «хоць сёньня», калі толькі дзяржава дазволіць гэта зрабіць. beCloud у адказ заяўляе, што гэта немагчыма тэхнічна і юрыдычна (але да перамоваў пра супрацу з «Вэлкомам» гатовы), а Міністэрства сувязі сьцьвярджае, што рашэньне не даваць ліцэнзіі асобным апэратарам абумоўленае тым, што будаваць свае ўласныя сеткі будзе для апэратараў задорага.