«Несьмяротны полк» — гэта пра расейскую імпэрыю сучаснага ўзору. Апроч тэмы «Вялікай Айчыннай» сучаснай Расеі ганарыцца няма чым, таму яна ўсё яшчэ выкарыстоўвае традыцыі савецкага мілітарысцкага карнавалу, у які ператварылі дзень заканчэньня Другой сусьветнай вайны на тэрыторыі Эўропы.
«Несьмяротны полк» — гэта такі сабе траянскі конь, куды можна напхаць наіўных людзей, якія шчыра вераць, што гаворка толькі пра памяць аб ахвярах вайны. Пытаньне толькі, ці дапамогуць тыя шчырыя і наіўныя людзі ў іншай дзейнасьці «рускамірцаў» на тэрыторыі Беларусі?
Дазволеная ў апошні момант акцыя «Несьмяротны полк» сабрала, паводле розных ацэнак, ад тысячы да дзьвюх тысяч чалавек. Ці шмат гэта для двухмільённага Менску? За аднаго боку, няшмат, бо Менск бачыў недазволеныя акцыі на дзясяткі тысяч чалавек.
З другога боку, людзі ішлі сярод іншага пад партрэтамі Сталіна. І гэтае шэсьце ўбачаць шмат карыстальнікаў сеціва. У тым ліку тых, хто ня надта разьбіраецца ў гісторыі. Калі пра старых людзей можна сказаць, што іх у сталінізме гадавалі зь дзяцінства і тут нічога ня зробіш, то да маладзейшых узьнікае пытаньне — колькі вас, талерантных да Сталіна, з розных прычынаў не прыйшло на акцыю?
Карэспандэнт Свабоды Алег Грузьдзіловіч у часе відэатрансьляцыі з акцыі «Несьмяротны полк» час ад часу зьвяртаўся да ўдзельнікаў з пытаньнямі, і ў большасьці выпадкаў атрымліваў агрэсіўныя адказы. Напрыклад, на пытаньне пра Сталіна пачуў маналёг пра амэрыканцаў і «хахлафашыстаў». Камуністы, пуціністы і «рускамірцы» — арганізатары не маскуюцца. «Русь молодая», «Отечество», аргкамітэт Беларускай камуністычнай партыі працоўных.
Я ўпэўнены, што сярод удзельнікаў акцыі былі наіўныя людзі, перакананыя, што справа толькі ў памяці пра дзядоў-франтавікоў, а не ў прасоўваньні імпэрскага «русского мира». Ход зь «Несьмяротным палком» вельмі хітры: паспрабуй забарані. Нават Аляксандар Лукашэнка быў вымушаны троху саступіць. Прайшлі прайшлі пару кілямэтраў, а перад мэталашукальнікамі на плошчы Перамогі акцыя застопарылася і развалілася. Тым ня менш карцінка ёсьць. Не дазволіш — абвінавацяць у хаўрусьніцтве з сусьветным фашызмам.
Тое, што пад памяць пра ахвяраў вайны вярстаюцца сучасныя дэструктыўныя ідэі, заўважаюць далёка ня ўсе. Пытаньні ў тым, ці могуць рознага кшталту «рускамірцы» у Беларусі сабраць адну-тры тысячы пад сваімі лёзунгамі? Па спасылцы стрыму на Свабодзе ёсьць кароткае інтэрвію з рэгнумцам Сяргеем Шыптэнкам, які прыйшоў на акцыю «Несьмяротны полк». Пакуль Шыптэнка быў за кратамі, за рэгнумцаў вельмі мала хто заступіўся.
А адзін час паралельна з рэгнумцамі за кратамі сядзелі людзіў «справе патрыётаў», за якіх частка грамадзтва стала гарой. СМІ і сацсеткі штодня падтрымлівалі надзвычайную ўвагу да лёсу арыштаваных. У выпадку з «русским миром » ад аўтараў «Рэгнума» — нічога падобнага.
Таму, калі я гляджу на ўдзельнікаў менскага «Несьмяротнага палка», я адфільтроўваю наіўных людзей, якіх падманам спрабуюць прыпісаць да спэцыяльнай прарасейскай палітычнай сілы. Я ўпэўнены што яны ня будуць падстаўляць свае галовы пад дубінкі за ідэю прасоўваньня Расеі. А справа «Рэгнума» паказала, што падобныя прарасейскія захады ўлада спыняе вельмі жорстка.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.