Уразьлівыя групы — спажыўцы іньекцыйных наркотыкаў, мужчыны, якія маюць сэкс з мужчынамі, жанчыны сэкс-бізнэсу і іншыя — застаюцца рухавіком распаўсюду ВІЧ.
Згодна з апошнімі статыстычнымі дадзенымі, на 1 верасьня 2016 году ў Беларусі зарэгістравана 21 336 выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі. З дыягназам ВІЧ жыве 16 570 чалавек. За 8 месяцаў гэтага году выяўлена 1509 ВІЧ-інфікаваных.
Найбольшая колькасьць людзей з такім дыягназам зафіксаваная ў Гомельскай вобласьці — 9368 выпадкаў ВІЧ (за пэрыяд з 1987 году). Цяпер там пражывае 3068 ВІЧ-інфікаваных. Найменшыя паказьнікі на Гарадзеншчыне — 939 выпадкаў, цяпер на тэрыторыі вобласьці пражывае 719 людзей зь ВІЧ. У Менску колькасьць людзей, якія жывуць зь ВІЧ, складае 3353.
Напярэдадні Сусьветнага дня барацьбы са СНІД прадстаўнікі недзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў выступілі з сумеснай заявай пра неабходнасьць падтрымкі працы з групамі, уразьлівымі на ВІЧ. Заява была агучаная на прэсавай канфэрэнцыі 28 лістапада.
Пра пагрозу спыненьня працы з уразьлівымі групамі заявіў старшыня Каардынацыйнага камітэту Асацыяцыі некамэрцыйных арганізацыяў па супрацьдзеяньні эпідэміі ВІЧ/СНІДа «Белсеть антиСПИД» Алег Яромін. Паводле яго, ёсьць меркаваньні, што праца з агульным насельніцтвам будзе больш карыснай.
Яромін называе тры ключавыя ўразьлівыя групы:
Мы заклапочаныя тым, што дзяржава цяпер спрабуе замяць тэму ўразьлівых груп і хоча працаваць з насельніцтвам агулам
«Спажыўцы іньекцыйных наркотыкаў, мужчыны, якія маюць сэкс з мужчынамі, і жанчыны сэкс-бізнэсу. У гэтых групах распаўсюд ВІЧ — ад 6 да 30 працэнтаў. А ў агульным насельніцтве — менш за адну дзясятую працэнта, — кажа экспэрт. — Мы заклапочаныя тым, што дзяржава цяпер спрабуе замяць тэму ўразьлівых груп і хоча працаваць з насельніцтвам агулам».
Яромін заўважае, што ВІЧ пачынае распаўсюджвацца ў сельскай мясцовасьці. Экспэрт прыводзіць выпадак, калі на Гарадзеншчыне пры ўжываньні іньекцыйных наркотыкаў заразіўся ВІЧ 85-гадовы чалавек.
Старшыня праўленьня Рэспубліканскага грамадзкага абʼяднаньня «Сустрэча» Аляксандар Шаблыка, арганізацыя якога працуе з групамі трансгендэраў і мужчын, якія маюць сэкс з мужчынамі (МСМ), распавёў пра асаблівасьці працы ў галіне прафіляктыкі ВІЧ для гэтай групы.
«Чаму менавіта МСМ? Сам панятак вызначае сэксуальныя стасункі, але не сэксуальную арыентацыю, — тлумачыць Шаблыка. — Людзі з рознымі сэксуальнымі арыентацыямі могуць быць МСМ».
Шаблыка паведамляе, што арганізацыя «Сустрэча» ўдзельнічала ў дазорным эпідэміялягічным наглядзе і атрымала такія лічбы: «10% МСМ жанатыя, і амаль 2 працэнты жывуць у зарэгістраваных шлюбах з жанчынамі. 45,3% МСМ уступалі ў сэксуальныя кантакты з жанчынамі, а 44,5 працэнта рабілі гэта ў апошнія 12 месяцаў». Пры гэтым група МСМ, сьцьвярджае экспэрт, — гэта «мосьцік для перадачы ВІЧ і інфэкцыяў, якія перадаюцца полавым шляхам у агульную папуляцыю».
«Мужчынам ня трэба засьцерагацца ад цяжарнасьці, таму ня ўсе разумеюць, што трэба карыстацца прэзэрватывамі, — тлумачыць ён. — Яны традыцыйна больш сэксуальна актыўныя, чым жанчыны. Выкарыстоўваюць больш рызыкоўныя з пункту гледжаньня інфікаваньня сэксуальныя практыкі. Усе гэтыя фактары даюць ня вельмі суцяшальную карціну».
У выніку 5,7 працэнта МСМ, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, зьяўляюцца носьбітамі вірусу.
Аляксандар Шаблыка кажа, што ў грамадзтве дагэтуль існуе высокі ўзровень стыгмы ў дачыненьні да ўразьлівых групаў. «Зьніжэньне ўзроўню стыгмы — гэта вялікі кавалак працы, які мусяць узяць на сябе дзяржава разам з нашымі арганізацыямі», — кажа ён.
Старшыня грамадзкага абʼяднаньня «Пазытыўны рух» Ірына Статкевіч кажа, што эпідэмія ў Беларусі сапраўды пачалася з групы людзей, якія спажываюць наркотыкі.
Кожны чацьвёрты наркаспажывальнік жыве зь ВІЧ-інфэкцыяй
«У 2004 годзе мы мелі недзе 50 на 50: 50 [працэнтаў] — людзей, якія спажываюць наркотыкі, і 50 — полавых выпадкаў. Усе сталі гаварыць — беражыцеся ўсе, — кажа Статкевіч. — Але людзі, якія спажываюць наркотыкі, застаюцца рухаючым мэханізмам распаўсюду эпідэміі ВІЧ. У гэтай групе распаўсюджанасьць ВІЧ-інфэкцыі большая ў 30 разоў, чым сярод агульнага насельніцтва. Паводле апошніх дасьледаваньняў, кожны чацьвёрты наркаспажывальнік жыве зь ВІЧ-інфэкцыяй».
«Пазытыўны рух» працуе з групай наркаспажыўцоў у межах дапамогі Глябальнага фонду каля 16 гадоў. Рухавік палявой працы — так званыя «аўтрыч-работнікі». Гэта тыя, хто ідзе ў закрытыя асяродкі наркаспажыўцоў, распавядае пра пагрозу ВІЧ, раздае шпрыцы і прэзэрватывы.
Паводле Статкевіч, ініцыятывы арганізацыі за 2015 год ахапілі 40 тысяч чалавек.
«У Менску доўгі час мы ахоплівалі такімі паслугамі толькі 5 тысяч чалавек, — кажа Ірына. — Хоць меркавалі, што тут жыве каля 30 тысяч наркаспажыўцоў. Гэта неафіцыйная, наша працоўная лічба».
Дзякуючы ўзмацненьню працы і павелічэньню штату аўтрыч-работнікаў удалося пашырыць дзейнасьць і ахапіць каля 12 тысяч чалавек.
«Эпідэмія цяпер закранае ўсіх, — кажа Статкевіч. — Груба кажучы, гэта ўсе, хто займаецца сэксам. Але група спажыўцоў наркотыкаў застаецца актуальнай, і ўсе захады павінны быць накіраваныя на яе».
Паводле Статкевіч, на дзейнасьць арганізацыі ў пэўнай меры паўплывала новае антынаркатычнае заканадаўства — у прыватнасьці, прэзыдэнцкі дэкрэт № 6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў»
Калі раней рух утылізоўваў да 95% раздадзеных шпрыцаў, то летась — толькі 30%, а сёлета — ужо 12%.
«Раней самі спажыўцы прыходзілі і здавалі нам свае выкарыстаныя шпрыцы, і мы іх бясьпечна ўтылізавалі, каб яны не валяліся на вуліцах, у падʼездах, — кажа Ірына. — Цяпер яны кажуць, што нават ня могуць несьці з сабою гэтыя шпрыцы, знаходжаньне там наркотыкаў пацягне за сабой крымінальны перасьлед».
Такім чынам, калі раней рух утылізоўваў да 95% раздадзеных шпрыцаў, то летась — толькі 30%, а сёлета — ужо 12%.
Яшчэ адзін фактар, які ўплывае на працу арганізацыі, — зьмена наркатычнай сцэны і партрэта тыповага наркаспажыўца.
«Да 2013 году партрэт нашага наркаспажыўца — гэта чалавек 37 гадоў, у яго вялікі стаж наркаспажываньня, гадоў 12. Ён выкарыстоўвае апіёідныя наркотыкі — гэта вытворныя маку, у яго 1–2 іньекцыі ў дзень, і ён прыходзіць да нас на пункты, кантралюе свае дзеяньні. Ён ведае пра ВІЧ, гепатыт С».
З 2014 году, кажа Ірына, сытуацыя памянялася ў сувязі з прыходам у Беларусь сынтэтычных наркотыкаў. Гэта не спэцыфічна беларуская сытуацыя, але працаваць зь ёй нашмат цяжэй.
«Кажуць, што гэта ад 5 да 10 іньекцый у дзень. А гэта значыць — высокая рызыка перадачы ВІЧ-інфэкцыі, гэта страта кантролю над тым, які ты шпрыц бярэш, — кажа Ірына. — Гэта абсалютна іншыя людзі, і мы не заўжды гатовыя зь імі працаваць. Яны не матываваныя прыходзіць на нашы сэрвісы».
Сусьветны дзень барацьбы са СНІД 1 сьнежня быў абвешчаны Сусьветнай арганізацыяй аховы здароўя ў 1988 годзе. Гэта напамін пра тое, каб спыніць глябальны распаўсюд эпідэміі.