Ці то прырода адгукнулася на мінулую цёплую зіму, ці то частыя дажджы паспрыялі, але ў лясах густа падняліся падбярозавікі ды падасінавікі.
«Яшчэ на пачатку траўня я зьбіраў смаржавікі (смаржкі. — РС), — апавядае вясковец Мікалай Фадзееў. — Цяпер пайшлі падбярозавікі ды падасінавікі. Белых пакуль ня бачыў».
Мікалай прадае грыбы на Цэнтральным рынку. Кіляграм — 40 тысяч.
«Пакуль людзі больш дзівяцца, чым купляюць. Бо й праўда: трускалкі яшчэ не пасьпелі, а грыбы ўжо павылазілі. Заўсёды было наадварот».
Аматар «ціхага паляваньня» кажа, што зьбіраў грыбы на мяжы Гомельскага і Буда-Кашалёўскага раёнаў — у лясочку паблізу Івольску і Сінічына. Не паленаваўся праверыць на радыяцыю. Лябараторыя зафіксавала адносна невысокі ўзровень радыецэзію-137 у грыбах — 49,6 бэкерэля на кіляграм пры дапушчальным узроўні 370 бэкерэляў.
На Гомельшчыне да спажываньня грыбоў наагул трэба ставіцца вельмі абачліва, бо яны надзвычай моцна «высмоктваюць» зь зямлі радыяцыю. У Хойніцкім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі прыгадвалі такі факт: на праверку да іх трапілі баравікі зь вёскі Дубровіца, у якіх актыўнасьць радыенуклідаў цэзію дасягала 17 010 бекэрэляў, або ў 45 разоў вышэй за дапушчальны ўзровень. Па сутнасьці, міні-рэактары.