24 студэнты Тэатральнай лябараторыі Fortinbras пры Беларускім Свабодным тэатры правялі дзьве грамадзкія акцыі-пэрформансы з удзелам інвалідаў-вазочнікаў.
Мэта акцыяў — задаць пытаньне: «Чаму мы ня бачым людзей з абмежаванымі магчымасьцямі вакол нас?»
З паўтара дзясяткі інвалідаў, пераадольваючы прыступкі і няроўныя ходнікі, праехалі на сваіх вазках ад станцыі мэтро «Няміга» да стэлы «Менск горад-герой». Сама акцыя выглядала так: на скрыжаваньні каля стэлы вазочнікі пачалі пераходзіць праспэкт Пераможцаў, але з-за непрыстасаваных бардзюраў не пасьпелі гэта зрабіць за адведзеныя сьвятлафорам 25 сэкундаў. Спыніўшыся (ужо калі гарэла чырвонае сьвятло для пешаходаў), удзельнікі акцыі разгарнулі вялізны плякат-расьцяжку з надпісам «Калі я перашкаджаю, то пазваніце па гэтым тэлефоне 223-70-95». Як патлумачылі арганізатары пэрформансу, гэта тэлефон старшыні Камітэту працы, занятасьці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму.
Працяг акцыі адбыўся ў гандлёвым цэнтры «Карона-замак». Крама «5th avenue» падтрымала інвалідаў вазочнікаў, пасадзіўшы свае манэкены ў інвалідныя крэслы. Пэрформанс зладзіў адзін з удзельнікаў акцыі, які на пэўны час заняў месца аднаго з манэкенаў у вітрыне крамы.
«На вуліцах нашага гораду рэдка сустрэнеш чалавека ў інвалідным вазку. Замежнікі, якія наведваюць сталіцу, нярэдка кажуць пра машыну часу — сапраўды, часам здаецца, што мы знаходзімся ў пасьляваенным Савецкім Саюзе, калі людзей, якія сталі інвалідамі ў выніку Другой усясьветнай вайны, вывозілі за межы сталіцы, ствараючы стэрыльнае прастору з „правільнымі“ людзьмі», — кажа арганізатарка пэрформансу Натальля Каляда.
Адна з удзельніц пэрформансу Аляксандра Гараднікова кажа, што для інвалідаў-вазочнікаў вельмі актуальнай ёсьць праблема даступнасьці гораду:
«Мы хочам паказаць менчукам, што ў нас ёсьць бар’еры кожны дзень, і пераадольваць іх без дапамогі іншых вельмі праблематычна. Даводзіцца альбо прасіць дапамогі, альбо змагацца з тым жа бардзюрам і заяжджаць на яго з чацьвёртага ці пятага разу. Вельмі б хацелася, каб і ўлады зьвярнулі на нас увагу. Праблема настолькі сур’ёзная, што вялікая колькасьць інвалідаў проста застаюцца ў сваіх кватэрах, пазьбягаюць выходзіць на вуліцу, не сацыялізуюцца. Гэта незаўважна для звычайных людзей, але для нас гэта надзвычай важна — адсутнасьць пандусаў, пераходаў, нязручныя бардзюры, пад’ёмнікі і ліфты, якія не працуюць».
Прычына, чаму Менск непрыстасаваны для інвалідаў, — недахоп сродкаў і непрыярытэтнасьць пры іх разьмеркаваньні тэмы людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Так лічыць 25-гадовы інвалід-вазочнік Віктар Аўтушэнка:
«Я думаю, што галоўнае тут — недахоп грошай. Вядома, я б хацеў, каб у нас было, як у Эўропе, дзе інваліды могуць рабіць усё тое самае, што і звычайныя людзі, усюды хадзіць і карыстацца ўсімі магчымымі паслугамі. Але, на жаль, у нас гэта пакуль толькі мары».
Віктар займаўся вялікімі тэнісам, але цяпер трэніроўкі спыніліся праз адмову дзяржавы фінансаваць спартовую залю, прыстасаваную для інвалідаў:
«Не аплачваюць залю — і трэніровак больш ня будзе. Трэба шукаць нейкі іншы спорт, якім бы я мог займацца. Але вельмі цяжка гэта зрабіць. Кудысьці цяжка дабірацца, іншыя сэкцыі зачыняюцца, бо дзяржава не дае грошы на іх утрыманьне».
Чаму важна нагадаць пра праблемы інвалідаў менавіта на Каляды, тлумачыць каардынатарка акцыі Марыя Бяльковіч:
«Сёньня Каляды. І апошняе, пра што хочуць думаць людзі, гэта праблемы інвалідаў. Але праблема ў тым, што яны таксама хочуць цудаў. Насамрэч людзі ня хочуць думаць пра праблемы інвалідаў ня толькі ў сьвяты, але і ў любы іншы дзень. Я лічу, што Каляды — добрая нагода нагадаць пра тое, што мы ўсе павінны быць разам, таму што сьвяты — яны для ўсіх, таму і доступ да таго, каб нармальна адсьвяткаваць, павінны мець усе. Прагуляцца па горадзе, паглядзець на калядныя ліхтарыкі, наведаць кавярню, схадзіць на кірмаш — справа ў тым, што ў людзей з абмежаванымі магчымасьцямі — няма такой магчымасьці! І не таму, што ёсьць пытаньні са здароўем, а таму, што горад не прыстасаваны. Гэтымі акцыямі мы хочам паказаць гораду, што ён для ўсіх, і што сьвяты таксама для ўсіх».
Марыя падкрэсьліла, што пэрформансы зьяўляюцца не палітычнымі акцыямі, а скіраваныя выключна на сацыяльныя праблемы:
«Тут няма ніякай палітыкі. Мы гаворым мовай сучаснага мастацтва. У нас няма ні палітычных лёзунгаў, ні палітычнай заангажаванасьці. Мы аб’ядноўваем у адно сацыяльную праблему і сучаснае мастацтва. Нам здаецца, што тое мастацтва, якое ёсьць цяпер, не павінна замоўчваць актуальныя тэмы і казаць пра нешта абстрактнае».