9 лютага спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэньня аднаго з самых цікавых беларускіх літаратараў-шасьцідзясятнікаў Валянціна Тараса.
Тарас пачынаў з расейскамоўных вершаў, у якіх славіў камуністаў, пазьней перайшоў на беларускую мову і занепакоіўся татальнай русіфікацыяй Беларусі.
У траўні 1968 году яго звольнілі з працы «за антысавецкія выказваньні», цягам 8 гадоў ён ня мог друкаваць свае творы ў БССР.
Перакладаў беларускія творы на расейскую мову, сябраваў з Уладзімерам Мулявіным, які стварыў на ягоныя ваенныя вершы музычную праграму «Праз усю вайну».
У адрозьненьне ад многіх сваіх калег, Тарас цьвяроза глядзеў на сваю ранейшую савецкую творчасьць. У вершы «Прывычка» так пісаў пра няздольнасьць свайго пакаленьня быць да канца шчырым:
Як даць няпраўдзе рады?
Хацеў бы, ды дармо:
Адвыклае ад праўды
Пяро ілжэ само...
(Валянцін Тарас. «Колеры». Менск, 1995)
1. У дзяцінстве меў адначасова сталінскае і каталіцкае выхаваньне
«У дзіцячым садку, а потым і ў школе, нам расказвалі, што... мы жывём шчасьлівыя, бо ў нас ёсьць Сталін і ён клапоціцца пра нас кожны дзень. Я верыў у гэта. Бацька таксама быў савецкім чалавекам. Але ў мяне была бабуля, якая мяне выхоўвала, — маці рана памерла. Бабуля Гэля была каталічкай, чытала мне Сьвятое Пісаньне і казала, што „Касьцёл — гэта ўсё“, таму я пераймаў таксама і бабуліна мысьленьне. І гэта неяк перамешвалася». (Tut.by)
2. Ледзь не забіў таварыша, які быў супраць калгасаў
«Аднойчы я быў у партызанскім дазоры разам зь беларускім хлопцам Мішам Гасьперам. І мы паспрачаліся. Ён пачаў лаяць калгасы, сьмяяцца, маўляў „у калгасе добра жыць: адзін робіць — дзесяць сьпіць“. Я настолькі быў абураны, што разьюшыўся, сарваў з пляча карабін, увагнаў патрон і ў апошнюю сэкунду мой камандзір аддзяленьня пасьпеў стукнуць па рулі нагой. Я б уляпіў яму гэтую кулю ў лоб, а так толькі прастрэліў плячо...» (З інтэрвію Аляксандру Ступнікаву).
«Праз дваццаць гадоў пасьля вайны я знайшоў Мішу і папрасіў у яго прабачэньня. Выпілі самагонкі» (Tut.by)
3. Браў удзел у расстрэле прадстаўніка Беларускай народнай самапомачы
Паводле ўспамінаў паэта Леаніда Дранько-Майсюка, пра гэта ў пачатку 1980-х Валянцін Тарас расказваў яму і Міхасю Стральцову, калі яны выходзілі з рэдакцыі часопіса «Нёман». Па словах Тараса, гэта быў яшчэ зусім малады хлопец, сябра арганізацыі Беларуская народная самапомач. Празь нейкі час пасьля гэтага аповеду Тарас прынёс у «Нёман» творы, прысьвечаныя вайне, і ў адным зь іх апісаў, як уласнаручна забіў чалавека (у вершы гэта нямецкі салдат):
...И я отпрянул назад:
на пенечке сидит немецкий солдат,
зажав меж колен винтовку.
Одна нога — без сапога,
вся в струпьях, вся в крови нога.
Шрам багровеет на щеке...
И держит немец бинт в руке.
Я решился и крикнул:
— Хенде хох!
Палец уперся в кручок курка...
Змейка бинта заскользила в мох,
Немец вскочил с пенька.
Он не сразу понял, что я — партизан, —
Тщедушный мальчишка, бледная немочь!..
Но вдруг за винтовку схватился немец!
За винтовку схватился, болван!
Мой выстрел немца опередил.
Мох обагрился чёрно и густо...*
(Валянцін Тарас. «Репортаж». «Неман», 1984, № 7)
* Паводле нашчадка пісьменніка Антона Тараса, звесткі пра забойства яго дзядулем прадстаўніка Беларускай народнай самапомачы не адпавядаюць рэчаіснасці.
4. Ледзь не загінуў за распаўсюд падпольнай літаратуры ў гета
Падчас 2-й усясьветнай вайны чытаў падпольную камуністычную газэту, якая выходзіла па-беларуску.
«Яе разносіла адна маладая дзяўчына. Дзялілася са мной адрасамі людзей, якія былі „надзейнымі“ і можна было бяз боязі даць ім пачытаць. У мяне быў адзін асобнік, і я нікому ня мог сказаць, адкуль. Аднойчы я пайшоў у гета, дзе жыў знаёмы хлопец, сябар дзяцінства. Я даў яму пачытаць, а ён схапіў газэту і пабег зь ёй да дарослых. Нейкая габрэйская жанчына ўсчала гістэрыку, схапіла мяне за вуха і хацела выдаць немцам. Яна вельмі спалохалася, бо немцы за падпольную літаратуру строга каралі. На шчасьце, яе спынілі старэйшыя габрэі. Сутычка была вельмі сурʼёзная. Урэшце адзін зь іх узяў мяне за руку і празь дзірку ў плоце вывеў з гета». (Tut.by)
5. Мог пусьціць пад адхон цягнік з Ларысай Геніюш
«...Калі Ларыса Геніюш у канцы чэрвеня 1944 году пакідала з адным з апошніх нямецкіх эшалёнаў Менск, я, будучы перакладчык ейнай „Споведзі“, удзельнічаў у партызанскай „рэйкавай вайне“ якраз на тым участку беларускай чыгункі, па якім прагрукатаў той эшалён. І ён мог наскочыць на партызанскую міну! Тады, вядома, я толькі ўзрадаваўся б, але сёньня, калі ўяўляю, бачу перад сабою цягнік, які ляціць пад адхон, мне становіцца горка, балюча, страшна. Нібы тое толькі што здарылася. Але цяпер я ведаю, хто гіне ў тым эшалёне, — шчырая, пакутуючая за свой народ душа паэткі, „Споведзі“ якой магло б ня быць...» («Дзеяслоў»)
6. Хваляваўся за бацькоў, якіх малыя дзеці «зьвязваюць па руках»
«Дзіцячых садоў і ясьляў пакуль што не хапае, і ў многіх семʼях дзеці, як гаворыцца, зьвязваюць бацькоў па руках. Ёсьць жа семʼі, у якіх схадзіць бацькам у тэатар або ў кіно — праблема. Але і гэтую праблему можа вырашыць калектыў жыхароў. У кожным доме ёсьць пэнсіянэркі, якія могуць дапамагчы ў такіх выпадках. У Маскве ў многіх дамах ужо зьявілася такая грамадзкая пасада — „калектыўная бабуля“. „Бабулі“ па чарзе даглядаюць чужых дзяцей у той час, калі бацькі ходзяць у тэатар, у кіно, у госьці або па неабходных справах... такую пасаду можна ўвесьці ў кожным доме, калі жыцьцё яго прасякнута духам калектывізму, таварыскасьці, узаемнай дапамогі» (В. Тарас. «Пад адным дахам». «Звязда» № 112. Субота, 13 мая 1961 г.)
7. Лічыў, што на месца вынішчаных рэпрэсіямі пісьменьнікаў прыйшлі хамы
«Гэта... цэлая тэма — нявыхаванасьць, хамаватасьць многіх беларускіх літаратараў той генэрацыі, якая зрабілася пануючай пасьля сталінскіх рэпрэсій 30-х гадоў..., калі амаль цалкам вынішчылі старую беларускую творчую інтэлігенцыю, што вяла свой радавод ад Багушэвіча, Багдановіча..., а таксама маладую творчую інтэлігенцыю, народжаную першым пасьлярэвалюцыйным дзесяцігодзьдзем... На месца вынішчаных прыйшлі людзі безь ніякіх культурных каранёў, бязь ценю высакароднай шляхетнасьці» ..." (Валянцін Тарас. «На высьпе ўспамінаў». Менск, 2004).
8. Аўтар аднаго з самых скандальных вершаў пра беларускую мову
«У 1982 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла мая кніга вершаў «Две тетради»... Адкрывалася яна праграмным для мяне творам «Дзьве мовы»:
Дзве мовы у мяне.
Абедзве — чараўніцы.
Как в двух родных сестер,
в обеих я влюблен.
Дзве мовы у мяне —
как два крыла у птицы,
дзве мовы у мяне —
как свет из двух окон.
Дзве мовы у мяне —
дзве родныя дубровы.
Источники мои —
крыніца и родник.
Родная речь звучит,
як рэха роднай мовы,
і рэхам мовы роднай
звучит родной язык.
Дзве мовы у мяне —
жыцця майго асновы.
Мне іх не разʼяднаць,
як рэчыва крыві.
Они слились во мне
ў паток адзінай мовы —
адзінай мовы
братства и любви!
Супраць верша выказаліся Павел Місько, Сяргей Сокалаў-Воюш, на Радыё Свабода перадачу яму прысьвяціў Янка Запруднік... На пачатку 2000-х моладзевы калектыў «Жаба ў каляіне» зрабіў на верш песьню і ў іранічна-зьдзеклівым тоне выконваў на канцэртах (на адзін зь іх нават запрасіў Валянціна Тараса).
Пазьней паэт так выказваўся пра гэты твор: «...Калі б верш „Дзьве мовы“ быў напісаны... у нашы дні, я ня стаў бы яго друкаваць. Таму што даўно зразумеў: ён шкодны ва ўмовах татальнай русіфікацыі, калі расейская мова літаральна душыць беларускую мову...»
9. Вэтэраны лаялі яго «бэнээфаўскім правакатарам»
«...На 50-я ўгодкі вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Беларускае тэлебачаньне пачало паказ чатырохсэрыйнага дакумэнтальнага фільма «Пасьля Перамогі»... Аўтарам сцэнарыя і ягоным вядучым быў я. Я распавядаў толькі пра сваю вайну, пра тое, што бачыў на свае вочы, што перажыў... Ішла гаворка пра тое, што я зразумеў праз шмат гадоў пасьля вайны, чаго ня мог зразумець падлетак, якім я быў у партызанскім лесе. І з прычыны ўзросту, і з прычыны ідэалягічнай зашоранасьці... мяне зьдзівіла разьюшаная рэакцыя на фільм з боку вэтэранаў вайны.
Вэтэранская арганізацыя Заводзкага раёну Менску зьвярнулася да генэральнага пракурора Беларусі з патрабаваньнем узбудзіць крымінальную справу «За паклёп на Вялікую Айчынную вайну, на вэтэранаў», аўтар быў названы «бээнэфаўскім правакатарам», «здраднікам», «двурушнікам», «ідэалягічным дывэрсантам»... («Дзеяслоў»)
10. У канцы жыцьця захапляўся дзейнасьцю Паўла Севярынца
«Якая ў нас моладзь!.. Колькі годнасьці ў Паўлу Севярынцу! Можна не пагаджацца з тым, што ён узяў клерыкальны ўхіл. Па-мойму, гэта кепска і нават небясьпечна для будучыні. Але яго адвага, яго апантанасьць, яго ідэйнасьць ня можа не выклікаць захапленьня. Яго, канечне, хочуць выціснуць з краіны, бо бачаць у ім выразнага лідэра» («Наша ніва»).
Аўтар дзякуе Дзьмітрыю Давідоўскаму, Тацьцяне Сапезе і Леаніду Дранько-Майсюку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валянцін Тарас, пісьменьнік, які ўсё жыцьцё быў партызанам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 фактаў пра Ларысу Геніюш — легендарную паэтку, якая адмовілася ад савецкага пашпарта