Вярхоўная Рада Ўкраіны заклікала прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуду скарыстацца сваімі канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі і вэтаваць закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці, якім уводзіцца крымінальная адказнасьць за выказваньні пра нацысцкія лягеры сьмерці як пра «польскія» і за адмаўленьне злачынстваў украінскіх нацыяналістаў.
Такую заяву заяву сёньня падтрымалі 242 з 352 прысутных на сэсіі парлямэнту народных дэпутатаў Украіны. Заяву не падтрымала фракцыя “Апазыцыйны блёк”, створаная пасьля развалу Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча.
«Вярхоўная Рада Ўкраіны катэгарычна не прымае палітыку двайных стандартаў і навязваньне ідэй калектыўнай адказнасьці ўкраінскага народу, а таксама спробы польскага боку прыраўнаваць дзеяньні ўсіх змагароў за незалежнасьць Украіны да злачынстваў двух таталітарных рэжымаў ХХ стагодзьдзя — нацысцкага і камуністычнага», — адзначаецца ў заяве.
У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны перакананыя, што вэтаваньне закону дазволіць вярнуць ва ўкраінска-польскія дачыненьні «ўзважанасьць, рацыянальнасьць і добразычлівасьць».
Разгортваньне антыўкраінскіх настрояў здольнае непасрэдна паўплываць на правы і свабоды амаль мільёна ўкраінцаў, якія сёньня працуюць у Польшчы
«Распальваньне канфліктаў паміж традыцыйна сяброўскімі ўкраінскім і польскім народамі ляжыць у інтарэсах агульных ворагаў нашай дзяржаўнасьці і сувэрэнітэту, якімі былі нацысцкі і камуністычны рэжым, а сёньня — расейскі агрэсар і акупант. Нашу найбольшую трывогу выклікае той факт, што разгортваньне антыўкраінскіх настрояў і стварэньне атмасфэры ціску і запалохваньня здольныя непасрэдна паўплываць на правы і свабоды амаль мільёна ўкраінцаў, якія сёньня працуюць на тэрыторыі Польшчы дзеля яе эканамічнага росту ў тым ліку», — перакананыя дэпутаты ўкраінскага парлямэнту.
У заяве таксама выказаная заклапочанасьць у сувязі з дэманстратыўнымі акцыямі зьнішчэньня ўкраінскіх помнікаў на тэрыторыі Польшчы, нападаў на ўдзельнікаў рэлігійных урачыстасьцяў, сяброў украінскай грамады Польшчы.
1 лютага ў польскім Сэнаце адбылося галасаваньне за зьмены ў закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці, якімі ўводзіцца крымінальная адказнасьць за адмаўленьне злачынстваў «украінскіх нацыяналістаў», а таксама за прыпісваньне польскаму народу нацысцкіх злачынстваў.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў пра неаб’ектыўнасьць і катэгарычную непрымальнасьць заканадаўчых нормаў, што ўводзяцца ў Польшчы за выказваньні пра нацысцкія лягеры сьмерці як пра «польскія» і за адмаўленьне злачынстваў «бандэрызму».