ТыкТок — інтэрнэт-сэрвіс для публікацыі кароткіх відэа. Ён імпэтна здабывае папулярнасьць, найперш сярод маладой і вельмі маладой аўдыторыі, і мае характэрныя жанравыя рысы, сярод якіх арыентацыя на забаву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моўны навігатар у сеціве: лацінкаАпішам некалькі тэматычных каналаў, дзе вывучаюць беларускую мову ці проста гавораць па-беларуску.
Навучаньне
Найперш згадаем свабодаўскі канал у ТыкТоку. Тут актуальныя весткі па-беларуску чаргуюцца з развагамі на тэмы беларускае мовы (а таксама гісторыі, культуры), зь якіх нават абазнаныя даведаюцца нешта нечаканае для сябе, а новы глядач дык і падвучыцца. Якое папраўдзе значэньне слова „памяркоўны“? Што такое правапіс тарашкевіца? „Мацнейшы“ і „наймацнейшы“ — у чым розьніца? Усе моўныя сюжэты грунтуюцца на матэрыялах спэцыялістаў, ім можна давяраць.
ТыкТок-вэрсію моўнага шоў „Гоман“ вядзе філёляг і пісьменьнік Аляксей Шэін, а да яго далучаецца музыка і мастак Андрусь Такінданг. Тэматыка традыцыйная для навучальных моўных каналаў, але разнастайная: прыкладам, зімовыя слоўцы, кулінарная лексыка, гісторыя беларускіх альфабэтаў, таямнічае слова „варголы“ і многае іншае. Пра ўсё гэта — экспрэсіўна, творча і, што важна, прафэсійна, зь веданьнем навуковага грунту і працаў калег.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моўны навігатар у сеціве: па-беларуску — дзецямАўтарскі канал Лізы Ветравай ужо вельмі папулярны сярод беларускай аўдыторыі. Вядоўца не пазыцыянуе сябе як знаўца прадмету (беларускае мовы), а паказвае, што сама шукае і знаходзіць новае для сябе і дзеліцца гэтым новым з гледачамі, пасылаючы прыблізна такі сыгнал: „я такая, як і вы — і вы ня бойцеся пераходзіць на беларускую“.
Тэматычныя каналы па-беларуску
ТыкТок-вэрсія рэсурсу natatnik.by — пра вандроўкі і знаходкі, этнаграфічныя артэфакты і дыялектнуюсамабытнасьць Берасьцейшчыны і ня толькі, а таксама пра кухню, даўншыфтэрства і г.д. На добрай і натуральнай беларускай мове усе гэтыя жыцьцёвыя рэчы абмяркоўваюць і на пытаньні гледачоў адказваюць таленавітыя вядоўцы.
Вядоўцы гутарковага каналу „Трэба пагаварыць“ Марыя Грыц, Кацярына Ваданосава і Крысьціна Дробыш апісваюць яго як „бясьпечную прастору, дзе жанчыны дзеляцца гісторыямі пра свой балючы досьвед“. Вядоўцы гавораць па-беларуску і гэтым часта настройваюць суразмоўцаў таксама па-беларуску дзяліцца сваімі перажываньнямі — як правіла, зьвязанымі зь цяжкімі паваротамі лёсу, зьперасьледам іх саміх ды іхных блізкіх.
Тутэйшы: Імітацыя дыялёгаў на вострыя і часта зьвязаныя зь беларускай ідэнтычнасьцю тэмы. Вядоўца падкупляе экспрэсіяй, адкрытай суб’ектыўнасьцю. Аднак якасьць беларускае мовы яшчэ вымагае ўдасканаленьня.
Натуральна, каналаў значна больш, таму (калі вы жывяце ў ТыкТоку) — дапаўняйце іх сьпіс і стварайце свае!