Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан не жадае эскаляцыі дыпляматычнай спрэчкі паміж Вашынгтонам і Масквой і выступае за паляпшэньне стасункаў паміж дзьвюма ядзернымі дзяржавамі, сказала прэсавая сакратарка Дзярждэпартамэнту Гэзэр Наўэрт.
«Мы чакаем спробы руху наперад», — дадала яна.
У якасьці прыкладаў супрацоўніцтва з Расеяй прэс-сакратарка нагадала пра візыт у Маскву спэцыяльнага пасланьніка Злучаных Штатаў у справе Паўночнай Карэі Джозэфа Юна для перамоў наконт ядзернай і ракетнай праграмы Пхэньяну. А таксама пра сустрэчу ў Хэльсынкі намесьніка дзяржаўнага сакратара ЗША Томаса Шэнана з намесьнікам міністра замежных спраў Расеі Сяргеем Рабковым.
Дыпляматычныя дачыненьні паміж ЗША і Расеяй знаходзяцца ў крытычным стане.
Злучаныя Штаты загадалі расейцам пакінуць консульства РФ у Сан-Францыска, а таксама два будынкі гандлёвых прадстаўніцтваў у Вашынгтоне і Нью-Ёрку пасьля таго, як Масква ў жніўні запатрабавала ад ЗША зьменшыць дыпляматычны пэрсанал у Расеі да 455 асобаў, а значыць скараціць 755 работнікаў.
Так Расея адрэагавала на новыя санкцыі, уведзеныя за ўмяшаньне Расеі ў леташнія прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. У канцы 2016 году з Штатаў ужо выслалі за гэта групу расейскіх дыпляматычных работнікаў і закрылі некалькі расейскіх лецішчаў, якія маглі выкарыстоўвацца спэцслужбамі Расеі для ўмяшаньня ў выбары. Тады Расея ўстрымалася ад захадаў у адказ.