29 сьнежня на плошчы імя Янкі Купалы ў ізраільскім Ашдодзе ўрачыста ўсталююць памятны знак у гонар беларускага паэта.
Як у Ізраілі зьявіліся «купалаўскія мясьціны», Радыё Свабода апавёў Ісаак Цфасман — кіраўнік Ашдодзкага аддзяленьня аб’яднаньня выхадцаў зь Беларусі ў Ізраілі. Ён згадвае, што плошча імя Купалы зьявілася ў Ашдодзе яшчэ ў 2012 годзе.
«У Ізраілі быў амбасадар Ігар Ляшчэня (амбасадар Беларусі ў Ізраілі ў 2006-2012 — РС). У яго зьявілася ідэя зрабіць помнік Янку Купалу на тэрыторыі Ізраілю. Ён зьвярнуўся да мяне. Я ягоную ідэю падтрымаў, зьвярнуўся да намесьніка мэра Барыса Гітэрмана. Ён нас выслухаў і паабяцаў, што зробіць усё магчымае і немагчымае, каб была вуліца ці плошча імя Янкі Купалы», — распавёў Ісаак Цфасман.
Спадар Ісаак узначальвае аб’яднаньне ўжо 20 год. Цяпер у ім больш за тысячу сяброў, а ўсяго ў Ашдодзе — 10 тысяч выхадцаў зь Беларусі, кажа Цфасман. Дабіцца «купалізацыі» габрэйскага гораду было «вельмі цяжка.
Янка Купала. «Жыды»
Янка Купала. «Жыды»
Жыды! «Хрыстапрадаўцы і прыблуды»!
О, слава вам, ўсебеларускія жыды!
Я веру вам, хоць чорнай гразьзю ўсюды
Плюе вам раб і цар, стары і малады.
Нявольнікі вы сёньня з намі разам
На беларускай змучанай зямлі,
Дзе чорны зьдзек пасьвенчаным абразам
Гняце вас разам, як зьвяр’ё, ў крутой пятлі.
Вы ўскрэсьнеце, жыды, усьлед за Беларусяй, —
Сьцяг ваш і нашая паходня будуць жыць,
Хоць наш магільнік кветкай апрануўся,
Хоць згубны мор над намі гібеляй імжыць!
Ня згасьлі вашы і ня згаснуць сьвечкі, —
Вы для народаў далі мудрага Хрыста,
Якому ўзьнесьлі грэшныя авечкі
Муры, дзе векі бьець паклоны бедната.
Таго ж Хрыста прыбілі вы да крыжа,
Бо ён вам ворагам для Бацькаўшчыны быў,
I распасьцерці сваю ўладу выжай
Народ ваш меціўся пад водгаласы ніў.
Але вам край ваш выдзерлі народы,
На вечнае бадзяньне ў прочкі згналі вас,
I разбрыліся вы — ўсе вашы роды
Па нэтры ўсіх старон на векавы папас.
I вось, Усход і Захад, Поўдзень, Поўнач,
Уся зямля гасьцьмі тады вас прыняла,
Вы ўсім і ўсе нясьлі вам братню помач,
Вы ўсіх тады і ўсе вас сьцераглі ад зла.
Калі ў Гішпаньі ўзбунтаваны людзі
З сваёй краіны выгналі вас напасьмех,
На беларускім полі вашы грудзі
На век знайшлі дняваньне, страву і начлег.
Шлі дні. I вас у ланцугі скавалі
Бязбожны каралі і дэспаты-цары.
Адны вас беларусы шанавалі,
Як блізкіх родных — да сьвятлейшае пары.
Масква й Варшава аплюлі вам імя
I ў дзікай чэрні ненавісьць спладзілі к вам,
А Беларусь пад крыльлямі сваімі
Вас грэла й вашым нянькаю была дзяцям.
Пасьля, жыды, вы зрэкліся народу,
Які вам шчыра даў багацьце і прыпын;
Пайшлі прыдбаць сабе чэсьць і выгоду:
Да сільных тых, хто даў вам вісельню і чын!
Раскіданыя гібнуць па ўсім сьвеце.
Вы Месіі чакаеце яшчэ, жыды, —
Тэй Месіі ждуць Беларусі дзеці.
I з вамі пойдуць, як вы з намі, ўсе тады.
Ваш ясны сьветач там, дзе Палестына,
Наш ясны сьветач — Маці-Беларусь адна;
Спадзе ланцуг ваш у сьляпым загіну,
Спадзе ланцуг наш і зазьзяе ўсім вясна!
Цяпер за вамі слова ў буру гэту:
Пайці ці не, з народам нашым да сьвятла...
Пара, жыды, паны усяго сьвету,
Сплаціці доўг, які вам Беларусь дала!
1919
„Пытаньне аб прысваеньні імені Купалы плошчы вырашалася ў муніцыпалітэце. Шмат хто быў супраць. Нават адзін выхадзец з Расеі заявіў: „гэта ж антысэміт“. Мне давялося тэрмінова мабілізаваць усе знаёмствы. Доктар навук мянчук Леанід Смілавіцкі даслаў мне верш „Дзевяць асінавых кольляў“. Там было такое
„Іх вывелі дзевяць маіх беларусаў,
Іх вывелі дзевяць яўрэяў маіх,
Зямлі беларускай людзей сівавусых,
Людзей непавінных, мне родных, блізкіх“.
Я яму даслаў гэты верш, тады ён супакоіўся і далі дабро“, — узрушана кажа спадар Ісаак.
А 29 сьнежня на плошчы ўсталююць памятны знак у гонар Янкі Купалы.
„Запрошаны сам Ігар Ляшчэня, прадстаўнікі міністэрства культуры прывязуць нават выставу, прысьвечаную Янку Купалу. Яна прыбудзе ў бліжэйшыя дні, — апісвае будучую падзею Ісаак Цфасман. — Мы запрасілі ізраільскі 9 канал, зробім усё ў сьвяточнай атмасфэры“.
„Гэта ўпершыню ў сьвеце, каб беларусу на сьвятой зямлі паставілі помнік!“ — кажа Цфасман — А мы змаглі „пераламіць“, і такое будзе ў нас сьвята 29 сьнежня».
Паводле Цфасмана, беларускае жыцьцё ў Ашдодзе віруе.
«29 лістапада беларускаму зямляцтву споўнілася 60 год. Спачатку габрэі, якія прыехалі з заходняй Беларусі, стварылі маленькую супольнасьць, а цяпер у нас каля 180 тысяч сяброў! Мы ў той дзень зрабілі сьвята, прыяжджалі да нас Ціхановіч і Паплаўская (беларускія музыкі Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская — РС.), далі нам цудоўны канцэрт. Нашыя людзі прынялі іх з захапленьнем!» — горача тлумачыць спадар Ісаак.
Сам спадар Цфасман пераехаў у Ізраіль зь Менску, 37 гадоў адпрацаваў тут у трамвайна-тралейбусным упраўленьні. «Дзеці мае тут — дачка, сын. Унукі служаць у войску, абодва афіцэры. Нічога асаблівага ў маёй біяграфіі няма», — кажа ён.
Але за часы існаваньня беларускага зямляцтва ў Ашдодзе ўсталявалі помнік загінулым у Беларусі габрэям, а таксама высадзілі ў іх памяць гай у тысячу дрэваў.
«Калі мы адкрывалі, то нават прыяжджаў міністар па справах рэлігій», — кажа спадар Ісаак. — Стараемся, каб нашая абшчына жыла, праводзім экскурсіі, канцэрты. Не такія мы ўжо і маладыя, але стараемся. Я ўжо 11 год запар арганізоўваю адпачынак у санаторыі Сасновы бор. Сёлета сам быў, сустракаўся ў Менску зь сябрамі. Не забываем нашыя родныя краі«.
Што да вядомасьці Янкі Купалы ў ізраільскім горадзе, то, як распавядае Цфасман, «канечне, старажылы тут ня ведаюць, хто такі Купала».
«У нас тут з усіх краінаў людзі. Зараз неспакойна на Ўкраіне, дык украінцы масава едуць, французы, этыёпы. Але 40% насельніцтва ў нас расейскамоўнае. Ашдод — горад малады, на беразе Міжземнага мора, вельмі прыгожы. І людзі маладыя разумеюць і прыйдуць. І ня толькі беларусы», — кажа Ісаак Цфасман.