Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Дзьмітрыеў: Мы зьбіраемся ісьці да канца


Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота
Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота

Кампанія «Гавары праўду» чакае агульнай падтрымкі Тацяны Караткевіч з боку «Народнага рэфэрэндуму» і не плянуе здымаць яе кандыдатуру на карысьць якога іншага апазыцыйнага палітыка.

Рэспубліканская рада кампаніі «Гавары праўду» вырашыла пацьвердзіць вылучэньне Тацяны Караткевіч прэтэндэнткай на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году. Новага лідэра кампаніі маюць абраць на зьезьдзе 30 траўня.

8 красавіка Ўладзімер Някляеў распаўсюдзіў заяву, у якой паведаміў пра свой выхад з апазыцыйных структураў, у тым ліку з кампаніі «Гавары праўду». Гэта было першае пасяджэньне Рэспубліканскай рады без удзелу Ўладзімера Някляева.

Пра вынікі дыскусіі ў інтэрвію Свабодзе распавёў намесьнік старшыні кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.

— Як успрынялі актывісты «Гавары праўду» выхад Уладзімера Някляева з арганізацыі? Ці не адчуваецца нейкая разгубленасьць?

— Для шмат каго з рэгіёнаў гэта было, зразумела, нечакана. Але ўсе цяпер разумеюць гэта як адказны ўчынак лідэра, які, дарэчы, адзіны, хто сказаў пра зрыў перамоваў па кангрэсе. Мы ўпэўненыя, што мы і далей пойдзем разам праз супрацоўніцтва ў кампаніі Тацяны Караткевіч. Ня страчаная павага адзін да аднога, таму мы ідзем далей, стратэгія «Народнага рэфэрэндуму» будзе рэалізоўвацца.

— Ужо ёсьць разуменьне, як зьменіцца «Гавары праўду» пасьля сыходу Някляева?

— Я думаю, што пра гэта яшчэ рана казаць. Але магу сказаць, што базавыя, прынцыповыя рэчы застануцца, безумоўна, нязьменнымі.

— Свой сыход з «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў абгрунтаваў тым, што апазыцыя так і не змагла дамовіцца наконт прэзыдэнцкіх выбараў. Чаму ўсё ж такі не ўдалося дамовіцца?

— Я думаю, што тыя, хто не хацеў рашэньня па кангрэсе, яго зацягнулі. Але галоўнае цяпер ня тое, чаму людзі не дамовіліся, а як нават у гэтай сытуацыі мы можам рухацца далей, паказваць грамадзтву, што мы разумеем, што мы робім, мы ставім рэальныя мэты і гатовыя іх дасягаць. Для нас, безумоўна, важна зрабіць так, каб тыя больш за 100 тысяч чалавек, якія падпісаліся за «Народны рэфэрэндум», мелі свайго прадстаўніка на прэзыдэнцкіх выбарах. Кажуць, што апазыцыя ня можа аб’яднацца. Але 4 з 7 арганізацыяў (маецца на ўвазе сямёрка найбуйнейшых апазыцыйных структураў. — РС) аб’яднаныя «Народным рэфэрэндумам», працуюць ужо два гады ў межах гэтай ініцыятывы і паводле стратэгічнага пагадненьня зьбіраюцца працаваць разам яшчэ мінімум два гады. Таму, мне падаецца, гэта добры прыклад.

— А кансэнсус паміж сямёркай па пытаньні выбараў ужо немагчымы?

2015 год выглядае як такі глябальны рэстарт для ўсіх дэмакратычных сіл

— Я б не выключаў гэтага. Бо абставіны, складанасьць сытуацыі могуць прымусіць усіх зноў сесьці за стол перамоваў, і гэта ўжо будуць не перамовы, дзе кожны думае, што потым сказаць у прэсу. Гэта могуць быць перамовы пра тое, як увогуле ўжо захавацца. Пакуль 2015 год выглядае як такі глябальны рэстарт для ўсіх дэмакратычных сіл.

— Фактычна цяпер засталіся два апазыцыйныя палітыкі, якія абвясьцілі пра свой намер быць кандыдатам у прэзыдэнты і дагэтуль ад гэтага не адмовіліся — Тацяна Караткевіч і Анатоль Лябедзька. Ці зьбіраецца, у прыватнасьці, «Гавары праўду» ісьці да канца ў пытаньні вылучэньня Тацяны Караткевіч кандыдатам у прэзыдэнты? Вы выключаеце магчымасьць зьняцьця кандыдатуры Караткевіч на карысьць Лябедзькі або кагосьці яшчэ?

— Для нас вельмі важна, каб Тацяна Караткевіч была падтрымана ўсім «Народным рэфэрэндумам», таму спачатку мы будзем чакаць рашэньня сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП (Грамада) павінна разгледзець пытаньне аб падтрымцы Караткевіч як кандыдата ў прэзыдэнты ад «Народнага рэфэрэндуму» — РС), а ўжо пасьля гэтага будзем думаць, якія стасункі выбудоўваць з астатнімі ўдзельнікамі прэзыдэнцкай кампаніі.

— Але ў пытаньні вылучэньня Тацяны Караткевіч вы ўсё ж такі зьбіраецеся ісьці да канца?

— Мы зьбіраемся ісьці да канца. Але тактыку мы будзем выбіраць падчас кампаніі.

— Перамовы з астатнімі апазыцыйнымі структурамі будуць працягвацца?

— Не выключаем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG