Гісторыкі кажуць пра 1155 гадоў беларускай дзяржаўнасьці. Якія гарады былі гістарычнымі сталіцамі на беларускіх землях, а якія ледзь-ледзь імі ня сталі?
Полацак, зь якога ўсё пачыналася
Першы горад, вядомы на этнічнай тэрыторыі Беларусі, — Полацак. Ён упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 862 годам. Горад быў сталіцай Полацкага княства — самага магутнага дзяржаўнага ўтварэньня на беларускіх землях у часы Сярэднявечча.
Беларускую дзяржаўнасьць гісторыкі прапануюць адлічваць ад Полацкага княства. Адпаведна, сталіцай першай дзяржавы на беларускіх землях быў Полацак.
«Полацкае княства, безумоўна, мела ўсе прыкметы дзяржаўнасьці, — кажа Свабодзе гісторык Сяргей Тарасаў. — У яго была вызначаная тэрыторыя, гэтыя землі былі зьвязаныя эканамічнымі сувязямі — той жа шлях „з варагаў у грэкі“. Таксама тут была свая княская дынастыя, што абавязкова для любой сярэднявечнай эўрапейскай дзяржавы. Спачатку гэта былі Рагвалодавічы, потым — князі Ўсяславічы».
Найбольшага росквіту Полацак дасягнуў у ХІ стагодзьдзі, калі ў горадзе правіў князь Усяслаў Брачыславіч (Чарадзей). Пры ім збудавалі Сафійскі сабор — сымбаль незалежнасьці дзяржавы. На пачатку 14 стагодзьдзя Полацкае княства ўвайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага.
Тураў і іншыя ўдзельныя княствы
У Сярэднявеччы на беларускіх землях існавалі і іншыя ўдзельныя княствы. Сяргей Тарасаў кажа, што, у адрозьненьне ад Полацку, тыя княствы мелі дзяржаўнасьць у зародкавым стане.
Іншую думку мае гісторык Анатоль Сідарэвіч. Ён лічыць, што прынамсі Тураў, Слуцак, Амсьціслаў і Пінск таксама варта ўпісаць у лік сярэднявечных сталіц Беларусі. Ён абгрунтоўвае сваю думку тым, што гэтыя гарады мелі свае княскія дынастыі.
«Не забывайце, што тураўскі князь Сьвятаполк ажаніўся з дачкой будучага караля польскага Баляслава Храбрага. Маладая кніягіня прыехала ў Тураў з лацінскім біскупам Рэйнбэрнам. Гэта першая праява самастойнасьці, задушаная, можна сказаць, у зародку», — кажа Сідарэвіч.
Але ў 1158 годзе Тураў пазбыўся кіеўскага ярма і адстаяў незалежнасьць. У ім была свая дынастыя Ізяславічаў, мелася свая біскупская катэдра. Тураўскае княства прасьціралася, паводле некаторых ацэнках ад Сажа да Буга.
З часам Тураў страціў сваё значэнне, і ў сярэдзіне ХІІІ стагодзьдзя біскупская катэдра была перанесеная ў Пінск. У Пінску панавалі Ізяславічы, Глеб Нарымонт і яго нашчадкі, Яраславічы. Па ўсіх паказчыках места было стольнае.
«Менш мы ведаем пра Случаск, але і там была свая дынастыя. Ізяславічаў зьмянілі Алелькавічы, а потым мы бачым на слуцкім пасадзе Радзівілаў», - кажа Анатоль Сідарэвіч.
Па словах гісторыка, калі за аснову «сталічнасьці» лічыць прысутнасць у горадзе князя і біскупа, то Тураў, а потым і Пінск не саступаюць Полацку.
Таксама да ліку сярэднявечных сталіцы можна аднасьці Амсьціслаў. На радзіміцка-крывіцкіх землях паўстала Амсьціслаўскае княства, у якім панавалі смаленскія Расціславічы (пра гэты пэрыяд нам мала што вядома), а потым Лугвенавічы (нашчадкі Лугвена — сына вялікага княза Альгерда).
Наваградак, чыю сталічнасьць аспрэчваюць літоўскія гісторыкі
Да ўзнікнення Вялікага Княства Літоўскага Наваградак быў цэнтрам удзельнага княства. У беларускай гістарыяграфіі Наваградак лічыцца першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Але гэты факт аспрэчваюць літоўскія гісторыкі. Паводле вэрсіі літоўцаў, Наваградак быў толькі месцам, дзе Міндоўг каранаваўся. А сталіцай быў Вількамір — горад на поўнач ад Вільні.
«У навуковай гістарыяграфіі аспрэчваюць сталічнасьць Наваградку толькі летувіскія гісторыкі, — кажа гісторык Алесь Краўцэвіч. — Гэта міжнародна прызнана, што горад быў сталіцай княства».
Зь летапісаў вядома, што Міндоўг паходзіць з «града Руты». Паселішчы з такой назвай месьцяцца вакол Наваградку. Войшалк, сын Міндоўга, калі пастрыгся ў манахі, заснаваў Лаўрышаўскі манастыр непадалёк ад Наваградку. А пасьля забойства бацькі ён уцёк не ў Жмудзь, а ў Пінск.
У сярэднявеччы сталіцай дзяржавы лічылася месца, дзе знаходзіўся манарх. Вялікія князі літоўскія да 1323 году, калі Гедзімін перанёс сталіцу ў Вільню, кіравалі краінай з Наваградку.
Проста Вільня
Самая бясспрэчная сталіца. Ад 1323 года і да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Вільня была сталіцай Вялікага Княства Літоўскага.
Горадня — трэцяя сталіца Рэчы Паспалітай
Гісторык Алесь Краўцэвіч лічыць, што Горадня мае ўсе падставы лічыцца гістарычнай сталіцай Беларусі. Ад 1673 году тут праходзіў кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай.
«Горадня была афіцыйнай сталіцай дзяржавы, — кажа Алесь Краўцэвіч. — Яна была сталіцай і дэ-факта, і дэ-юрэ. У Рэчы Паспалітай была канстытуцыйная манархія, і сталіцамі лічыліся гарады, дзе праводзіўся сойм — Варшава і Горадня».
Разам зь Вільняй гэта быў адзіны горад, які меў каралеўскі замак. Магнаты Вялікага Княства будавалі ў Горадні свае палацы.
Менск узвысіўся дзякуючы расейскаму імпэратару
Са сьцьвярджэньнем, што Менск выпадкова стаў сталіцай Беларусі, абсалютна не пагаджаецца гісторык і культуроляг Сяргей Харэўскі. Яшчэ да XIX стагодзьдзя, калі ўзьнікла вялікая Менская губэрня, Менск ужо быў у цэнтры палітычнага віру.
Упершыню горад стаў вядомы ў сьвеце ў ХІІ стагодзьдзі, калі менскі князь Валадар Глебавіч узяў шлюб з удавой дацкага караля Рыкісай. Тады ў Менск прыбыў дацкі двор. Іхняя дачка — Сафія Менская — стала каралевай Даніі.
Пазьней у Менску праводзілі сэсій трыбуналаў вялікіх літоўскіх па чарзе з Наваградкам, было Менскае ваяводзтва. Але сапраўдны ўздым горада адбыўся толькі ў часы Расейскай імпэрыі. Пасьля трох падзелаў Рэчы Паспалітай імпэратар Павал І стварыў вялікую па памерах Менскую губэрню. Яна сягала ад сучаснай Латвіі да Ўкраіны. Таксама Павал І стварыў Менскае рыма-каталіцкае біскупства, якога раней не існавала, перавёў у Менск са Слуцку праваслаўную катэдру.
«На маю думку, гэта была лёсавызначальная акалічнасьць для Менску», — кажа Харэўскі.
Потым, у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя, празь Менск прайшла чыгунка. Тут скрыжоўваліся шляхі з Санкт-Пецярбургу і Масквы на Варшаву, зь Вільні на Кіеў. Але, на думку Харэўскага, гэта адбылося таму, што да таго часу Менск ужо ператварыўся ў значны горад.
І нарэшце — лібэралізацыя пасьля 1905 году. У Менску праходзяць зьезд РСДРП, першы легальны зьезд сіянісцкіх арганізацый, сацыял-дэмакратаў Каралеўства Польскага і Літвы.
«Менск пачатку ХХ стагодзьдзя быў адным з найбуйнейшых у Эўропе цэнтраў палітычнага жыцьця, — кажа Сяргей Харэўскі. — Расейскага, польскага, габрэйскага і, натуральна, беларускага. Тут была створана нашая першая нацыянальная партыя».
Смаленск ня быў сталіцай
Смаленск любяць запісваць у сталіцы Беларусі, часам нават называюць першай сталіцай БССР. Тут праходзіла VI Паўночна-Заходняя канфэрэнцыя Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў).
У канфэрэнцыі ўдзельнічалі 206 дэлегатаў зь беларускіх губэрняў. Дэлегаты прынялі рашэньне стварыць БССР «з тэрыторыяй Менскай, Гарадзенскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губэрняў». Але сталіцай Савецкай Беларусі Смаленск ня быў.
«Мы маем толькі факт, што ў Смаленску было прынята рашэньне, — кажа Анатоль Сідарэвіч. — Але абвешчана ССРБ была ў Менску. Маніфэст быў апублікаваны ў Менску.
У Менску ж адбыўся і Першы Ўсебеларускі зьезд Саветаў, які прыняў канстытуцыю БССР.
«Як толькі скончыўся зьезд 6-й паўночна-заходняй канфэрэнцыі, сябры зацьверджанага ў Маскве часовага савецкага ўраду Беларусі адразу пераехалі ў Менск», — кажа Сідарэвіч.
Магілёў ледзь ня стаў сталіцай БССР
Калі б ня пакт Молатава-Рыбэнтропа, сталіцай БССР цалкам мог бы стаць Магілёў. Паводле Рыскай мірнай дамовы мяжа паміж БССР і Польшчай праходзіла за 30 кілямэтраў на захад ад Менску. Блізкасьць да мяжы бянтэжыла беларускія ўлады. У 1937 годзе Цэнтральны камітэт камуністычнай партыі Беларусі і Савет народных камісараў БССР адправілі ў Маскву дакладную запіску, у якой прасілі Сталіна і Молатава перанесьці сталіцу зь Менску ў Магілёў. Пра гэта падрабязна піша сайт «Гістарычная праўда».
Беларускія камуністы тлумачылі перанос сталіцы тым, што Менск слаба зьвязаны з цэнтрамі СССР і нават раёнамі БССР. А Магілёў «выгадна адрозьніваецца ў стратэгічных адносінах і мае вялікія пэрспэктывы для далейшага разьвіцьця».
7 сакавіка выйшла пастанова СНК «Аб генэральным пляне рэканструкцыі горада Магілёва», у якой горад называўся «адміністрацыйна-палітычным цэнтрам», куды ў хуткім часе меліся пераехаць зь Менску Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт і Акадэмія навук.
Сымбалем сталічнасьці, якая чакала неўзабаве Магілёў, стаў Дом ураду. Яго спраектаваў аўтар менскага Дому ўраду Ёсіф Лангбард.
Канчатковы пераезд зь Менску ў Магілёў партыйцы плянавалі на канец 1939 году. Але пасьля «вызваленчага паходу» Чырвонай Арміі ў верасьні 1939 году і далучэньня Заходняй Беларусі да БССР улады перадумалі пераносіць сталіцу ў Магілёў.