У вэтэрана вайны Фелікса Шкірманкова арыштавалі рахунак. Ён застаўся бяз пэнсіі

Фелікс Шкірманкоў

90-гадовы вэтэран вайны, сябра БНФ са Слаўгарада Фелікс Шкірманкоў ня можа атрымаць сваёй пэнсіі. Па ягоных словах, на яе накладзены арышт. Пра гэта ён даведаўся ў мясцовым аддзяленьні Белаграпрамбанку, куды прыйшоў 16 лютага. Паводле пэнсіянэра, ніякіх папераў, што рахунак заблякаваны, яму не дасылалі ні з банку, ні з судовых устаноў.

Фелікс Уладзімеравіч кажа, што супраць яго распачатая крымінальная справа па факце дарожна-транспартнага здарэньня. Яго вінавацяць у тым, што ён, едучы на ўласнай машыне, зьбіў жанчыну, якая ўпала з ровара і зламала руку. З гэтым здарэньнем ён і зьвязвае блякаваньне рахунку.

«Ці ёсьць у тых, хто накладаў арышт на маю пэнсію, сумленьне? Бо я ж стары чалавек, вэтэран і інвалід вайны, мне ўжо больш за дзевяноста год. А ці была ў тых людзей думка: калі ў старога няма ў кішэні ні капейчыны, як яму жыць? Па-людзку, дык трэба было сказаць: «Здыміце пэўную суму, бо на ўсю астатнюю накладзены арышт, — абураецца Фелікс Шкірманкоў. — Яны ж павінны былі парупіцца, каб папярэдзіць мяне пра арышт пэнсіі. А мне, старому, заявілі ў банку, што пэнсіі зьняць не змагу. Зразумела, што ў такіх абставінах я не змагу аплаціць і камунальных паслуг».

Паводле пэнсіянэра, у банку яму не растлумачылі акалічнасьцяў арышту сродкаў на ягоным рахунку. Не сказалі і да каго зьвяртацца, каб неяк вырашыць сытуацыю. У выніку з банку дахаты ён прыйшоў бяз грошай.

У банку ў размове са Свабодай прызналі, што пэнсійны рахунак Шкірманкова заблякаваны, але прычын не патлумачылі:

«Няхай зьвяртаецца да судовых выканаўцаў, або Фелікс Уладзімеравіч прыходзіць да нас асабіста, і калі яму спатрэбяцца нейкія дакумэнты, то мы іх яму выдадзім», — адказалі ў Слаўгарадзкім аддзяленьні Белаграпрамбанку.

Пасьля гэтага тэлефанаваньня Фелікс Шкірманкоў зьвярнуўся ў банк пісьмова. У звароце папрасіў патлумачыць сытуацыю з блякаваньнем ягонай карткі. Супрацоўніца банку паабяцала гэтаксама пісьмова адказаць на ўсе пытаньні. Але гэта будзе няхутка.

Зьвязацца з судовымі выканаўцамі, каб высьветліць, хто загадаў заблякаваць рахунак, Свабодзе не ўдалося.

Матэрыялы крымінальнай справы на Фелікса Шкірманкова, зь ягоных словаў, перададзеныя ў раённую пракуратуру, якая мае іх накіраваць у суд. Пацярпелая ад аварыі жанчына патрабуе ад Шкірманкова кампэнсацыі ў суме 5 тысяч рублёў.

Паводле Фелікса Шкірманкова, аварыя здарылася неўзабаве пасьля таго, як ён даведаўся, што ў жонкі невылечная анкалягічная хвароба. Неўзабаве жонка памерла.

«Мне сказалі, што мая жонка пры сьмерці. Яна паціху памірае. Вы ўявіце, які ў мяне тады быў эмацыйны стан. Я з жонкай пражыў больш за 65 гадоў. Яна мне была падарункам ад бога», — кажа Фелікс Шкірманкоў.