Сацыяльная сетка Twitter абвясьціла аб зьменах правілаў разьмяшчэньня рэклямы пасьля зьвестак аб тым, што Расея магла выкарыстоўваць сацсеткі для ўмяшальніцтва ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША.
У бліжэйшыя тыдні Twitter абяцае запусціць «цэнтар празрыстасьці», у якім любы ахвочы зможа пабачыць, хто рэклямуецца ў сацсетцы і як гэта робіць, а таксама напісаць адміністрацыі пра падазроную рэкляму. Палітычную і электаральную рэкляму будуць адзначаць адмысловым індыкатарам — і будуць паказваць, хто такую рэкляму купляе і колькі на яе выдаткоўвае.
Пасьля таго, як Facebook паведаміў, што зьвязаная з Крамлём арганізацыя закупіла рэкляму на 100 тысяч даляраў, якая разьмяшчалася прыкладна ў той жа час, калі ў ЗША ішла перадвыбарчая кампанія, заканадаўцы ў ЗША агучылі ідэю ўнясеньня зьменаў у правілы Фэдэральнай выбарчай камісіі, якія абавязваюць такія сацыяльныя сеткі, як Facebook і Twitter, раскрываць інфармацыю пра заказьнікаў палітычнай рэклямы на сваіх плятформах — распаўсюдзіць на сацсеткі правілы раскрыцьця інфармацыі пра рэклямадаўцу, якія тычацца ТВ і радыё.
Сам Facebook яшчэ да таго законапраекту зьмяніў правілы рэклямы. цяпер рэклямныя абвесткі, арыентаваныя на людзей, якія абмяркоўваюць «палітычныя, рэлігійныя, этнічныя і сацыяльныя пытаньні» будуць разглядацца супрацоўнікамі аднаго з офісаў, толькі пасьля гэтага абвесткі могуць зьявіцца ў сетцы.