Грамадзкую актывістку і каардынатарку грамадзкай ініцыятывы «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах» вызвалілі з пастарунку Цэнтральнага раённага аддзелу міліцыі.
Сёньня ранкам яна была затрыманая каля ўласнага дому, калі ішла на плошчу Свабоды на пікет, які мелі намер праводзіць актывісты ініцыятывы.
Падставай для затрыманьня прадстаўнікі міліцыі назвалі разбор па скарзе, якую месяц таму праваабаронца напісала на імя начальніка менскай міліцыі Аляксандра Барсукова, абскарджваючы дзеяньні начальніка міліцыі Цэнтральнага РУУС. У пастарунку з праваабаронцы спрабавалі ўзяць тлумачэньні, але актывістка адмовілася нешта тлумачыць:
«Я сказала, што ня буду прыкрываць сваімі тлумачэньнямі іх незаконныя дзеяньні. Бо мяне затрымалі без адпаведнай пастановы, і гэтым незаконна абмежавалі маю свабоду перамяшчэньня. Акрамя таго, прайшло больш за месяц з моманту згаданай заявы, і Барсукоў мусіў да гэтага часу правесьці праверку і даць мне адказ».
Бабруйскіх пэнсіянэраў Валянціну і Аляксандра Каваленкаў — актывістаў ініцыятывы, якіх таксама затрымалі сёньня ранкам, вызвалілі пасьля складаньня адміністрацыйнага пратаколу.
Аляксандра Каваленку зьвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету на плошчы Свабоды ў Менску, які адбыўся 12 траўня. Неўзабаве над ім мае адбыцца суд.
Як падкрэсьліла Тамара Сяргей, гэтыя сплянаваныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў розных гарадах, былі скіраваныя на тое, каб перашкодзіць актывістам правесьці ў Менску пікет пратэсту. Пэнсіянэры плянавалі нагадаць грамадзтву, што ў краіне існуюць ня толькі ўлашчаныя ўладамі дэлегаты ўсенароднага сходу, але і людзі, правы якіх сыстэматычна парушае ўлада.
Тамара Сяргей таксама паведаміла, што на дзеяньні супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС і начальніка менскай міліцыі Аляксандра Барсукова яна афіцыйна паскардзіцца міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу.
Грамадзкую ініцыятыву «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах» складаюць у пераважнай бальшыні пэнсіянэры, якія дзесяткамі гадоў спрабуюць адстаяць свае парушаныя законныя правы ў судах і пракуратуры. Больш за трыццаць разоў у розныя гады яны безвынікова спрабавалі трапіць на прыём да кіраўнікоў прэзыдэнцкай адміністрацыі. На знак пратэсту пэнсіянэры некалькі разоў праводзілі пікеты на плошчы Свабоды ў Менску.