Ужо дзявяты пакет такіх санкцыяў чальцы Рады Бясьпекі падтрымалі аднагалосна.
ЗША, якія былі аўтарам праекту рэзалюцыі, прыкметна зьмякчылі сваю першапачатковую прапанову, каб атрымаць падтрымку Расеі і Кітаю, якія маюць у Радзе Бясьпекі права вэта і давалі зразумець, што заблякуюць занадта суровыя санкцыі.
Такім чынам, з дакумэнту, згодна з паведамленьнямі, канфіскавалі пункты аб поўным эмбарга на пастаўкі нафты ў Паўночную Карэю, пэрсанальныя санкцыі супраць лідэра краіны Кім Чэн Ына з забаронай яму на наведваньне іншых краінаў і замарожваньнем ягоных актываў, а таксама дадалі заклік да дыялёгу і да «мірнага, дыпляматычнага і палітычнага» рашэньня канфлікту.
Уведзеныя санкцыі прадугледжваюць, сярод іншага, поўную забарону на экспарт паўночнакарэйскага тэкстылю і накладваюць абмежаваньні на імпарт у Паўночнай Карэі перапрацаваных нафтапрадуктаў на ўзроўні 45 адсоткаў ад цяперашняга — на ўзроўні 2 мільёнаў барэляў у год (цяпер Пхэньян штогод імпартуе 4,5 мільёна барэляў). Таксама замарожваецца імпарт сырой нафты на цяперашнім узроўні, які забясьпечвае Кітай — 4 мільёны барэляў. Такім чынам, агульны імпарт сырой нафты і перапрацаваных нафтапрадуктаў у Паўночную Карэю павінен скараціцца прыкладна на 30 адсоткаў.
Таксама з новаўведзенай поўнай забароны на сумесныя прадпрыемствы з Паўночнай Карэяй выключаныя сумесныя кітайска-паўночнакарэйскія гідраэлектрастанцыі на памежнай рацэ Ялуцзян і сумесны расейска-паўночнакарэйскі чыгуначна-партовы вузел Хасан-Раджын, у якім расейскі вугаль адгружаецца ў іншыя краіны.
Яшчэ адна новая забарона — на працаўладкаваньне паўночнакарэйскіх грамадзян на працы за мяжой (значная частка іх працуе ў Расеі і Кітаі), што прыносіць значныя сродкі не самім работнікам, а паўночнакарэйскай дзяржаве. Гэтая забарона будзе набываць моц паступова, з завяршэньнем цяпер дзейных кантрактаў і дазволаў на працу.
Таксама рэзалюцыя прадугледзела новыя мэханізмы, якія маюць на мэце спыніць нелегальныя пастаўкі тавараў у Паўночную Карэю і зь яе мараходным транспартам, замарожваньне магчымых актываў шэрагу паўночнакарэйскіх кіроўных і прапагандысцкіх установаў і ўнясеньне ў санкцыйныя сьпісы дадатковых вырабаў і тэхналёгіяў двайнога прызначэньня.
Паводле падлікаў ЗША, новыя меры, і перш за ўсё забарона на экспарт тэкстыльных вырабаў, пазбавяць Пхэньян валютнай выручкі на суму ня менш за 800 мільёнаў даляраў на год, а паступовае ўвядзеньне забароны на працу паўночнакарэйцаў за мяжой — з часам яшчэ 500 мільёнаў даляраў штогод. Таксама Пхэньянскаму рэжыму стане значна цяжэй зарабляць на кантрабандзе прадукцыі за мяжу морам. Дадатковыя страты, аб’ём якіх пакуль ня ясны, пацягне і забарона практычна ўсіх сумесных прадпрыемстваў.
Новыя санкцыі ўвялі як рэакцыю на выпрабаваньні Паўночнай Карэяй, падобна, вадароднай бомбы — тэрмаядзернага выбуховага прыстасаваньня, якое, паводле сьцьвярджэньня Пхэньяну, прыдатнае да ўсталяваньня ў боегалоўку балістычнай ракеты — 3 верасьня.
Перад гэтым Пхэньян выпрабаваў некалькі балістычных ракет вялікай далёкасьці; адна зь іх, падобна, была ўжо міжкантынэнтальнай клясы. Пасьля аднаго з такіх выпрабаваньняў больш за месяц таму Рада Бясьпекі ААН увяла супраць Паўночнай Карэі папярэдні пакет санкцыяў, забараніўшы, сярод іншага, экспарт з гэтай краіны вугалю, сьвінцу і морапрадуктаў.