У Маскве выйшаў у сьвет «Навамірскі дзёньнік» Аляксандра Твардоўскага. У ім — гісторыя змаганьня за быкаўскія аповесьці, успаміны пра дзеда, магілёўскага беларуса. Госьцяй перадачы — дачка паэта Валянціна Твардоўская.
— Валянціна Аляксандраўна, у падрыхтаваным вамі да друку «Навамірскім дзёньніку» заўважна прысутнічаюць і беларускія тэмы. Але першае пытаньне пра іншае — чаму ён так доўга ішоў да чытача?
— Чытаюць цяпер мала, і нікому, на мой погляд, сёньня не па сілах даць па-сапраўднаму абʼёмны аналіз гэтай працы за дзесяць гадоў. І якіх гадоў! Знакавага дзесяцігодзьдзя, што ўвайшло ў гісторыю як шасьцідзесятыя. Калі пачалася перабудова, старонкі часопісаў былі запоўненыя выкрывальніцкімі тэкстамі. Хацелася перачакаць, каб гэтая пена трошкі ўляглася. Вы, магчыма, памятаеце, як спраўляліся памінкі па ўсёй савецкай літаратуры. Чалавек, які іх справіў, патанчыўшы на касцях сваіх папярэднікаў, сам нічога літаратуры ня даў. Але такі быў тады настрой. І нам не хацелася гэтую кнігу, для нас вельмі дарагую, публікаваць у той час. Ды і мама была яшчэ жывая, і яе воля ўлічвалася. Пасьля яе таксама доўга не рашаліся. Але нас падштурхоўвалі былыя паплечнікі Аляксандра Трыфанавіча, найперш Юры Рыгоравіч Бурцін, ён нас дужа агітаваў выдаваць дзёньнік, нягледзячы на абставіны. І ён выйшаў — у двух тамах. І я бачу, хоць чытаюць цяпер мала, а разумеюць яшчэ менш, што гэтыя тэксты будуць жыць, яны ня зьнікнуць, таксама як і паэзія Твардоўскага.
— Беларускія тэмы «Навамірскага дзёньніка» — гэта і адносіны яго аўтара з Аркадзем Куляшовым, і з тым жа загадчыкам аддзелу культуры ЦК КПСС Васілём Шаурам (як тут не згадаць эпіграму Твардоўскага: «Ликуй, литература — руководит Шаура!»). Ну і, вядома ж, адносіны з Васілём Быкавым, за якога Твардоўскі, можна сказаць, кідаўся на амбразуру. Чаму ваш бацька так рашуча заступаўся за Быкава?
— Вядома ж, кідацца на амбразуру тады можна было па-рознаму, паколькі рознай была ступень забароны. У Твардоўскага была такая прыказка, якую ён заўжды паўтараў, калі чытаў нейкі востры рукапіс. Маўляў, някепска было б яго выдаць, але — якім коштам гэта абыдзецца і часопісу, і галоўнаму рэдактару. І бацька тады гаварыў: «Не, не ўзыду на вогнішча!» А дзеля Быкава ён узыходзіў (і ня раз) на тое вогнішча. Твардоўскі ўвогуле лічыў сябе ледзь не беларусам! І, вядома ж, вельмі любіў Беларусь. Дарэчы, першы пераклад Твардоўскага быў зь беларускай мовы, і Твардоўскага ўпершыню пераклалі менавіта на беларускую мову. Калі ж казаць пра сяброў, то самае вялікае сяброўства ў яго было з Аркадзем Куляшовым, які прысьвяціў Твардоўскаму сваю паэму «Варшаўскі шлях». Ён вельмі доўга заставаўся верным яго памяці. З Быкавым была другая сытуацыя...
— Быкаў у «Доўгай дарозе дадому» ўспамінаў, як праводзіў Аляксандра Трыфанавіча ў апошні шлях, як давялося друкаваць «Сотнікава» ў разгромленым часопісе — ужо без Твардоўскага. Чаму вашага бацьку так гэта пакрыўдзіла? Той учынак Быкава можна зразумець.
— Вядома ж, можна зразумець, «Сотнікаў» — гэта ж яго твор, які каштаваў яму шмат крыві, кавалак яго жыцьця. Але тут ёсьць адно «але»... Быкаў быў адным зь нямногіх аўтараў «Нового мира», які ў сваіх творах вельмі востра ставіў актуальную для таго часу праблему маральнага выбару. І вырашаў яе вельмі правільна, падказваючы дзейнічаць найперш так, як падказвае сумленьне, а потым ужо — мэтазгоднасьць і практычная выгада. Праўда, так паступіў не адзін Быкаў, у новым часопісе засталася цэлая плеяда навамірскіх аўтараў, якіх Твардоўскі вывеў на вялікі шлях літаратуры, дапамог атрымаць імя. Гэта былі горкія хвіліны, што і казаць. Ён нікога не асуджаў напрасткі. Зрыў здарыўся хіба ў выпадку з Быкавам, бо той стаў апраўдвацца і занадта прамалінейна тлумачыць свой учынак. Ну, бацька і сказаў некалькі рэзкіх словаў.
— «Новый мир» Твардоўскага называлі літаратурнай Берасьцейскай крэпасьцю. І той жа Быкаў пісаў у адным зь лістоў да вашага бацькі: «Вашыя вытрымка і прынцыповасьць беспрэцэдэнтныя». Крэпасьць у Берасьці пратрымалася два месяцы, а як Твардоўскаму ўдалося ўтрымаць часопіс дванаццаць гадоў?
— Я ўсё ж не люблю такія параўнаньні. Крэпасьцю «Новый мир» ня быў, хоць абстрэльваўся і граміўся пастаянна. Людзі проста прывыкалі. Твардоўскі — гэта рэдкае спалучэньне непахіснасьці і цярпеньня. Ёсьць непахісныя, гатовыя ўсё паламаць на сваім шляху, як Салжаніцын. А ёсьць цярплівыя, якія моўчкі робяць сваю справу, ідуць да канца ў адстойваньні свайго права і справядлівасьці. Бацька ішоў гэтым шляхам, вытрымліваючы ўсе напады.
— Вядомая тэлеграма Твардоўскага Быкаву, калі таго пляжылі ў Беларусі — у газэтах і на розных сходах. Ці ведаеце вы, што тая тэлеграма заканчваецца беларускай прыказкай — усё мінецца, а праўда застанецца?
— Я ня ведала, што гэта менавіта беларуская прыказка. Бацька яе часта паўтараў у размовах са сваімі аўтарамі, у сямʼі, праўда, з націскам у слове «мінецца» на першым складзе. І ў лісьце да Салжаніцына ён, па мойму, яе працытаваў. Твардоўскі вельмі любіў і цаніў беларускую літаратуру. Ён жа сам і перакладаў, і не па падрадкоўніку, а з арыгіналу. А колькі ён друкаваў беларусаў!
— Мяне зьдзівіла, што Твардоўскі пераклаў і даў у сваім часопісе вершы заходнебеларускага паэта Міколы Засіма, якога, відаць, і ў Беларусі мала хто ведаў.
— Так, гэта было для саміх беларусаў адкрыцьцём. Увогуле, калі паглядзець па паказальніку «Нового мира», беларуская літаратура на яго старонках была прадстаўленая кожны год — і вершамі, і аповесьцямі. Бацька сачыў за яе навінкамі, беларусы дасылалі яму свае кнігі. Скажам, Алесь Адамовіч.
— Дзед Твардоўскага паходзіў з Магілёўшчыны, жылі яны на Смаленшчыне... А ці праяўлялася неяк беларускасьць Твардоўскага ў сямейным коле?
— Вядома ж! Я чула, і мне гэта вельмі добра запомнілася, як бацька гаварыў маме: «Маша, мы ж з табой беларусы». Зь Беларусьсю ён адчуваў крэўную сувязь, роднасьць. Не памятаю дакладна, але ў 50-я гады, здаецца, частку Смаленскай вобласьці намерваліся далучыць да Беларусі. Я тады яшчэ студэнткай была. І вось, памятаю, бацька чытае газэту і гукае маме весела так: «Ну што, хутка мы ў роднай Беларусі апынемся!»
— Неяк у інтэрнэце мне на вочы трапілася фота з подпісам: тры этнічныя беларусы. На ім — Твардоўскі, Гагарын і Шастаковіч.
— Мне гэты здымак вельмі падабаецца. У бацькі з кожным былі асаблівыя сувязі. Шастаковіч зьбіраўся пісаць опэру «Цёркін на тым сьвеце». А Гагарын — зямляк сапраўдны. Гэтыя імёны мне вельмі дарагія. І Беларусь тут насамрэч да месца.
— Прафэсар Гарадзенскага ўнівэрсытэту Іван Лепешаў неяк падлічыў беларусізмы ў творах Твардоўскага. Слова бацька сустракаецца ў яго 17 разоў, хлопец — 20, па вершах і паэмах рассыпаныя бурачкі, безбацькоўшчыны, высьпяткі, думкі, краіны, трошкі і г.д. Цэлы слоўнічак можна скласьці.
— Для бацькі гэта ўсё вельмі арганічна гучала. Ён ужываў гэтыя словы і ў паэзіі, і ў жыцьці, я неаднойчы чула. Мог ён і песьню прасьпяваць па-беларуску. Ён мову ведаў, ужываў у гаворцы беларускія прыказкі, вершы цытаваў.
— У беларускім фальклёры існуе сюжэт пра пана Твардоўскага, які, дарэчы, выкарыстаў Адам Міцкевіч у адной са сваіх балядаў. Здаецца, ваш бацька так плянаваў назваць сваю біяграфічную кнігу.
— Так, задумка такая была. Пан Твардоўскі — мянушка яго бацькі. Сам сябе ён, зразумела, панам не адчуваў. У глыбіні душы ён быў арыстакратам і дэмакратам адначасова. Вядома ж, ён ведаў сабе цану. Ведаў цану свайму таленту.
— Чытаючы «Навамірскі дзёньнік», я перажыў і некалькі малапрыемных момантаў. Там, дзе Твардоўскі раіць сябру Аркадзю Куляшову пісаць адразу па-расейску...
— Я не ўспрымаю гэтую рэпліку як зьневажальную ў адносінах да Куляшова. Бацька вельмі высока цаніў Куляшова як паэта. У часопісе ён яго пастаянна друкаваў, і гэта пры тым, што быў надзвычай строгі пры адборы тэкстаў. Друкаваў — і гэта галоўнае, гэта як найвышэйшая пахвала. І франтавая паэма Куляшова «Сьцяг брыгады» ў «Новом мире» была апублікаваная.
— Але пераклаў яе не Твардоўскі.
— Міхаіл Ісакоўскі, але ж па інцыятыве Твардоўскага, які адкрыў гэтую паэму. Я яшчэ дзяўчынкай была, памятаю, тата прыехаў на пабыўку на тры дні ў Чыстапаль, дзе мы былі ў эвакуацыі, і чытаў маме «Сьцяг брыгады» па-беларуску. Ён тут жа ўзяў у абарот Ісакоўскага, гэта па лістах відаць: «Міша, перакладай!» І калі Міша перакладаў, то карыстаўся ўвесь час падтрымкай і кансультацыямі Твардоўскага. Я б назвала яго суаўтарам перакладу. Чамусьці Міхаіл Васільевіч без захапленьня перакладаў, але бацька настойваў.
— Я прайшоўся па маскоўскіх кнігарнях, дзе ў продажы толькі «Васіль Цёркін». Ці запатрабаваны сёньня Твардоўскі расейскім чытачом?
— «Цёркін» проста перавыдаецца бясконца, толькі для школьных бібліятэк штогод — пакуль што паэму вывучаюць у школе. А ўвогуле, павінна вам сказаць, Твардоўскі — адзін з самых выдаваных сёньня савецкіх паэтаў. Выбраная лірыка імгненна разыходзіцца. Дзёньнікі (ня толькі «навамірскі») прадаюцца больш марудна, але ж наклады іхнія (3 000) у наш час лічацца немалымі. Да таго ж, гэта нятанныя кнігі. Так што грэх наракаць. Усё ж выдаюць і, галоўнае, чытаюць. Твардоўскі настолькі арганічна ўвайшоў у нашае жыцьцё, што яго радкі часта цытуюць, не прыгадваючы аўтара. А зазірніце ў інтэрнэт — колькі там песень на яго вершы гучыць! І я не разумею, як 9 траўня, у Дзень Перамогі, можна яго не ўзгадаць на тэлебачаньні. А ня ўзгадваюць. Таму што шоў-бізнэс, рынкавыя адносіны ўварваліся ў нашую культуру з такім напорам, што бывае цяжка адрозьніць, дзе сапраўднае, дзе падробка. Вядома ж, хочацца сапраўднага, але паўсюль нам падсоўваюць фальшывае, гаворачы, што на яго ёсьць попыт. А вы дайце сапраўднае, будзе попыт і на яго. На таго ж «Цёркіна» ёсьць.
Твардоўскі настолькі арганічна ўвайшоў у нашае жыцьцё, што яго радкі часта цытуюць, не прыгадваючы аўтара
— Яго нават звышпатрабавальны Іван Бунін цаніў, які цярпець ня мог савецкай літаратуры.
— І ён, трэба сказаць, меў густ. І сапраўды вельмі мала што цаніў пры сваіх антысавецкіх поглядах. Што ж, відаць, нейкая інтуіцыя ўтрымала Твардоўскага ад усхваленьняў партыі і Сталіна, да якога ён тады ставіўся з павагай.
— Вы прамовілі словы, у якія я не магу паверыць. Аляксандар Твардоўскі з павагай адносіўся да Сталіна?
— У бацькі ёсьць выдатны верш «Дробится рваный цоколь монумента» — пра тое, як на яго вачах зьнішчалі помнік Сталіну ў Барвісе, ва ўрадавым санаторыі. Так, ён быў супраць зьнішчэньня помнікаў. Таксама як і супраць выкіданьня з гісторыі таго, што было — нейкіх эпізодаў ці асобаў, Сталіна ці Івана Жахлівага. Я вам ужо як гісторык скажу — трэба яшчэ дасьледаваць, забіваў апошні свайго сына ці не. Магчыма, і не забіваў. Але тое, што ён быў жорсткі і крывавы, з апрычнінай — гэта было. І гэта немагчыма выдаліць. І помнік можа сьведчыць ня толькі пра дабро, але і нагадваць пра злое — людзі, не дапускайце больш гэтага! Не забывайце пра ганебныя старонкі сваёй гісторыі! Сам па сабе помнік не бывае ні дабром, ні злом. Так прыкладна заканчваецца той верш Твардоўскага, які цяпер, на жаль, ня ведаюць.
— Прэзыдэнты Беларусі і Расеі то абдымаюцца, то пікіруюцца, мы то ў цесным саюзе, то памежныя зоны ўсталёўваем. А як вам бачыцца будучыня Беларусі — радзімы вашага прадзеда?
— Беларусь для мяне — блізкая, родная краіна, усё там мне блізкае — мова, звычаі, традыцыі. І неабавязкова ёй некуды уваходзіць, улівацца, падпісваць нейкія дакумэнты. Вы будзеце жыць, як хочаце, незалежна, я проста веру, што беларускі народ супраць расейскага народу ніколі ня пойдзе. Для нас важна па-сапраўднаму адчуваць роднасьць і блізкасьць. Беларусы — роднасьць асаблівая. Гэта як у сямʼі — асаблівыя пачуцьці да пэўных сваякоў, дадзеных Богам.