Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб мы, беларусы, не былі такімі дурнымі, даўно ўвялі б ідыш у школе» — гісторыя адраджэньня былой дзяржаўнай мовы


Шыльда над унівэрсальнай крамай у Менску, фота з эмігранцкай прэсы
Шыльда над унівэрсальнай крамай у Менску, фота з эмігранцкай прэсы

Свабода пагаварыла з Алесем Астравухам, аўтарам Ідыш-беларускага слоўніка. Рэстаўратар, перакладчык і настаўнік, Алесь Астравух лічыць, што адраджэньне беларускай мовы немагчымае без адраджэньня ідышу.

На 1920-я гады прыйшоўся росквіт гэтай мовы, а ў 1980-х гадах яе ўжо амаль немагчыма было пачуць у гарадах. Аднак, дзякуючы «брэжнеўскаму застою», пачалося яе адраджэньне. Гаворка ідзе пра ідыш, які цалкам паўтарае лёс беларускай мовы ў XX стагодзьдзі. Свабода пагаварыла з Алесем Астравухам, аўтарам Ідыш-беларускага слоўніка. Рэстаўратар, перакладчык і настаўнік, Алесь Астравух лічыць, што адраджэньне беларускай мовы немагчымае без адраджэньня ідышу.

Дзяржаўнай мовай ідыш ня быў нідзе ў сьвеце, акрамя Беларусі

Сёньня гэта цяжка ўявіць, але менш як стагодзьдзе таму нашы гарады і мястэчкі гучалі зусім па-іншаму. Большасьць насельніцтва ў іх складалі габрэі. Нездарма ідыш атрымаў статус дзяржаўнай мовы ў БССР. На ідыш былі шыльды на дзяржаўных установах, на ідыш гучала афіцыйная прамова на адкрыцьці БДУ ў 1921 годзе.

Таксама на ідыш быў і надпіс на дзяржаўным гербе, побач з астатнімі дзяржаўнымі мовамі: беларускай, польскай і расейскай.

Увогуле БССР у міжваенны час застаецца адзінай краінай у гісторыі, дзе ідыш меў статус дзяржаўнай мовы. Разам зь беларусізацыяй у 1920-я гады пашыраўся й ужытак ідышу. У БССР было адкрыта больш за трыста школаў з мовай ідыш. Пры Саюзе пісьменьнікаў БССР была створана ідышская сэкцыя, а менская харальная сынагога ў 1926 годзе пераўтварылася ў Дзяржаўны габрэйскі тэатар БССР.

Але нацыянальныя ганеньні, распачатыя Сталіным у 1930-я гады, распаўсюдзіліся й на беларускую, і на габрэйскую інтэлігенцыю. Уся ідышская сэкцыя была разагнаная, а потым, як і беларусаў, пісьменьнікаў-габрэяў расстралялі.

На зьмену сталінскім рэпрэсіям прыйшоў Гітлераўскі галакост, а за ім — савецкі пасьляваенны антысэмітызм. Усе гэтыя перасьледы й зьнішчэньне носьбітаў ідышу не пакінулі мове шанцаў на афіцыйны ўжытак. Калі да вайны ў Беларусі жыло каля 1 мільёну габрэяў, то па перапісе 2009 году — усяго 13 тысяч чалавек.

«Гэта страшэнная трагедыя, — кажа Алесь Астравух. — Хто ведаў ідыш і ацалеў, хаваліся ў невялікіх мястэчках і ў мэтах выжываньня займаліся зусім іншым, далёкім ад роднай мовы».

Алесь Астравух
Алесь Астравух

Амсьціслаў — новая радзіма сучаснага ідышу

Алесь Астравух у першы раз пачуў ідыш у Амсьціславе. Гэты горад стаў новай радзімай сучаснага ідышу. Там у пачатку 1980-х працавалі рэстаўратары пад кіраўніцтвам Алега Хадыкі — тагачаснага выкладчыка Тэатральна-мастацкага інстытуту.

Хадыка — карэнны мянчук, які вырас на пасьляваеннай Старажоўцы. У ягоным маленстве ідыш яшчэ гучаў ва ўсіх старажоўскіх дварах. Паступова мова зьнікла, але Хадыка захаваў жывое пачуцьцё мовы ідыш і перадаў сваім вучням жаданьне вывучаць яе.

Першай крыніцай мовы стала «Краткая литературная энциклопедия», выдадзеная ў Маскве ў 1970-х гадах, дзе надрукавалі альфабэт ідышу. Таксама ў Маскве выходзіў часопіс на ідышы «Sovetiš Hejmland» («Савецкая Радзіма»). У кнігарнях на паліцах дзе-небудзь у цёмных кутах стаялі перавернутыя «дагары карэньчыкамі» нешматлікія паэтычныя зборнікі на ідышы. Нарэшце, дапамог сам Леанід Брэжнеў. Тры ягоныя кніжкі ўспамінаў былі перакладзеныя на ўсе мовы Савецкага Саюзу, у тым ліку на ідыш — літара ў літару, слова ў слова. Гэтая кніжка й стала першым сапраўдным падручнікам ідышу для рэстаўратараў.

У пачатку 80-х гадоў у Амсьціславе Алегу Хадыку надарылася ўпершыню запісаць жывую гаворку на ідышу ад носьбітаў мовы. Тут, далей ад Менску, габрэі, што перажылі вайну, не былі так запалоханыя, як жыхары сталіцы. Пазнаёміўшыся з Рывай Міркінай, Аўрамам Ліпковым, рэстаўратары сталі запісваць песьні ды прыказкі на ідышы.

Студэнт 5-га курсу Акадэміі мастацтваў, Алесь Астравух разам зь іншымі студэнтамі патрапіў у Амсьціслаў упершыню ў 1984 годзе.

«Цяжка патлумачыць, але ідыш стаў неабходным сродкам нашага існаваньня, — згадвае Астравух. — Мы жылі далёка ад дому, у цяжкіх умовах, і вывучэньне ідышу стымулявала наш інтарэс да творчай працы».

Герб БССР 1927—1937 гадоў з надпісамі на чатырох мовах
Герб БССР 1927—1937 гадоў з надпісамі на чатырох мовах

Для беларусаў ідыш — не замежная мова

Пасьля штогадовых практык у Амсьціславе, рэстаўратары-бастыльянцы (творчая рэстаўрацыйная майстэрня ў тыя часы мела найменьне «Бастылія», зараз жа афіцыйна завецца «Басталія») сталі першымі, хто пачаў сьвядома размаўляць на ідышы й увёў яго ў штодзённую практыку. Яны зрабілі ідыш дзейсным пэдагагічным сродкам выхаваньня новага пакаленьня беларускіх рэстаўратараў.

«Гэта быў рэстаўрацыйны праект, — кажа Астравух. — Рэстаўратар звычайна бярэцца за справу, за якую ніхто ўжо не бярэцца. Тое самае было і зь ідышам».

Габрэі жылі поруч зь беларусамі 700-800 гадоў, яны — карэнны народ на гэтай зямлі, і ідыш — таксама наша карэнная мова

Што такога асаблівага ў ідышы, што рэстаўратары сталі апантанымі ім? Астравух кажа, што гэта цалкам наша, зразумелая беларусам мова.

«Габрэі жылі поруч зь беларусамі 700-800 гадоў, яны — карэнны народ на гэтай зямлі, і ідыш — таксама наша карэнная мова».

У гэтай мовы германска-старагабрэйска-славянская лексіка са славянскай фанэтыкай і граматыкай. Ідыш адносяць да германскіх моваў. А Алесь Астравух называе яго «эўрапейскай трасянкай», якая ўвабрала ў сябе ўсё самае лепшае з розных моваў. А таму празь яго нашмат прасьцей іх вывучаць. Алесь Астравух нават прапануе ўключыць ідыш у абавязковую праграму ў беларускіх школах, паколькі ідыш для беларусаў — не замежная мова.

«Каб мы, беларусы, не былі такімі дурнымі, даўно ўвялі б ідыш у школу».

Нехта з моладзі кідаецца ў скінхэды, іншыя — у ідыш

Паколькі ідыш паўтарае лёс беларускай мовы, на той самы час прыходзіцца й ягоны росквіт, і заняпад. А таму, мяркуе Алесь Астравух, бязь ідышу немагчымае адраджэньне й беларускай мовы.

«Празь яго можна вярнуць і мову, і годнасьць. Бязь ідышу сёньня, мне здаецца, не абысьціся».

Ён расказвае пра выпадкі, калі праз рэстаўратараў шмат розных людзей, атрымаўшы «прышчэпку на ідыш», потым прыходзілі й да беларускай мовы.

«Моладзі нестае абвостранай зацікаўленасьці, нечага незвычайнага. А яшчэ ў яе шмат энтузіязму й бескарысьлівасьці. Хочацца чагосьці, невядома чаго, ты кідаесься ў любы бок. Адныя кідаюцца ў скінхэды, іншыя — у ідыш».

Яшчэ ў 1980-я гады мы хадзілі па Парку Чалюскінцаў, дзе можна было пачуць, як старыя людзі між сабой размаўляюць на ідышы

Як і беларуская мова, ідыш пачаў адраджацца напрыканцы 1980-х — пачатку 1990-х і ў габрэйскім асяродзьдзі. Але з адкрыцьцём межаў габрэі, апошнія тутэйшыя носьбіты ідышу, сталі масава выяжджаць зь Беларусі.

«Яшчэ ў 1980-я гады мы хадзілі па Парку Чалюскінцаў, дзе можна было пачуць, як старыя людзі між сабой размаўляюць на ідышы. А потым габрэі зьехалі. Пасьля столькіх гадоў перасьледу, яны ўжо нікому ня верылі».

Таму ідыш адраджаўся з большага не габрэямі. Ні Хадыка, ні Астравух, ні большасьць іншых рэстаўратараў, у чыім асяродзьдзі жыве ідыш, ня маюць габрэйскіх каранёў.

Я ня ведаю ні ідышу, ні беларускай мовы, але хачу выдаць гэты слоўнік

Гэтак жа выпадкова, як Алесь Астравух пазнаёміўся зь ідышам у 1980-я, ён знайшоў фундатара для свайго слоўніка.

Адзіны Ідыш-беларускі слоўнік, складзены Самуілам Плаўнікам (Зьмітрок Бядуля — Р.С.), выйшаў у 1935 годзе. У гістарычным віры ацалелі толькі адзінкавыя экзэмпляры. Ужо ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя рэстаўратары Алег Хадыка, Мікола Залатуха, Сяргей Верамейчык і іншыя пачалі складаць першыя картатэкі ідышу.

«1 верасьня 1998 году я сеў за кампутар і набраў першыя словы для новага Ідыш-беларускага слоўніка», — згадвае Аставух.

Неяк выпадкова ў 2007-м годзе ён пазнаёміўся зь бізнэсоўцам з Расеі. Андрэй (Аўрам) Гарбенка — нэахасыд, прыехаў у Беларусь па мэблю. І праз паўдня знаёмства з Астравухам, ужо стоячы на вакзале, расеец раптам прыняў нечаканае рашэньне:

«Я ведаю, дзеля чаго я прыяжджаў. Непатрэбная мне гэтая мэбля, але мы разам мусім выдаць слоўнік. Я ня ведаю ні ідышу, ні беларускай мовы, але я ахвярую грошы на гэтае выданьне, бо для хасыдаў ідыш — сьвятая мова».

Ідыш-беларускі слоўнік
Ідыш-беларускі слоўнік

І ўжо ў наступным годзе ў менскім выдавецтве «Мэдысонт» зьявіўся на сьвет Ідыш-беларускі слоўнік, складзены Алесем Астравухам.

Слоўнік Астравуха ўнікальны для Беларусі, але ў сьвеце штогод зьяўляюцца новыя слоўнікі ідышу.

Блізу 1,5 мільёнаў артадаксальных габрэяў, раскіданых па ўсім сьвеце, і сёньня зьяўляюцца носьбітамі гэтай мовы. У 70 унівэрсытэтах сьвету дзейнічаюць факультэты ідышу. У Ізраілі, ЗША, Францыі, Польшчы, Украіне, Расеі штогод праходзяць курсы па вывучэньню ідышу. Таксама й пры Віленскім унівэрсытэце створаны Інстытут ідышу, дзе ўжо 17 гадоў запар праводзіцца летнік па вывучэньні гэтай мовы.

Вялікую нішу займаюць суполкі ідышыстаў і ў сацыяльныя сетках. Чым патлумачыць такі інтарэс да мовы, у якой ужо няма ні дзяржавы, ні этнасу, які на ёй размаўляе? Алесь Астравух лічыць, што ідыш вылучае чалавека са штодзённасьці.

«На ідышы не заробіш, але ён дае нейкую іншую ступень — і ты глядзіш на рэчы па-іншаму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG