На аўтамабіль «Фальксваген Туран» таксіста Леаніда Кулакова накладзены арышт. Адпаведны дакумэнт да Кулакова прыйшоў 4 лютага з «Органа прымусовага выкананьня Першамайскага раёна Менска». Падпісала дакумэнт судовая выканаўца Людміла Клыга — тая самая, якая больш за тыдзень таму арыштоўвала аўтамабіль Зьмітра Дашкевіча і, як сьцьвярджае жанчына, пацярпела пры інцыдэнце. Паводле дакумэнта, забраць аўтамабіль Леаніда Кулакова пад арышт даручана супрацоўнікам ДАІ.
«Гэта можа адбыцца ў любы момант. Вось хоць ў гэтую хвіліну», —кажа таксіст Свабодзе.
На просьбу Свабоды ён пералічыў прычыны арышту аўто і пракамэнтаваў падзею:
«Што не сплаціў шэраг штрафаў. Быў штраф у 10 мільёнаў 500 тысяч за банэр „Патрабуем сумленных і справядлівых выбараў“, які вывешвалі разам з Максам Вінярскім перад апошнімі парлямэнцкімі выбарамі ў верасьні. Потым штраф 840 рублёў „новымі“ за пікет салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам каля менскага гарадзкога суду. Трэці штраф — 1050 за тое, што на мітынгу ў гадавіну рэфэрэндуму трымаў сьцяг Эўразьвязу і крычаў „Жыве Беларусь!“. Яшчэ 420 рублёў штрафу мушу сплаціць Эканамічнаму суду Менску. Усяго гэтак набралася больш за 3 тысячы.
Раней частку штрафаў я сплаціў, але ўсе пакрыць не ўдаецца. Працую толькі таксістам, іншых крыніц прыбытку не маю. Эканамічная сытуацыя ў краіне такая дрэнная, што людзі карыстаюцца таксі ўсё менш, зарабіць удаецца толькі на пражыцьцё ды падаткі, застаюцца літаральна капейкі на ежу, адкладаць няма з чаго. На судах пасьля акцый заўсёды кажу судзьдзям, каб, калі ўжо прызнаюць вінаватым, давалі мне не штраф, а суткі, што гатовы да арышту. Не, цягам мінулага году давалі толькі штрафы.
Відаць, у іх задача — зьнішчыць чалавека эканамічна, абабраць яго гэтак, каб нічога не засталося, да ніткі. Вось і дзейнічаюць. Але скажу, што ад маіх палітычных поглядаў я ад гэтага не адмоўлюся. Хай прыходзяць дамоў, арыштоўваюць апошнюю маёмасьць, але, як змагаўся за свае правы, гэтак і буду змагацца».
У панядзелак, 6 лютага Леанід Кулакоў намераны зноў працаваць на сваім аўтамабілі:
«У мяне няма выбару. Робяць з мяне дармаеда і адначасова патрабуюць падаткі. Вось і буду працаваць».
У канцы студзеня праваабаронцы, грамадзкія актывісты Вольга Маёрава, Вольга Мікалайчык, Павал Севярынец, Міхаіл Пастухоў ды іншыя актывісты распачалі збор подпісаў пад патрабаваньнем да беларускіх уладаў спыніць перасьлед удзельнікаў грамадзкіх акцыі, які выявіўся ў накладаньні вялікіх штрафаў, арышце маёмасьці, звальненьнях з працы. Тэкст звароту з подпісамі аўтары намераныя перадаць таксама ў міжнародныя структуры.