На сайце Ulej.by ідзе збор грошай на выданьне кнігі «Князь полацкі Ўсяслаў па празваньні Чарадзей» Аляксандра Вялько — гісторыю пра полацкага князя, які жыў амаль тысячу гадоў таму.
Сабраць на выданьне 1000 асобнікаў трэба 11 тысяч рублёў, за 17 рублёў можна замовіць кнігу з аўтографам аўтара. Гэтая сума — толькі 60% ад сумы на поўны наклад.
Зьбіраем на беларускае: 10 праектаў, якія можна падтрымаць рублём
Раней дзяржаўнае выдавецтва «Адукацыя і выхаваньне» за ўласныя грошы выдала расейскамоўны варыянт кнігі.
Чаму на беларускую вэрсію давялося зьбіраць грошы ў інтэрнэце, Свабодзе распавёў загадчык аддзелу маркетынгу выдавецтва Зьміцер Кашавар.
«Па-першае, рукапіс у нас першапачаткова быў на расейскай мове, а аўтар прыйшоў з амаль гатовым макетам. Перарабляць гэта — дадатковыя сродкі і рэсурсы. Плюс так атрымоўваецца ў нашай краіне, на жаль, што лепей прадаюцца кнігі на расейскай мове. Таму выдалі як ёсьць, як была папярэдняя замова на пэўную колькасьць асобнікаў, — патлумачыў прадстаўнік выдавецтва. — Але ў нас сасьпела такая думка, што кніга і вельмі файная зьнешне, і цікавая, і карысная — такі праект заслугоўвае таго, каб кніга выйшла і на роднай мове».
Ён дадае: выдавецтва хоць і дзяржаўнае, але атрымлівае грошы не ад дзяржавы, а ад сваёй гаспадарчай дзейнасьці, таму праекты маюць быць прыбытковымі. А такі праект патрабуе вялікіх грошай празь якасьць друку — трэба пераканацца, што наклад ня пойдзе «на склад», а будзе купляцца.
Кніга на расейскай мове «пайшла няблага», адзначае Кашавар, і нават калі кампанія па беларускай вэрсіі не зьбярэ поўную суму, але будзе бачная дастаткова вялікая зацікаўленасьць чытачоў, «Усяслава Чарадзея» па-беларуску будуць выдаваць.
Гэта дапаможнік для школьнікаў ці «кніжка з карцінкамі»?
128-старонкавая кніга багатая на каляровыя ілюстрацыі: ёсьць як гістарычныя карціны, так і сучасныя малюнкі, схемы, фота і мапы. Тэкст, сьцьвярджаюць аўтары, напісаны «даступнай мовай», хоць мае вытрымкі зь летапісаў і меркаваньні гісторыкаў (Міколы Ермаловіча, Сяргея Тарасава і іншых). Кашавар сьцьвярджае, што гэтая кніга мае быць цікавай шырокаму колу і не нацэленая, напрыклад, на «самых маленькіх»:
«Гэтая кніга разьлічаная на школьнікаў сярэдніх і старэйшых клясаў, якія цікавяцца гісторыяй, некаторыя факты будуць цікавыя і старэйшым, дарослым людзям, а мо і гісторыкам».
Пагартаць расейскую вэрсію кнігі онлайн >>
Ён зьвяртае ўвагу на тое, што рэцэнзэнт і рэдактар у кнігі былі «вельмі сур’ёзныя»: навуковым рэдактарам выступіў гісторык і археоляг, цяперашні рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова Дзяніс Дук, у якасьці рэцэнзэнта — загадчык катэдры гісторыі Расеі гістарычнага факультэту БДУ Алег Яноўскі. Ды й аўтар Аляксандар Вялько выдаў ужо больш за тры дзясяткі навукова-папулярных гістарычных кнігаў.
Будзе сэрыя кніг пра князёў?
Менавіта гэтая кніга ня стане пачаткам цыклю. Але выдавецтва ўжо разьвівае ідэю, блізкую да «Ўсяслава»: да супрацы запрасілі пісьменьніка Вітаўта Чаропку, у бібліяграфіі якога ёсьць у тым ліку кнігі «Імя ў летапісе» (1994) і «Ўладары Вялікага княства» (1996), рыхтуюцца дзьве сэрыі кнігаў пра выбітных дзеячоў беларускай гісторыі.
Наступны герой, пра якога «Адукацыя і выхаваньне» плянуе выдаць кнігу, гэта вялікі гетман Ян Караль Хадкевіч — рукапіс Чаропкі на беларускай мове ўжо гатовы. Таксама распрацоўваецца 10-кніжная сэрыя «Вялікія князі літоўскія», першым героем якой мае стаць князь Вітаўт.