Рэгістрацыяй ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду завяршыўся першы этап выбарчай кампаніі. Можна рабіць пэўныя высновы.
У СМІ, сацыяльных сетках вялікі рэзананс выклікаў той факт, што аж 14 чалавек падалі ў Цэнтравыбаркам дакумэнты на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных групаў, прычым большасьць зь іх аказаліся людзьмі нікому не вядомымі. «Такога ніколі не было», — адзначыў адзін журналіст, які патэлефанаваў мне з просьбай даць камэнтар.
Насамрэч, нічога новага, ніякай сэнсацыі ў гэтым няма. Так было і на папярэдніх выбарах. У 1994 і ў 2010 гадах падавалі заяўкі 19 ініцыятыўных групаў. У 2001-м 26 чалавек публічна выказалі жаданьне стаць прэзыдэнтам і спрабавалі зарэгістраваць у ЦВК свае каманды. Толькі падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году, калі рэпрэсіі супраць апазыцыі былі найбольш масавымі і выбары абвясьцілі на чатыры месяцы раней за тэрмін, усяго восем прэтэндэнтаў падалі заяўкі на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных групаў. Так што на такім фоне 14 кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта — гэта ня так і шмат.
З 14 ініцыятыўных групаў зарэгістравана толькі 8. Можна адзначыць, што ў асноўным рэгістрацыя ЦВК адбывалася паводле фармальных юрыдычных працэдур. Толькі адносна групы Мікалая Статкевіча рашэньне было хутчэй палітычнае. Што чакалася і было загадзя анансавана.
З зарэгістраваных васьмі ініцыятыўных групаў (Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Гайдукевіча, Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзькі, Тацяны Караткевіч, Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Ўлаховіча, Жанны Раманоўскай) толькі апошняя выглядае яўным маргіналам і паводле статусу, і вядомасьці, і колькасьці ініцыятыўнай групы. Усе астатнія маюць пэўны палітычны бэкграўнд, колькасьць іхніх камандаў складае ня менш як 1 тысячу чальцоў.
Трэба меркаваць, і колькасьць тых, хто прагаласуе за лідэра, з кожнымі выбарамі будзе павялічвацца
У ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі ўвайшло 10577 чальцоў. У параўнаньні з ранейшымі прэзыдэнцкімі кампаніямі яна значна вырасла. У 2001 годзе група налічвала 3830 чалавек, у 2006-м — 6212, у 2010-м — 8403 чалавекі. «Всё выше, выше и выше стремим мы полёт наших птиц». Трэба меркаваць, і колькасьць тых, хто прагаласуе за лідэра, з кожнымі выбарамі будзе павялічвацца. Бо ў краіне са шчасьлівым народам і мудрым кіраўніцтвам па-іншаму быць ня можа.
Ініцыятыўныя групы апазыцыйных кандыдатаў ня вельмі вялікія. У камандзе Тацяны Караткевіч — каля 1700 чальцоў. Што трохі дзіўна. Бо кампанія «Гавары праўду» вызначаецца вялікімі амбіцыямі, прэтэндуе на лідэрства ў апазыцыі. Пяць гадоў таму ў лідэра кампаніі і кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева ініцыятыўная група налічвала 3275 чалавек. А ў групе намесьніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва было 1307 чальцоў. Цяпер «Гавары праўду» і БНФ — саюзьнікі. Плюс яшчэ ў індывідуальным парадку ў кампаніі ўдзельнічаюць сябры руху «За свабоду» і БСДП (Грамада). І наскрэблі толькі 1700 чалавек.
Пра тое, што палітычная сытуацыя для апазыцыі зьмянілася ў горшы бок, сьведчыць і колькасьць ініцыятыўнай групы лідэра АГП Анатоля Лябедзькі — крыху больш за 1000 чалавек. Нагадаю, што ў 2010 годзе ў кандыдата ў прэзыдэнты, намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука ў камандзе было 1423 чальцы.
Нядрэнна выглядае група лідэра Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна — 1511 чалавек.
Досьвед выбараў 2001 і 2006 гадоў сьведчыць, што толькі ініцыятыўныя групы, якія налічваюць звыш 3 тысячы чальцоў, сабралі 100 тысяч подпісаў
Досьвед выбараў 2001 і 2006 гадоў сьведчыць, што толькі ініцыятыўныя групы, якія налічваюць звыш 3 тысячы чальцоў, сабралі 100 тысяч подпісаў. Прэзыдэнцкая кампанія 2010 году не паказальная, бо там вынікі збору подпісаў вельмі цьмяныя. Сам Аляксандар Лукашэнка прызнаваўся, што даў даручэньне рэгістраваць як мага больш кандыдатаў. Таму з гэтага гледзішча пэрспэктывы збору подпісаў усіх апанэнтаў дзейнага кіраўніка пад пытаньнем.
Яшчэ адзін цікавы момант. Сярод прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду зьвяртае на сябе ўвагу Мікалай Улаховіч, старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўны атаман «Беларускага казацтва». Прычым ягоная ініцыятыўная група складае больш за 1000 чалавек, што выглядае досыць самавіта. Справа ў тым, што ён прэзэнтуе сябе як актыўны прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі. Здаецца, упершыню за час праўленьня дзейнага прэзыдэнта ў выбарах удзельнічае чалавек, які падтрымлівае кіраўніка дзяржавы. Што за гэтым стаіць, пакуль незразумела.