Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк: «У часы дубаломнай савецкай навукі Грыцкевіч ніколі не славасловіў рэжым»


Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк

«Доктар навук, прафэсар, фронтавец Анатоль Грыцкевіч быў вялікім чалавекам, бо адпавядаў усім крытэрам вялікага Беларуса», — піша старшыня КХП-БНФ Зянон Пазьняк.

Вельмі цяжка ўсьведамляць страту, калі адыходзяць вялікія людзі. Доктар навук, прафэсар, фронтавец Анатоль Грыцкевіч быў вялікім чалавекам, бо адпавядаў усім крытэрам вялікага Беларуса: грамадзка-нацыянальная пазыцыя адраджэнца, талент дасьледчыка, рознабаковая адукацыя, глыбокія веды, навуковыя здабыткі і грамадзка-палітычная дзейнасьць на карысьць Беларусі і беларускага народа.

Раздумляючы над жыцьцём і канчынай доктара Грыцкевіча, усьведамляеш, што краіна перажывае час, калі зыходзіць і пакідае гэты сьвет моцнае пакаленьне беларусаў, якое засьведчыла сябе ў 60-х і потым у неверагодна цяжкіх умовах брэжнеўшчыны і машэраўшчыны, калі нішчылася ўсё беларускае, — у неверагодна цяжкіх умовах яно ўздымала Беларусь, літаратуру, навуку і праўду, кавала і рыхтавала будучую Незалежнасьць Айчыны.

Яны ўсе з 60-х — Быкаў, Барадулін, Конан, Бураўкін, Чарняўскі, Грыцкевіч, дзясяткі паплечнікаў і моцных людзей. Яны — наша высокая гісторыя і культура. Шкода. Шкода расставацца ў страчаным часе. Але думаю, што іхняе добрае жыцьцё, творчасьць і праца спрычыняцца да таго, што зноў народзіцца моцнае пакаленьне моцных беларусаў, падхопіць і панясе наперад сьвяты Беларускі Сьцяг.

У часы «абэцэдаршчыны» і савецкай дубаломнай навукі Грыцкевіч як гісторык здолеў (што ня кожнаму ўдавалася) годна і грунтоўна адстойваць праўду беларускай гісторыі, выдаваць кнігі і нідзе не славасловіць рэжым, які патрабаваў і прагнуў словаблудзтва. Навуковая грунтоўнасьць і праўда была перавагай доктара Грыцкевіча і зброяй змаганьня, бо пры саветах за навуку ішла барацьба.

Калі ўтварыўся Беларускі Народны Фронт, доктар Грыцкевіч быў у Фронце і потым у Партыі Фронта (КХП — БНФ) ад пачатку і да апошняга дня. Ён быў грамадзянінам сваёй краіны, надзейным чалавекам, з моцным ідэёвым грунтам і выразнай пазыцыяй. І нідзе пад варожым ціскам — ні ў навуцы, ні ў палітыцы — не дапускаў фальшывых нот. Якія б ні былі пэрыпэтыі змаганьня і перамены сіл, я заўсёды ведаў, дзе будзе Грыцкевіч і што мы станем рабіць.

Вельмі добра быць, змагацца і працаваць разам з такімі людзьмі. Род ягоны шляхетны цягнецца з 1514-га з-пад самой пераможнай Воршы. І мы тут таксама выйгралі нашу гістарычную бітву пад Воршай. І хоць вайна працягваецца, нішто ня зьнішчыць нашай перамогі.

Гістарычны, навуковы і грамадзкі здабытак доктара Грыцкевіча будзе з удзячнасьцю помны ўсімі добрымі людзьмі Беларусі.

Спачуваньні родным і блізкім. Вечная памяць ягонай душы, дзеям і справам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG