Сярод зарэгістраваных ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты — каманда 64-гадовага чыноўніка Менскага абласнога спажывецкага саюзу, кіраўніка аб’яднаньня «Беларускае казацтва» Мікалая Ўлаховіча.
У свой час ён займаў пасаду ў Кіраўніцтве спраў прэзыдэнта і цяпер мае скласьці канкурэнцыю былому працадаўцу — Аляксандру Лукашэнку.
Зьбіраць подпісы за «вялікага атамана» будуць больш за 1400 ягоных аднадумцаў — амаль увесь асабовы склад арганізацыі. Як паведамляе сайт belkazak.by, казачы генэрал Улаховіч абраны на пасаду «вялікім колам» арганізацыі ў 1995 годзе і неаднаразова пераабіраўся на далейшы тэрмін.
На інтэрвію Свабодзе сёньня Мікалай Дзьмітрыевіч не пагадзіўся, сказаўшы, што для пачатку трэба атрымаць на рукі пасьведчаньне аб рэгістрацыі.
Тым часам онлайн-справаздачу з Цэнтравыбаркаму вёў у Фэйсбуку Андрэй Дзьмітрыеў, кіраўнік штабу вылучэнкі ад кампаніі «Гавары праўду» Тацяны Караткевіч. Паводле палітыка, атрымаўшы рэгістрацыю, атаман сказаў слова падзякі, у якім выказаў падтрымку Лукашэнку і заклікаў аб’яднацца вакол нацыянальнага лідэра.
Адносна фігуры Ўлаховіча Дзьмітрыеў мае наступныя назіраньні:
«Адразу ўспомнілася „руская бомба“, адна з магчымых стратэгіяў Крамля на гэтых выбарах, апісаная Юрыем Дракахрустам. І вось што цікава: супраць такога кандыдата ва ўлады няма ніякіх аргумэнтаў і інструмэнтаў. Што звычайна ўлада праз прапаганду прад’яўляе апазыцыі? Стандартны набор:
1. Атрымліваюць грошы з Захаду.
2. Ня маюць падтрымкі ў грамадзтве.
3. Хочуць зладзіць у Беларусі Майдан.
4. Прымусяць усіх гаварыць па-беларуску.
5. Саюзьнікі і „марыянэткі“ ЗША.
У выпадку з атаманам сыстэма дае збой.
1. Грошы з Расеі — дык адтуль Лукашэнка ўжо 20 гадоў атрымлівае „заробак“ для насельніцтва.
2. Грамадзкая падтрымка — ужо сёньня 50% упэўненыя: „крымнаш“.
3, 4. Плошча, мова — казакі якраз супраць Майдану і дакладна за „вялікі і магучы“.
5. Саюзьнік Расеі — гэта наагул вялікі плюс у вачах большасьці».
Як дапушчае спадар Дзьмітрыеў, такім чынам Крэмль «здымае пробу» на будучыню: маўляў, калі ад «рускага сьвету і вечнай дружбы» ідзе кандыдат супраць Лукашэнкі, гэта сыгнал, што Аляксандар Рыгоравіч ужо нехта іншы, а ня брат па славянскай крыві. Зь іншага боку, вылучэньне можа быць ініцыятывай прэзыдэнцкай адміністрацыі, каб стварыць сытуацыю для торгу. Так, у Расеі Лукашэнка можа сказаць: «Калі не дапаможаце, нацыяналісты прыйдуць да ўлады». А ў размовах з заходнімі палітыкамі замест нацыяналістаў зьявяцца казакі: „Дапамажыце фінансава, да нас рвецца рускі сьвет“».
Гэта сыгнал, што Аляксандар Рыгоравіч ужо нехта іншы, а ня брат па славянскай крыві
Зрэшты, перакананы Андрэй Дзьмітрыеў, незалежна ад таго, хто быў генэратарам гэтай ідэі, пробу здыме менавіта Крэмль. І калі гэтая «каша» выявіцца смачнаю, яе завараць зусім на іншым узроўні.
Апошнія гады Мікалай Улаховіч сумяшчаў, як падавалася, несумяшчальнае — жыльлёва-камунальную гаспадарку, атаманства, камэрцыю і патрыятычную партыю. У сыстэме ЖКГ зь невялікімі перапынкамі ён адпрацаваў больш за 20 гадоў — ад Менскага трактарнага заводу і да Менскага аблвыканкаму. Месяц таму атрымаў пасаду намесьніка старшыні Менскага абласнога спажывецкага саюзу.
Паралельна, ад 1995 году, прасоўвае ў Беларусі «казацкія ідэі», хоць увесь антураж з чынамі, узнагародамі і амуніцыяй — выключна для ўнутранага карыстаньня. Адсылка да «вытокаў» мае на ўвазе сярэдзіну XVII стагодзьдзя, калі на загад маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча на кароткі час тут узьніклі першыя казацкія палкі. Уся дзейнасьць «адроджанага» беларускага казацтва шчыльна пераплеценая з Рускай праваслаўнай царквой, адпаведнае пагадненьне «аб сумеснай дзейнасьці» падпісанае з папярэднім патрыяршым экзархам Філарэтам.
Ня так плённа, але намагаецца Ўлаховіч круціцца і на палітычнай арбіце. Ён ня раз заяўляў, што бясспрэчна падтрымлівае курс дзейнага прэзыдэнта, што Лукашэнка абсалютна правільна зрабіў, да бясконцасьці працягнуўшы свае паўнамоцтвы, што менавіта зь ягонай падачы пачаў паўставаць казацкі рух у Беларусі. Тое ж і ў міжнароднай палітыцы — асуджэньне антыбеларускіх санкцыяў з боку ЗША і Эўразьвязу, погляд на ўкраінскія падзеі «вачыма прэзыдэнта» і г.д. Зрэшты, падобная рыторыка не прынесла заўважных дывідэндаў ягонай Беларускай патрыятычнай партыі, запісвацца ў якую публіка не сьпяшаецца. Улаховіч нават наракаў, што дзяржава «недаацэньвае патэнцыял казацтва».
Адметна, што надзвычай нацягнутыя адносіны ў «Беларускага казацтва» з калегамі па цэху — «Усебеларускім аб’яднаньнем казацтва». Яно ўзьнікла на два гады пазьней, у 1997-м, і гэта цалкам прарасейская структура. Суполку Ўлаховіча на гэтым тле можна нават лічыць «прабеларускай арганізацыяй»: найперш — адданасьць кіраўніцтву Беларусі, і ўжо потым — прасоўваньне расейскай ідэі.
Апроч таго, у розны пэрыяд дзейнасьці Мікалай Улаховіч кіраваў камэрцыйным фондам «Нерухомасьць» і выдаваў газэту «Личность».
Мікалай Улаховіч нарадзіўся 21 жніўня 1951 году ў Менску. Жанаты, мае дачку і сына, трох унукаў і дзьвюх унучак. Скончыўшы менскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, працаваў майстрам трэсту № 15 «Спэцбуд», начальнікам участка кіраваньня «Менскводаканалу». Цягам 1970–1992 гадоў служыў ва Ўзброеных сілах СССР, скончыў гэтую кар’еру ў Беларусі ў званьні палкоўніка. Пасьля звальненьня з арміі — галоўны інжынэр жыльлёва-камунальнай гаспадаркі МТЗ.
Іншыя месцы працы:
- начальнік галоўнага ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта,
- генэральны дырэктар Рэспубліканскага цэнтру ўліку і рэгістрацыі нерухомасьці,
- гендырэктар навукова-вытворчага аб’яднаньня «Жылкамунтэхніка»,
- начальнік упраўленьня ЖКГ Менскага аблвыканкаму.
На гэты час — - намесьнік старшыні Менскага абласнога спажывецкага саюзу.
Грамадзкая дзейнасьць: старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, Вярхоўны атаман грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае казацтва». Удзельнік міжнародных кангрэсаў усясьветнага казацтва, зьездаў партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў Расеі і Беларусі, канфэрэнцыяў Рускай праваслаўнай царквы.