Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не баяўся кпіць з Машэрава. 10 фактаў пра кампазытара Яўгена Глебава


Яўген Глебаў, 1983 год
Яўген Глебаў, 1983 год

10 верасьня споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэньня беларускага кампазытара Яўгена Глебава (1929–2000). Народны артыст Беларусі і ляўрэат Дзяржпрэміі Беларусі, менавіта ён быў першы, хто напісаў балет паводле Васіля Быкава («Альпійская баляда») і стварыў першы беларускі балет на сучасную тэматыку («Мара»). Быў зачараваны паэзіяй Янкі Купалы, сябраваў з Васілём Быкавым. Калі хадзіў да высокага партыйнага начальства, дык толькі дзеля таго, каб прасіць за сваіх калегаў.

1. У юнацтве захапляўся джазам, але быў вымушаны адмовіцца ад стварэньня джазавых твораў

«Па-першае, вучыцца джазу тады [1950-я гг.] не было ў каго, усё ішло на самадзейных асновах... Партытур, нот не было ўвогуле. Ну і... калі б ідэальна дапусьціць, што з джазам я б урэшце разабраўся, хто б яго граў? Граць не было каму. Але я шмат чаго ўзяў ад джазу і сымфаджазу. Асабліва з пункту гледжаньня інструмэнтоўкі».

2. Яго адгаворвалі супрацоўнічаць з Васілём Быкавым

«...Мне адкрытым тэкстам казалі: ну навошта пісаць паводле Быкава, можна абысьціся і бяз Быкава. Яго абзывалі. То ён дысыдэнт, то ён яшчэ хтосьці. Шмат ліхога казалі /.../ Здавалі спэктакль [„Альпійскую баляду“] больш за год... Прозьвішча Быкава мела вырашальнае значэньне. Калі б гэта быў Іваноў-Пятроў-Сідараў, напэўна, такіх бы перашкод не было...»

3. Не любіў эстраду і засмучаўся, калі яго вучні пісалі «песенькі-шмесенькі»

Вядомыя такія выказваньні Глебава: «Эстрадны шум... як галаўны боль: добры толькі тады, калі мінае»; «З усіх ВІА аддаю перавагу ВІА-лянчэлі»; «Мяне... засмучае тое, што калі асобныя зь іх [вучняў] вучацца, тады пішуць буйныя творы... а калі заканчваюць вучобу, пачынаюць пісаць... усялякія там песенькі-шмесенькі, фільмікі, прытанцоўкі... прафэсія не выкарыстоўваецца па прызначэньні, а значыць, яна забываецца».

4. Лічыў кампазытара Анатоля Багатырова слабым выкладчыкам

«Я вельмі пяшчотна стаўлюся да Анатоля Васілевіча Багатырова. Але ён ня можа даць больш, чым можа. А можа ён, на жаль, мала... Вось чаму... вучыць трэба больш сур’ёзна... вельмі сыстэматычна. Не прапускаць ніякіх дэталяў».

Мастак Міхаіл Савіцкі, пісьменьнік Васіль Быкаў і Яўген Глебаў, 1985 год
Мастак Міхаіл Савіцкі, пісьменьнік Васіль Быкаў і Яўген Глебаў, 1985 год

5. На сустрэчах з Машэравым кпіў зь яго

«Аднойчы я быў на прыёме ў Машэрава і загаварыў аб званьні для Барыса Райскага [вядомага беларускага дырыжора, былога сталінскага вязьня]. Пётар Міронавіч нечакана заўважыў: „Усё добра, але ўжо вельмі ён прасоўвае сваю дачку, сьпявачку...“ Я зьдзівіўся. Кажу — так, у Райскага ёсьць дачка, але яна ніякая не сьпявачка, яна інжынэр... І запытаў: „Можа, гаворка ідзе пра сьпявачку Раеўскую? Але яна ніякая яму не дачка і нават не аднафаміліца“. І тут, вядома, не адмовіў сабе ў прыемнасьці заўважыць: „А што, Пётар Міронавіч, у вас уся інфармацыя на такім жа ўзроўні праўдзівасьці?“ Да гонару Машэрава трэба сказаць, што ён не раззлаваўся, а пасьмяяўся разам са мной. Неўзабаве Барыс Іпалітавіч атрымаў званьне заслужанага артыста БССР».

6. Калі ствараў балеты, то лічыў, што ня так істотна, чыё прозьвішча стаіць на афішы першым

«...чыё прозьвішча павінна стаяць перад назвай балета — кампазытара ці харэографа, каго называць аўтарам? ...мне ўсё роўна, хто будзе названы аўтарам усяго балетнага спэктакля, толькі б адбыўся калектыў аўтараў-аднадумцаў, а ў выніку атрымаўся б спэктакль».

7. Называў Беларускі саюз кампазытараў мёртванароджаным дзіцем

«...гэта штучная, па палітычных матывах створаная арганізацыя... членства ў саюзе нічога не дае. На справе саюз — збор плётак, непатрэбных размоваў, саюз повен бясконцай зайздрасьці, паклёпу... Гэта і тады не было патрэбна, а сёньня саюз выглядае як мёртванароджанае дзіця».

8. Самым шчасьлівым часам называў дырыжорства ў ТЮГу

«Маё музычнае жыцьцё пачалося самым лепшым кантактам з гледачамі, які толькі можна сабе ўявіць. Я некалькі гадоў дырыжаваў аркестрам ТЮГу і бачыў жывую рэакцыю дзяцей... Прычым, паколькі ні рэжысэр, ні мастак на сцэне не прысутнічалі, а гледачам быў бачны толькі я, які махаў палачкай, то дзеці вырашалі, што я і ёсьць тут самы галоўны, і на маю долю прыходзілася... шмат прыемнага: аплядысмэнты, падзякі і нават кранальныя пацалункі».

9. Паставіў на месца аркестар Вялікага тэатру, калі тыя кепска выконвалі ягонага «Маленькага прынца»

«...памятаю, была першая рэпэтыцыя „Маленькага прынца“ ў Вялікім тэатры. Усе гралі „левай нагой“ і дастаткова кепска. Такое ўражаньне, што адмыслова браліся ня тыя ноты. Лаяцца сэнсу не было, хоць я фізычна кепска рэагую на фальш. Нахіліўшыся ў аркестравую яміну, я сказаў: „Спадары артысты! Вы па нотах іграеце ці па слыху?“ Які лямант падняўся! Але ўсё ж такі пачалі граць чысьцей...»

10. Лічыў, што менскі музычны асяродак яго так і не прыняў

«...у Менску нешта прыгнятала... атмасфэра мясцовага музычнага асяродку... Гэта — асаблівы асяродак. Ціха, але мэтанакіравана ён не прымае і выпіхвае „не сваіх“, і тут няважна, як доўга ты тут жывеш... Ці прыжыўся я? Думаю, што не. Мела рацыю мая цешча Ніна Платонаўна: „чужаніца“ я...»

Пры падрыхтоўцы публікацыі была выкарыстана кніга «Евгений Глебов. Судьбы серебрянные струны» (Менск, 2010).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG