Уладзімер Някляеў заявіў, што сыходзіць з апазыцыйных структураў, але застаецца ў палітыцы. Сваімі плянамі ён падзяліўся ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды.
— Вы сказалі ў адным з інтэрвію, што не пакідаеце палітыку, сыходзячы з апазыцыйных структураў. Гэта азначае, што вы пойдзеце ў неапазыцыйныя структуры альбо будзеце ствараць нейкія свае? Альбо як у той прымаўцы — і адзін у полі ваяр?
— Гэта азначае, што, апроч улады і апазыцыі, у нас ёсьць яшчэ грамадзтва. Яно нібыта ўключае ў сябе і ўладу, і апазыцыю. І ў той жа час не ўключае, бо, ва ўсякім выпадку, улада ня мае на ўвазе грамадзтва як нейкі дзейнік палітыкі. Дык вось я маю на ўвазе тое, што якраз да гэтага дзейніка палітыкі я і зьбіраюся зьвяртацца ў тым выпадку, калі, скажам, прыму рашэньне неяк дзейнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году.
— Вы сказалі, што не выключаеце свайго ўдзелу ў маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах. Вы будзеце выстаўляць сваю кандыдатуру? І на каго ўсё ж будзеце абапірацца?
— Ёсьць грамадзтва, народ. Ёсьць людзі, занятыя ў розных сфэрах, якія адчуваюць сёньня праблемы з тым, як ім жыць: за што карміць сям’ю, за што апранаць, за што вучыць дзяцей. Улада ўжо прыняла дэкрэт, згодна зь якім грошы будуць забірацца нават у тых, у каго іх няма. Гэта найлепшым чынам характарызуе стан эканомікі сёньняшняй Беларусі. І няма ніякіх пэрспэктыў пакуль што, каб гэты стан палепшыўся. Значыць, гэтыя людзі, гэтыя прадпрымальнікі, якіх выкінулі на ўзбочча жыцьцёвай дарогі, гэта тыя ж аўтаперавозчыкі, гэта тыя ж выкладчыкі, адна зь якіх павесілася, бо ёй няма дзе жыць, — ня будуць стаяць убаку ад вырашэньня свайго ўласнага лёсу. А праз тое — лёсу краіны. І якраз на іх актыўнасьць, на іх разуменьне сытуацыі, на іх разуменьне таго, што Беларусь мы можам сёньня ўратаваць толькі ўсе разам, аб’яднаўшыся, я разьлічваю.
Больш, аказваецца, разьлічваць няма на каго. Улада ня хоча чуць прапановы пра дыялёг у грамадзтве, яна заяўляе, што ўсё вырашыць сама, хоць відавочна, што сама яна абсалютна нічога ня можа вырашыць. Улада ня бачыць высілкаў тых людзей, якія разам зь ёй гатовыя змагацца за Беларусь. Яна баіцца свайго народу больш, чым гэтых рускіх «зялёных чалавечкаў».
Улада баіцца свайго народу больш, чым рускіх «зялёных чалавечкаў»
Трэба перастаць рабіць выгляд, што ўсё ў нас цудоўна, што, абдымаючыся з кіраўніком Расеі, мы як бы забясьпечваем недатыкальнасьць нашай незалежнасьці, нашай дзяржаўнасьці. Усё гэта ня так. Усё наадварот, што паказваюць падзеі, якія разгортваюцца ў Расеі. І ў якіх усё больш патрабаваньняў вырашыць беларускае пытаньне, прычым вырашыць неадкладна, сёньня. Бо заўтра, маўляў, калі Беларусь нейкім чынам схаваецца пад парасонам НАТО, гэта рабіць ужо будзе позна.
Ня бачыць усяго гэтага, не разумець сур’ёзнасьці сытуацыі могуць толькі тыя людзі, якія ці сьляпыя, ці хочуць думаць, што сьляпыя ўсе астатнія, хто наўкол іх. Я хачу, каб грамадзтва не было сьляпым, як крот, пра што пісаў некалі клясык беларускай літаратуры. І не было бязьдзейным, каб яно ў рэшце рэшт задзейнічала. Вось што я маю на ўвазе, калі кажу пра сваю працу ў палітыцы, зь якой не зьбіраюся сыходзіць.
— Гэта ў тым ліку азначае, што вы можаце вылучыцца на кандыдата ў прэзыдэнты?
— Пакуль што я пра гэта не кажу. Калі гэта зьбяруся зрабіць, я пра гэта скажу. І пайду я гэтым разам зусім іншым шляхам. Калі я ўрэшце палічу, што гэты крок для Беларусі неабходны, я зьвярнуся да беларускага народу, да тых людзей, якія падтрымлівалі мяне ў 2010 годзе і пасьля. Гэта сотні тысяч людзей, якія за мяне галасавалі, якія хадзілі на акцыі, якія стаялі на плошчы. Гэта зусім ня мала народу.
Я зьвярнуся да іх: калі вы верыце ў тое, што магчыма нешта зьмяніць, — я таксама ў гэта веру, і давайце аб’яднаемся. Давайце тады скінемся на правядзеньне прэзыдэнцкай кампаніі, на тыя неабходныя выдаткі ў такім выпадку. І гэта будзе своеасаблівым тэстам і для мяне, і для іх. Ці мы гатовыя да такіх дзеяньняў, ці пакуль што не.
Карацей, усё я буду рабіць публічна, безь ніякіх хітрыкаў і безь ніякіх спонсараў, усходніх ці заходніх. А толькі ў спадзеве на сябе самога і тых людзей, для якіх Беларусь даражэй за ўсё.
— Пра свае амбіцыі ўжо заявілі Анатоль Лябедзька, Тацяна Караткевіч. Як вы ацэньваеце іх магчымасьці ў будучай прэзыдэнцкай кампаніі?
— Ад гэтага моманту я адказваю ва ўсіх сэнсах выключна за самога сябе.
— А вы адмовіліся ад ідэі склікаць кангрэс у нейкім варыянце?
— Варыянтам кангрэсу можа быць толькі кангрэс. Ну, фэйкавы можна прыдумаць кангрэс, сабраўшы на яго два-тры дзясяткі людзей, і абвясьціць, што гэта адбылося. Калі апазыцыя пастановіць, што гэта магчыма, і ўсур’ёз возьмецца за яго арганізацыю, я не адмаўляюся ўдзельнічаць у гэтым працэсе і далей. Але я ня бачу для гэтага ўжо аніякіх магчымасьцяў. Той дзень, калі я зрабіў заяву пра выхад з апазыцыйных структураў, я палічыў апошнім у магчымасьці такі кангрэс арганізаваць і правесьці.
— Калі вы кажаце, што адказваеце выключна за сябе, то што вы прапануеце, чаго няма ў Лябедзькі ці ў Караткевіч?"
— Я ня супраць таго, каб Лябедзька ці хто заўгодна іншы вылучаў сваю кандыдатуру на кангрэс і прэтэндаваў на тое, каб яго вылучылі адзіным кандыдатам. Я якраз прынцыпова ставіў пытаньне, што нам патрэбны адзіны кандыдат. А ўжо іншая і нават другасная рэч, хто ім будзе. Я нават дзеля гэтага саступаў ва ўсім, не крычэў, што толькі я з маімі сьцягамі. Не, я саступіў дзеля дасягненьня мэты. Але, на жаль, нічога ня сталася.
Я саступіў дзеля дасягненьня мэты. Але, на жаль, нічога ня сталася
Я зусім не зьбіраюся, сышоўшы з апазыцыі, зь некім вадзіцца, нешта высьвятляць, некага ў нечым вінаваціць. Не, такой мэты перад сабой ня стаўлю. Тым больш пляваць, выйшаўшы назад. Я гатовы да ўзаемадзеяньня з усімі тымі, хто будзе рабіць пазытыўныя крокі дзеля таго, каб сытуацыя ў Беларусі зьмянілася празь мірныя рэформы, празь зьмены ў эканоміцы, а найперш праз палітычныя зьмены. Нам неабходныя абсалютна свабодныя выбары, нам неабходны парлямэнт, разгалінаваньне ўлады, усе тыя мэханізмы, якія даюць магчымасьць краіне разьвівацца.
— Ці бачыце вы наагул палітыка, зь якім вы маглі б працаваць разам у будучай кампаніі?
— Дзеля пастаўленай мэты я гатовы працаваць з усімі. Нягледзячы на той канфлікт, які стаўся, у мяне няма ворагаў у гэтай апазыцыі.
— А што тычыцца ўдзелу ў выбарах Лукашэнкі і ягоных пэрспэктываў? Як наагул можна перамагчы?
— Лукашэнка можа зрабіць сёньня для Беларусі вельмі многа. У яго для гэтага найбольш магчымасьці. Найпершае, што ён мусіць зрабіць, — гэта не выдаваць сябе за імпэратара з войскам, якое можа збурыць Карфаген на ўсходзе ці нейкі іншы мітычны горад на захадзе. А за чалавека з рэальнымі магчымасьцямі, які рэальна разумее сытуацыю, які рэальна бачыць — а ён гэта бачыць — крокі для таго, каб зратавацца. Гэта — заклікаць на дапамогу ўсё грамадзтва, пачаць з грамадзтвам дыялёг, не падмяняць дыялёг балбатнёй, усялякімі фальшывымі мэсыджамі, хітрымі прыдумкамі, показкамі і гэтак далей. Вельмі сур’ёзная сытуацыя. Калі Лукашэнка зробіць гэты крок, то ён зробіць вельмі шмат для Беларусі. Калі ж не, то сытуацыя можа быць не падкантрольная яму ўжо ні ў чым.
— То бок Лукашэнка можа застацца яшчэ на адзін тэрмін?
— Калі ён зараз сыдзе, то пасьля можа вяртацца. Калі ня сыдзе, то ён ня сыдзе ўжо назаўсёды. А з гэтым можа сысьці Беларусь. Вось што пастаўлена на кон.