Паэт, палітык і грамадзкі дзеяч Уладзімер Някляеў 9 ліпеня адзначыў 69-ю гадавіну свайго нараджэньня. Гэты дзень для яго прайшоў у працоўным рэжыме: Някляеў узяў удзел у паседжаньні ініцыятыўнай групы, якая ствараецца дзеля збору подпісаў за вылучэньне Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзыдэнты. Уладзімер Някляеў адказаў на некалькі пытаньняў Свабоды:
— Днямі вы заклікалі патэнцыйных удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі зьняцца з выбараў на карысьць палітвязьня Мікалая Статкевіча. Тыя, хто заявіўся на ўдзел у гэтай палітычнай кампаніі — Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Тацяна Караткевіч і іншыя, — вашай прапановы не прынялі. Як вы расцэньваеце гэткае становішча?
— Зь вялікім жалем. Бо тое, пра што апазыцыя кажа і казала ўсе гады — асабліва падчас значных палітычных кампаніяў і асабліва выбарчых кампаніяў — пра еднасьць, адзінства і кансалідацыю, — усё гэта вельмі добра клалася на падтрымку Мікалая Статкевіча як адзінага кандыдата. І тут прысутнічае ня толькі маральны, але і палітычны бок. Калі б Статкевіч быў адзіным кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году, то заўсёдны пераможца гэтых выбараў апынуўся б у нязвыклай для яго сытуацыі: альбо вызваляй палітвязьня, альбо перамагай самога сябе. Такая сытуацыя магла б істотна паўплываць на будучае разьвіцьцё падзеяў, на паляпшэньне сытуацыі ў краіне. На жаль, гэтага ня сталася.
— Заяўнікі на ўдзел у выбарчай кампаніі і актывісты, якія іх падтрымліваюць, абгрунтоўваюць сваю адмову ў тым ліку і аргумэнтам, што ствараць ініцыятыўную групу Міколы Статкевіча юрыдычна непісьменна і беспэрспэктыўна. Як бы вы адказалі на такія заявы?
— Што да заяў пра некарэктнасьць і юрыдычную недасканаласьць ідэі вылучаць Мікалая Статкевіча, бо гэта «не стыкуецца» з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь: а трымаць у турме ні ў чым не вінаватага чалавека — гэта «стыкуецца» зь якім-небудзь прававым дакумэнтам нашай краіны? Вырабляць з тымі людзьмі, якія ў турмах, тое, што вырабляецца ў турмах, — гэта стыкуецца зь якім-небудзь міжнародным дакумэнтам? Дык пра што вы кажаце? Што ўяўляе сабой гэты прагматызм і цьвярозасьць? Усе разумеюць, у чым насамрэч палягае адмова падтрымаць Статкевіча — гэта проста страх перад тым, што за гэтым можа стаяць карная рэакцыя ўладаў.
— На якім этапе фармаваньне ініцыятыўнай групы Статкевіча?
— Цяпер якраз праходзіць паседжаньне гэтай групы, і мы сутыкаемся з сытуацыяй, што тыя людзі, якія нібыта на словах падтрымліваюць вылучэньне Статкевіча, разумеюць, наколькі станоўча гэта можа паўплываць на наша грамадзтва і нашу будучыню, на практыцы ўсяляк ухіляюцца ад гэтай працы. Адзін толькі прыклад: ня ўсе незалежныя СМІ прымаюць прапанову наладзіць запіс у ініцыятыўную групу Статкевіча. Не разумею прычыны гэтай стрыманасьці. Але нічога — працэс ідзе, і людзей дастаткова, каб стварыць прыстойную ініцыятыўную групу.
— Як ідзе праца над стварэньнем руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі», стварэньне якога вы самі і ініцыявалі?
Ніякай дзяржаўнасьці і незалежнасьці ня можа быць без свабоды
— Гэты рух, які я ствараю, — гэта не палітычная, а грамадзкая арганізацыя. А таму дастаткова толькі згоды чалавека, каб падтрымаць ці ўвайсьці ў гэты рух. І людзі, якія ўвайшлі ў гэты рух ці зьбіраюцца ў яго ўваходзіць, на асабістым узроўні ў пераважнай бальшыні яго падтрымліваюць. Бо ўсім зразумела, што калі мы кажам пра дзяржаўнасьць і незалежнасьць, то ніякай дзяржаўнасьці і незалежнасьці ня можа быць без свабоды. Проста ня можа быць, бо свабода — аснова дзяржаўнасьці, незалежнасьці і маралі ў грамадзтве. Бо свабоднае грамадзтва маральнае апрыёры. Свабодным грамадзтва можа быць толькі тады, калі свабодным будзе кожны чалавек. Таму тут цалкам супадае ініцыятыва адносна Статкевіча з тымі ідэямі, якія мае рэалізоўваць рух «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі».
— Ці магчыма зараз спрагназаваць расклад палітычных сілаў і дзейнасьці апазыцыі ў пасьлявыбарчы пэрыяд? Ці будуць іх дзеяньні больш каардынаваныя і ўзгодненыя з пункту гледжаньня пэрспэктывы наступных выбараў?
— Я думаю, што на сёньня не канчаткова вызначанае становішча адносна ўдзелу апазыцыі ў выбарах, з пэрсаналіямі. Бо наперадзе працэс рэгістрацыі і збору подпісаў за кандыдатаў. Гэта можа істотна скарэктаваць паводзіны, якія мы бачым у дэмакратычнай супольнасьці сёньня.