Група супрацоўнікаў міліцыі і судовых выканаўцаў спрабуюць апісаць маёмасьць бабруйскіх пэнсіянэраў Валянціны і Аляксандра Каваленкаў — актывістаў ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры».
Кожнага зь іх — і Валянціну, і Аляксандра — пакаралі штрафам у 20 базавых велічыняў за пікеты, праведзеныя ў Менску сёлета 12 траўня.
У Валянціны Каваленкі штраф вылічваюць з пэнсіі ў прымусовым парадку, а Аляксандар Каваленка яшчэ абскарджвае законнасьць свайго пакараньня. Таму спробы апісаньня маёмасьці з мэтай спагнаньня штрафу Каваленкі называюць незаконнымі.
На гэтай падставе яны адмовіліся пускаць міліцыю і судовых выканаўцаў у свой дом. Візытэры адышлі ад варотаў прыватнага дома Каваленкаў у Бабруйску толькі пасьля таго, як гаспадары паабяцалі спусьціць сабаку.
Напярэдадні міліцыянты і судовыя выканаўцы таксама спрабавалі трапіць у кватэру яшчэ адной бабруйскай актывісткі ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры» Любові Санкевіч. Як і Каваленкі, пэнсіянэрка была аштрафаваная за пікет у Менску, але не прызнала законнасьці пакараньня і адмаўляецца выплачваць штраф.
Камэнтуючы Свабодзе асаду свайго дома, Валянціна Каваленка заявіла, што гвалтоўнымі дзеяньнямі ўлады спрабуюць запалохаць праваабаронцаў, каб спыніць іх актыўнасьць і папярэдзіць будучыя акцыі пратэсту:
«Гэтага ўлады ад нас не дачакаюцца, мы абаранялі і будзем абараняць свае правы. І патрабаваць, каб улады, кожны чыноўнік не чынілі беззаконьня, а дзейнічалі ў адпаведнасьці з нормамі дзейнага заканадаўства. Нам губляць няма чаго».
Актывісты ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры» цягам некалькіх гадоў праводзяць вулічныя акцыі пратэсту ў Менску, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да парушэньня правоў грамадзян і дзейнага заканадаўства чыноўнікамі розных узроўняў, а таксама судамі і пракуратурай.