У Беларусі працуюць больш за чвэрць пэнсіянэраў, іх колькасьць расьце

25,4% беларускіх пэнсіянэраў маюць афіцыйную працу, паведаміла БЕЛТА прадстаўніца Міністэрства працы Ларыса Яшкова. На 1 студзеня 2017 году працаваць пасьля надыходу пэнсійнага ўзросту працягнулі 665,8 тысячы беларусаў.

Гэта больш, чым год таму: на пачатак 2016 году працавалі 651,2 тысячы беларускіх пэнсіянэраў, альбо 25,1%.

Звычайна пэнсіянэры менш працуюць летам і больш узімку. Сярод пэнсіянэраў на працы ўдвая больш мужчын, чым жанчын. 599 мужчын і 492 жанчыны працуюць ва ўзросьце 80–89 гадоў, 10 мужчын і 12 жанчын працуюць пасьля 90 гадоў.

Зьмены ў парадку выплаты пэнсіяў пэнсіянэрам, якія маюць працу, цяпер не плянуюцца, кажа Яшкова. Цяпер бальшыня пэнсіянэраў атрымлівае пэнсіі без выняткаў, працуюць яны ці не, бо законы абмяжоўваюць пэнсіі толькі тым, хто мае высокія заробкі (больш за 130% сярэдняга заробку па краіне).

З 2017 году пачынаецца паэтапнае павелічэньне пэнсійнага ўзросту. Штогод на шэсьць месяцаў будзе падвышацца пэнсійны ўзрост да дасягненьня мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі — 58 гадоў. Адпаведна, у 2017 годзе ўсталёўваецца пэнсійны ўзрост для мужчын — 60 гадоў і 6 месяцаў, для жанчын — 55 гадоў і 6 месяцаў.

Паводле зьвестак Міністэрства працы, сярэдняя пэнсія ў сьнежні 2016 году складае 298,15 рубля (каля 152 даляраў). Мінімальная працоўная пэнсія па ўзросьце — 25% ад бюджэту пражытковага мінімуму. Да мінімальных пэнсіяў усталяваная даплата ў 20% сярэдняга заробку па краіне, разам выходзіць 175,5 рубля.