«У эканоміцы раптам усё абрынулася, нібы празь Беларусь які сьмерч прайшоў...»

Валянцін Жданко

Эканамічныя праблемы, цяжар якіх становіцца ўсё больш адчувальны для беларусаў, пэўным чынам паўплывалі і на палітычныя працэсы ў Беларусі, на стаўленьне ўлады да апазыцыі, да арганізатараў масавых пратэстаў. Гэта адзначаюць у сваіх допісах нашы слухачы.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Студэнт Віталь Аўдзееў зь Менску, разважаючы пра вынікі лютаўскіх пратэстаў прадпрымальнікаў, піша:

«Не пагаджаюся з тымі, хто кажа, што рэжым Лукашэнкі не мяняецца. Усё ж трэба глядзець праўдзе ў вочы: сякія-такія зьмены адбываюцца. Вось, напрыклад, мяне вельмі ўразіла, як сябе паводзілі сілавікі падчас нядаўніх акцыяў пратэсту ў Менску. Ніякіх затрыманьняў, ніякага гвалту, ніякіх новых палітвязьняў. Пару гадоў таму за такую сходку ў самым цэнтры сталіцы ўсіх завадатараў „завінцілі“ б на самым пачатку, аддубасілі б ды яшчэ сутак на 15 на Акрэсьціна пасадзілі б. А цяпер — поўная ляяльнасьць і паблажлівасьць. Ці не лібэралізацыя ў нас пачалася?

Праўда, на асноўную масу людзей гэта мала ўплывае. Як не хадзілі на плошчу раней, так ня ходзяць і цяпер. Думаю, прычына ў тым, што ў грамадзтве пануе абыякавасьць. Ня вераць людзі ні ўладзе, ні апазыцыі — ды нікому ня вераць. Спадзяюцца толькі на сябе, займаюцца асабістымі справамі, а на грамадзкія інтарэсы ды на будучыню ўласнай дзяржавы ня надта зважаюць».

У цярплівасьці ды паблажлівасьці ўлады да арганізатараў лютаўскіх пратэстаў вельмі простая і зразумелая прычына, спадар Віталь. Захад толькі-толькі пачаў пакрысе адмяняць эканамічныя ды візавыя санкцыі, зьявілася зусім рэальная надзея на такія неабходныя ў цяперашніх беларускіх умовах крэдыты Міжнароднага валютнага фонду. І калі б на гэтым тле Лукашэнка пачаў дзейнічаць супраць дэманстрантаў сваімі звыклымі мэтадамі — уся гэтая адліга імгненна б скончылася, а рэжым застаўся б і бяз грошай, і без шэнгенскіх візаў для высокапастаўленых чыноўнікаў з санкцыйнага сьпісу.

✉ ✉ ✉

Кароткі ліст ад Алега Парамонава з Бабруйску. Разважаючы пра драматычныя зьмены, якія адбываюцца апошнім часам у беларускай эканоміцы, слухач піша:

«Нібыта і праца ва ўсіх была, і заробкі ды пэнсіі расьлі (і падняліся ўжо да неблагога ўзроўню). Не магу зразумець — куды ўсё падзелася? Мы ж нічога не мянялі — ні палітыку, ні ўладу, ні самога Лукашэнку. І ўзрушэньняў у Беларусі не было ніякіх — ні войнаў, ні землятрусаў, ні чумы... Чаму ж раптам у эканоміцы ўсё абрынулася, нібы празь Беларусь які сьмерч прайшоў...».

Адказы на вашы пытаньні даволі простыя, спадар Алесь. У мінулыя гады беларускія ўлады даволі шмат пазычалі за мяжой — за кошт гэтых дзясяткаў мільярдаў незаробленых даляраў і падтрымліваўся даволі высокі ўзровень спажываньня. А вяртаць крэдыты разьлічвалі галоўным чынам за кошт высокіх прыбыткаў ад рээкспарту нафты ды нафтапрадуктаў. Кошт нафты на сусьветным рынку абваліўся, расейскі рынак (а ён асноўны для беларускіх вытворцаў) моцна прасеў — вось вам і сумная беларуская рэчаіснасьць...

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста, наш даўні сябар Алесь Марціновіч з Баранавічаў, зьвярнуў увагу на зьмену рыторыкі кіраўніка Беларусі. Асабліва гэта датычыць ягоных выступаў на тэму абароназдольнасьці дзяржавы:

«Цяпер Лукашэнку апанаваў ваенна-абарончы псыхоз у даволі дзіўнай форме. Маўляў, буду ўсімі сіламі абараняцца ад любых інсьпіраваных Захадам аранжавых інфэкцыяў. Але ўсе разумеюць, што найперш маецца на ўвазе абарона ад рэальных „зялёных чалавечкаў“ Пуціна з Усходу... Іншымі словамі, рыхтуемся ваяваць з НАТО, каб ня стала з намі, як з Крымам і Данбасам. Здаецца, і лягічна, але з пункту гледжаньня звыклай сусьветнай практыкі — неяк шызафрэнічна.

Гэтак жа ўспрымаюцца і заклікі мацаваць праваслаўна-славянскі саюз, загартаваны з 1941 па 1945 гады — дзеля таго каб вораг нас не захапіў, як нядаўна захапіў Крым.

Гэта нейкі асаблівы сусьвет Лукашэнкі, дзе дзейнічае зусім адметная палітыка-ідэалягічная лёгіка і практыка нашага шклоўскага палітыка. З такіх мазаічных кавалкаў наўрад ці можна стварыць нейкую рэальную дзяржаўную ідэалёгію, якая б была ўспрынята масамі ўсур’ёз і па-сапраўднаму — як у Злучаных Штатах, Францыі, Польшчы ці Літве».

Стройную і пасьлядоўную дзяржаўную ідэалёгію Лукашэнка спрабаваў сфармаваць у першыя гады свайго прэзыдэнцтва. Спроба была ня надта ўдалая, і пра яе спакваля забылі... Што да цяперашніх абарончых стратэгіяў улады, то тыя падтэксты, пра якія вы, спадар Алесь, пішаце, усім зразумелыя. Але агучваць іх, з цалкам зразумелых прычын, Лукашэнка ня можа. Ды гэтага ад яго ніхто і не патрабуе. Кантэкст і так відавочны для ўсіх — і для ўлады, і для грамадзтва.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.