Актывіст Вітольд Ашурак зь Бярозаўкі Лідзкага раёну аштрафаваны на 10 базавых велічынь — мільён 800 тысяч за ўдзел у Сьвіслачы ў акцыі ўшанаваньня памяці паўстанцаў 1863 году.
Паводле актывіста, супраць яго сьведчылі двое міліцыянтаў. Сам ён таксама не адпрэчваў, што прысутнічаў у Сьвіслачы і Якушоўцы на мерапрыемствах па ўшанаваньні памяці паўстанцаў. Разам зь іншымі ўскладваў кветкі і запальваў зьнічы.
— Прысуд быў прадказальны, і я ня першы, каго асудзілі за ўшанаваньне памяці паўстанцаў. Вінаватым сябе не лічу, паколькі за тое, што людзі ўшаноўваюць памяць сваіх нацыянальных герояў ні ў адной краіне ня судзяць. Відавочна, што нас усіх імкнуцца запалохаць, але і пасьля гэтага прысуду я зрабіў выснову, што і надалей буду ўдзельнічаць у беларускіх патрыятычных акцыях.
31 кастрычніка 2015 году ў гарадзкім пасёлку Сьвіслач і вёсцы Якушоўка, дзе было родавае гняздо Каліноўскіх, грамадзкія актывісты Гарадзеншчыны ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 году, усклалі кветкі да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальд Траўгуту і да магілы Віктара Каліноўскага, старэйшага брата кіраўніка паўстаньня 1863 году. Сьвіслацкія ўлады палічылі мерапрыемства несанкцыянаванай акцыяй.
19 лістапада за ўдзел у акцыі быў асуджаны сьвіслацкі актывіст Юры Глебік на чатыры з паловай мільёна рублёў, а 3-га сьнежня гарадзенцы Віктар Сазонаў і Эдвард Дзьмухоўскі былі асуджаныя на мільён 800 тысяч кожны. Пазьней Уладзімера Хільмановіча асудзілі на 7 мільёнаў 299 тысяч рублёў. Вядома, што пратакол складзены і на Віталя Гуляка з Ваўкавыска. Летась за ўдзел у акцыі па ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году былі асуджаныя 18 чалавек.