Алесь Кіркевіч і Алесь Дзянісаў пакараныя судом за тое, што без акрэдытацыі МЗС Беларусі зрабілі для тэлеканалу «Белсат» відэасюжэт пра выставу слуцкіх паясоў у Гарадзенскім музэі гісторыі рэлігіі.
Судзьдзя Ленінскага суду Горадні Алена Пятрова прыняла рашэньне, што гэтым самым яны парушылі артыкул 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
У судовым працэсе сёньня быў прадэманстраваны сюжэт, які здымалі Кіркевіч і Дзянісаў. Часу ён заняў ня больш за пяць хвілін. У ім цікава і даволі ляканічна распавядалася пра выставу слуцкіх паясоў у Горадні. Абодва журналісты яшчэ раз пацьвердзілі суду, што не адмаўляюць таго, што здымалі сюжэт, але і пацьвердзілі таксама, што не прызнаюць сябе вінаватымі ў тым, што гэтым самым парушылі закон.
Судзьдзя Пятрова, аднак, абвясьціла адразу прысуд — штраф 20 базавых велічынь кожнаму, або па 3 мільёны 600 тысяч рублёў. Яна дадала, што ў Дзянісава на працягу году гэта ўжо паўторнае парушэньне па адным і тым жа артыкуле, але паколькі сюжэт рабілі разам, то і штраф, маўляў, абодвум аднолькавы, прычым мінімальны.
Пасьля прысуду Алесь Дзянісаў сказаў, што хоць судзьдзя, нягледзячы на паўторнае за год прыцягненьне да адказнасьці па адным і тым самым артыкуле, і прысудзіла яму мінімальны штраф, ён усё роўна нязгодны з такім прысудам, бо не вырабляў і тым больш не распаўсюджваў прадукту СМІ, за што насамрэч і быў асуджаны:
«Як грамадзянін РБ паводле Канстытуцыі я маю права на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі. Паводле закону аб СМІ як фізычная асоба не нясу адказнасьці за зьяўленьне прадукту СМІ, бо я яго не мантаваў, не агучваў, я нават не выпускаў яго ў эфір і не выстаўляў у інтэрнэт. Я як апэратар пагадзіўся, што прысутнічаў там і здымаў, але я не вырабляў прадукт СМІ».
Алесь Кіркевіч кажа, што вынік гэтага суду быў зразумелы адпачатку. Ён чакаў штрафу, хоць пры гэтым вельмі добра разумеў, што ніякім чынам не падпадае пад адказнасьць паводле артыкула 22.9 Адміністрацыйнага кодэксу, бо такую адказнасьць можа несьці толькі юрыдычная асоба, у дадзеным выпадку рэдакцыя, а не асоба фізычная:
«Думкі мае ў сувязі з прысудам дваякія, паколькі нам далі штраф мінімальны, і ў нейкім сэнсе гэта пазытыўны зрух у дадзенай сытуацыі. Але, зь іншага боку, казаць пра нармалізацыю сытуацыі можна толькі пасьля таго, як „Белсат“ будзе абсалютна легальна працаваць у Беларусі, будзе мець акрэдытацыю і роўныя правы зь іншымі замежнымі каналамі, якія працуюць у Беларусі».
Праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, які ад самага пачатку прысутнічаў на працэсе, зьвярнуў ўвагу на параўнальную мяккасьць прысуду. Паводле яго, да гэтага, магчыма, прычыніліся зьнешнія фактары, якія яўна знаходзяцца па-за межамі суду:
«Тым ня менш сутнасьць гэтых працэсаў застаецца тая самая — здушэньне вольнага слова ў кожнай яго праяве і забарона, па сутнасьці, на прафэсію журналіста. Нават самыя звычайныя сюжэты пра культуру прызнаюцца парушэньнямі закону. Хаця калі дакладна ісьці за літарай закону, то гэтыя людзі не павінны перасьледавацца, бо яны як фізычныя асобы не падпадаюць пад адказнасьць паводле гэтага артыкула 22.9 Адміністрацыйнага кодэксу».
Яшчэ адзін праваабаронца, Раман Юргель, перакананы, што падобныя працэсы над журналістамі-фрылансэрамі бліжэйшым часам у Беларусі ня спыняцца, бо сёлета павінны адбыцца прэзыдэнцкія выбары:
«Гэта робіцца дзеля таго, каб зачысьціць альтэрнатыўнае інфармацыйнае поле ад нязручных СМІ ў год выбараў. Таму і зьменаў ніякіх чакаць ня варта».
Згодна са зьвесткамі Беларускай асацыяцыі журналістаў, з пачатку 2015 году беларускіх незалежных журналістаў паводле артыкула 22.9 судзілі ўжо 4 разы, а ў 2014 годзе — 10 разоў. Алесь Дзянісаў летась быў аштрафаваны паводле артыкула 22.9 на 30 базавых велічынь, у Алеся Кіркевіча ёсьць папярэджаньне паводле гэтага ж артыкула.