У Менску разьвіталіся з Анатолем Грыцкевічам

Your browser doesn’t support HTML5

У касьцёле Сьвятых Сымона і Алены ў Менску адбылася цырымонія разьвітаньня з гісторыкам, навукоўцам і грамадзкім дзеячам Анатолем Грыцкевічам, які памёр 21 студзеня на 86-м годзе жыцьця. У апошні шлях гісторыка-адраджэнца прыйшлі правесьці дзясяткі беларусаў, для якіх Анатоль Грыцкевіч адкрываў гісторыю нацыі.

Труну зь целам Анатоля Грыцквіча паставілі ў менскім Чырвоным касьцёле, куды ад ранку з кветкамі і сьвечкамі рушылі калегі-навукоўцы, выкладчыкі, былыя студэнты, палітыкі, мастакі, пісьменьнікі і грамадзкія дзеячы. Для бальшыні з прысутных Анатоль Грыцкевіч быў увасабленьнем беларускасьці, энцыкляпэдычнай дасьведчанасьці, узору шляхетнасьці, кажа старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, які доўгі час працаваў пад кіраўніцтвам Анатоля Грыцкевіча ва Ўнівэрсытэце культуры:

«Яго вельмі любілі студэнты. Ён першы пачаў выкладаць па-беларуску яшчэ ў тыя савецкія часы. Ён выдатны энцыкляпэдыст — пісаў сотні артыкулаў ва ўсе энцыкляпэдыі Беларусі. Ён першы адрадзіў беларускую генэалёгію, яшчэ ў савецкія часы першым напісаў пра Слуцкае паўстаньне, першы пачаў выкладаць гістарычную геаграфію Беларусі. І нават у апошнія гады жыцьця, калі ўжо з дому не выходзіў, напісаў выдатныя кнігі — пра вайну ва Ўкраіне і пра савецка-польскую вайну. Ён працаваў да апошняга».

Месца разьвітаньня з памерлым — менскі Чырвоны касьцёл — было абрана не выпадкова: Анатоль Грыцкевіч — адкрывальнік невядомых старонак з гісторыі хрысьціянства ў Беларусі, адзін з аўтараў спэцкурсу для ВНУ па гісторыі каталіцкага касьцёла ў Беларусі, ён стаяў каля вытокаў беларускай грэка-каталіцкай супольнасьці.

А дванаццатай гадзіне за супакой душы памерлага распачалася служба паводле грэка-каталіцкага абраду, якую ўзначаліў архімандрыт Сяргей Гаек. Па яе завяршэньні набажэнства адправілі каталіцкія сьвятары на чале з пробашчам Чырвонага касьцёла Ўладыславам Завальнюком. Прамаўляючы да прысутных, а. Сяргей Гаек сказаў:

«Хто штосьці ведае аб працах брата Анатоля, той можа асэнсаваць каштоўнасьць ягонага жыцьцёвага подзьвігу. Подзьвігу, які меў карані яшчэ ў савецкія часы, калі непамысна нават было думаць, што хтосьці яшчэ жыве на гэтай зямлі і гэты „хтосьці“ — беларусы. У той час усе павінны былі быць савецкімі на савецкай зямлі. І тое, што з гэтай няволі наш народ пачаў выходзіць — гэта заслуга, вынік змаганьня нашых шматлікіх братоў і сясьцёр у мінулых стагодзьдзях, сярод якіх і брат Анатоль».

Сьвятары таксама зачыталі ліст са словамі разьвітаньня, дасланы прадстаўніком папы Рымскага ў Беларусі, арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцьці, дзе, у прыватнасьці, афіцыйны прадстаўнік Ватыкану адзначыў:

«Давяраем Богу гісторыка, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў пошуку гістарычных дакумэнтаў душы свайго народа, каб распавесьці яе беларусам. Народ, які губляе сваю гістарычную памяць, губляе сябе. Прафэсар Анатоль Грыцкевіч дапамог беларусам адкрыць частку сваёй душы».

Разьвітаньне з Анатолем Грыцкевічам

У адрозьненьне ад духавенства, дэлегацыяў афіцыйных навуковых і дзяржаўных структураў на разьвітаньні не было. Аб пахаваньні разам зь сям’ёй клапацілася Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. Акадэмік Радзім Гарэцкі на разьвітаньне з паплечнікам і сябрам сказаў.

«Анатоль Пятровіч — выдатнейшы, цудоўны чалавек, зь якім я доўга-доўга сябраваў. Мы ж былі таксама зь ім сустаршынямі Зьезду незалежнасьці ў 2000 годзе, сябрамі Таварыства беларускай мовы ў Літве. І калі мы туды езьдзілі — гэта былі самыя прыемныя ўражаньні, бо гэта чалавек быў незвычайнага аптымізму і гумару. Канечне, для мяне гэта вельмі балюча і для мяне гэта вялікая страта, як і страта для ўсёй нашай Беларусі і ўсяго нацыянальнага Адраджэньня. Я думаю, што ён, канечне, навечна ўпісаў сваё імя ў гісторыю Беларусі і ў гісторыю нашага Адраджэньня. І ягонае імя будзе жыць вечна. Жыве ягонае імя, жыве Беларусь!»

Доктар навук, прафэсар Анатоль Грыцкевіч — аўтар шасьці манаграфіяў і больш як тысячы навуковых публікацыяў. У 2012 годзе ў сэрыі «Беларускі кнігазбор» выйшаў том ягоных выбраных працаў, манаграфіяў па гісторыі Беларусі. Анатоль Грыцкевіч таксама стаяў ля вытокаў нацыянальна-культурнага і духоўнага адраджэньня Беларусі канца 1980-х. Па ягоных навуковых працах гісторыю Беларусі вывучала не адно пакаленьне беларусаў.

Духоўна блізкім і зразумелым Анатоль Грыцкевіч застаецца і маладому пакаленьню, кажа палітык Павал Севярынец:

«Перадусім — ён прыклад ахвярнасьці: ён працаваў адзін за цэлы навукова-дасьледчы інстытут, напісаў дзясяткі кніг і сотні публікацыяў. А для мяне ён сябра, які найбольш пісаў лістоў з падтрымкай яшчэ ў Малое Сітна, не зважаючы на агромністую сваю занятасьць. Калі ён пісаў у Куплін, то было бачна, што кожная літара даецца яму зь цяжкасьцю. І вось гэтая ахвярнасьць, калі дзеля падтрымкі іншага чалавек высільваецца — гэта вялікі прыклад для маладых беларусаў. Думаю, што Анатоль Грыцкевіч — гэта крыніца натхненьня для дзясяткаў і сотняў маладых гісторыкаў, маладых патрыётаў».

Анатоль Грыцкевіч (1929-2015 гг)

Родам з-пад Слуцку, Анатоль Грыцкевіч вяртаў праўду пра Слуцкі збройны чын, пра расейскую агрэсію супраць Беларусі на розных гістарычных этапах. Прадстаўнік шляхетнага роду Грыцкевічаў, вядомага з 1514 году, адну з апошніх кніг прысьвяціў 500-годзьдзю бітвы пад Воршай. І, гэткім чынам, быў сярод першых адраджэнцаў традыцыі беларускай шляхты пасьля дзесяцігодзьдзяў савецкага забыцьця. Пра гэта ў слове памяці сказаў пісьменьнік Уладзімер Арлоў:

«Ягоны далёкі продак баярын Юхно-Грыцкевіч удзельнічаў у Аршанскай бітве і вярнуўся зь яе пераможцам. Анатоль Грыцкевіч таксама, як і ягоны продак, быў рыцарам, быў ваяром. Ён ваяваў за гістарычную праўду. Ён, як і калісьці Скарына, быў мэдыкам паводле адукацыі і нават некаторы час лекаваў людзей. Але пазьней, як і наш вялікі гуманіст, абраў іншы шлях. Як і Скарына, ён вырашыў лекаваць душы людзкія, даваць людзям тое, што Скарына называў Бронямі духоўнымі — даваць ім сілы, вяртаючы праўду пра гісторыю, лекуючы ад бяспамяцтва. Вечная памяць».

Пасьля разьвітаньня труну зь целам перавезьлі ў менскі крэматорый. Парэшткі Анатоля Грыцкевіча будуць пахаваныя на Ўсходніх могілках Менску.