У Расею на заробкі? Няма сэнсу!

Пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў Расеі з імклівай дэвальвацыяй рубля змушае беларускіх гастарбайтэраў вяртацца на радзіму, бо заробкі значна зьменшыліся. Некаторыя ня могуць атрымаць заробленае за некалькі месяцаў. Тыя, хто пабываў у Расеі, вярнуўшыся, шукаюць працу далей ад ейных межаў.

Багата жыхароў усходніх раёнаў Магілёўшчыны ўсё яшчэ працуюць у Расеі. Знайсьці працу з годным заробкам у сябе на радзіме, прызнаюцца яны, цяжка — вось і вымушаныя заставацца на чужыне, хоць імклівае абясцэньваньне расейскага рубля значна адбілася на заробках. Некаторых беларускіх гастарбайтэраў працадаўцы выправілі на радзіму, не разьлічыўшыся:

«З грашыма там зусім туга. Далі нам па пяць тысяч толькі, каб дадому даехаць. І сказалі пасьля Новага году прыехаць дарабіць, што не дарабілі, і як банкі адчыняцца, то аддадуць за тры з паловай месяцы грошы, — апавядае пра сытуацыю з заробкамі ў Расеі жыхар Хоцімскага раёну. — Такая сытуацыя практычна паўсюль. Абяцалі нам даць пасьля Новага году, але дзяржава грошы не пералічыла. Каля пяцідзесяці тысяч за месяц. Для Хоцімску гэта добра, а для Масквы гэта мала. Два дзясяткі чалавек нас працавала».

Суразмоўца кажа, што працаваў на будоўлі адміністрацыйнага корпусу на адным з абарончых расейскіх прадпрыемстваў. Калі сытуацыя нармалізуецца і не падмануць з выплатай заробленага, ён ня супраць папрацаваць там яшчэ, бо, паводле яго, у Хоцімску можа разьлічваць сама больш на тры мільёны. Працуюць на расейскім заводзе ня толькі беларусы, але і малдаване. Стаўленьне да гастарбайтэраў нядрэннае. Але ўратаваць ад абясцэньваньня заробленае ў Расеі цяжка, прызнаецца жыхар Хоцімску, бо валюты не купіць:

У іх раней была эўфарыя, як ва Ўкраіне пачалася вайна. Калі Крым назад узялі. А цяпер, калі шчыра, то пачынаюць задумвацца

«Там наагул купіць яе немагчыма. Але дзе можна ўсё ж купіць, цэны на яе вялізныя. Пад семдзесят рублёў за даляр. У іх раней была эўфарыя, як ва Ўкраіне пачалася вайна. Калі Крым назад узялі. Я даўно працую ў Расеі, дык назіраў. А цяпер, калі шчыра, то пачынаюць задумвацца».

Вяртаюцца ў Магілёў пасьля дэвальвацыі расейскай валюты і будаўнікі.

«Там курс упаў, і людзі пачалі вяртацца. Там яшчэ плацяць, але як: трыццаць тысяч расейскімі — цяпер гэта шэсьцьсот даляраў, а раней было — тысяча. Тое ж самае, што і тут», — апавядае пра заробкі магілёўскі будаўнік.

«А там жа яшчэ трэба аддаць на жытло. А яно там даражэйшае, чым у нас. Атрымліваецца, што заробак ужо меншы, чым у нас. Калі ўлетку такая сытуацыя працягнецца, то людзей яшчэ болей вернецца».

Усё ідзе да таго, што раён трэба далучаць альбо да Смаленскай вобласьці, альбо да Магілёва

Калі раней з усходніх раёнаў Беларусі людзі адзін аднаго выцягвалі на заробкі ў Расею, то цяпер сытуацыя паволі мяняецца. На зьмену расейскаму кірунку прыходзіць менскі. Нямала тутэйшых будаўнікоў і кіроўцаў зарабляюць у сталіцы Беларусі:

«Расея бліжэй, я гэта разумею, што гэта так, але зь іхным курсам рубля выходзіць, што няма сэнсу туды ехаць. Былі і ў мяне такія думкі і спробы, але неяк ня склалася. Ёсьць такая хітрая рэч, як інтэрнэт. Празь яго знайшлі працу ў Менску і паехалі туды працаваць», — апавядае кіроўца зь Мсьціслава.

Суразмоўца кажа, што спрабаваў знайсьці працу ў райцэнтры, але тамтэйшыя заробкі, лічыць ён, зьневажальныя для мужчыны. У Менску сытуацыя іншая:

«Калі тутэйшыя заробкі — 300–350 даляраў, груба кажучы, а ў Менску — тысяча ці хаця б сямсот, то розьніца істотная. Бальшыня маіх знаёмцаў стараюцца выправіцца ў бок Менску. Заробкі тут для нас неблагія. У нашай сельскай мясцовасьці наагул нікога не засталося. У вёсках працуюць тыя, каму да пэнсіі засталося год-два, ці тыя, хто гарэлку любіць. Усё ідзе да таго, што раён трэба далучаць альбо да Смаленскай вобласьці, альбо да Магілёва».