12 кастрычніка стаў вядомы пяты ляўрэат прэміі імя Ежы Гедройця — бадай, галоўнай сучаснай літаратурнай прэміі Беларусі. Ім стаў Макс Шчур, аўтар кнігі «Завяршыць гештальт». Ён атрымаў чэк на 5000 эўра ад IdeaBank.
У інтэрвію Свабодзе Макс Шчур расказаў, чаму яго імя ня вельмі папулярнае нават сярод сталых наведнікаў кнігарняў «Логвінаў» і «Галіяфы», а таксама пра тое, чаму ня змог асабіста прысутнічаць на ўручэньні прэміі.
— Ці чакалі вы перамогі?
— Не, я не спадзяваўся, што перамагу. Таму рашэньне стала для мяне вялікім сюрпрызам. Думаю, што і ня толькі для мяне. Безумоўна, я вельмі рады, што журы прыняло такое рашэньне. Калі абвяшчалі прэмію, то сказалі, што мой раман «Завяршыць гештальт» атрымлівае ўзнагароду за адвагу. Дык я думаю, тое самае варта сказаць і пра журы — рашэньне было нечаканым і сьмелым.
— Хто быў вашым фаварытам сярод шорт-лістэраў?
— Былі розныя чуткі, людзі ў інтэрнэце абмяркоўвалі прэмію задоўга да 12 кастрычніка. У мяне таксама былі фаварыты. Перадусім, Валянцін Акудовіч з кнігай «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне». Таксама я думаў, што мае шанцы «Белая муха, забойца мужчын» Альгерда Бахарэвіча. Таму вынікам я вельмі зьдзіўлены, нават быў у прыемным шоку.
— Вашая творчасьць пакуль ня вельмі вядомая ў Беларусі. З чым гэта зьвязана?
— Я цяпер не жыву ў Беларусі, і гэта адбіваецца на тым, што я не належу да правільных тусовак, якія абумоўліваюць нейкую вядомасьць. У тым ліку і сярод афіцыйных структур, якія, як мне здаецца, даюць права друкавацца ў тым ліку і ў незалежных выдавецтвах. Таксама ёсьць фінансавая праблема. Друкаваньне кніг у Беларусі — дарагое задавальненьне, даражэйшае, чым у суседніх краінах. Таму я большасьць сваіх кніг выдаваў за мяжой, і гэта зьвязана з тым, што ў Беларусь яны траплялі ня самым лёгкім і простым шляхам.
— Прэмія Гедройця выправіць сытуацыю? Як лічыце, стануць вашыя кнігі больш запатрабаваныя як сярод тых, хто набывае іх у кнігарні «Логвінаў», так і для тых, хто ідзе ў Цэнтральную кнігарню?
— Я думаю, што вынік маёй прэміі быў бы вельмі малы, калі б маімі творамі пачалі цікавіцца толькі тыя, хто ўжо цікавіцца беларускай літаратурай і належыць да суполак вакол выдавецтваў Логвінава і «Галіяфаў». Я мушу сказаць, што гэта не мая мэтавая аўдыторыя. Мая проза прызначаная нашмат шырэйшаму колу чытачоў, чым тыя, хто ўжо прывык да пэўных імёнаў, якія, на маю думку, варацца ва ўласным соку. Таму я не магу сказаць, што я вельмі імкнуся да прыцягненьня ўвагі чытача, чый густ сфармаваны гэтымі коламі і выдавецтвамі. Я спадзяюся, што ў маіх кніг шырэйшы патэнцыял, у тым ліку і за мяжой. Мне было б вельмі цікава, каб нехта пераклаў «Завершыць гештальт». Але гэта залежыць ад таго, наколькі прэмія імя Ежы Гедройця мае вагу за мяжой. Я спадзяюся, што мае.
— Ці можна набыць вашыя кнігі ў дзяржаўных кнігарнях?
— Не, іх там няма і быць ня можа. Але я не лічу, што сытуацыя ніколі ня зьменіцца. Хоць гэта розныя маштабы, але возьмем прыклад Сьвятланы Алексіевіч. Насуперак усім праблемам, якія гэтая аўтарка мае зь дзяржавай, яе кнігі прадаюцца ў дзяржаўных кнігарнях. Таму што яе кнігі гавораць самі за сябе. І калі такая сытуацыя складзецца ў Беларусі, калі ўмовы будзе дыктаваць ня «добры дзядзя», а чытацкі попыт, то я быў бы толькі за тое, каб мае кнігі там зьявіліся. Але пакуль такога няма.
— Вы не жывяце ў Беларусі і не былі на ўручэньні прэміі...
— Я зьехаў зь Беларусі 18 гадоў таму, і столькі ж часу ня быў на радзіме, жыву ў Празе. Я ня быў на цырымоніі ўручэньня прэміі, бо, нягледзячы на ўсе высілкі, я не пасьпеў вырашыць пэўныя фармальныя пытаньні, зьвязаныя з прыездам у Беларусь. Але я вельмі спадзяюся, што рана ці позна мне гэта ўдасца. Мне гэтага вельмі хочацца.
— Чым вы займаецеся, апроч літаратуры?
— Мая дзейнасьць — гэта праца зь беларускай і з замежнымі мовамі. Я перакладнік. Усё астатняе — у вольны час, калі ён ёсьць. Маю сям’ю, дачку, таму заняцца ёсьць чым.
— Ці сочыце вы за справай Эдуарда Пальчыса?
— Лічу, што гэта клясычны выпадак перасьледу за палітычныя погляды. Якімі б гэтыя погляды ні былі, наколькі б я асабіста, напрыклад, зь імі не пагаджаўся, але чалавек павінен бараніць права іншых мець сваю думку. У нармальных краінах не павінна быць палітычных вязьняў.
— Ці значыць гэта, што вы асабіста не пагаджаецеся з поглядамі Пальчыса?
— Не, гэтага не вынікае. Я ня буду камэнтаваць канкрэтна ягоны выпадак. Я кажу наогул.
***
Кніга Макса Шчура «Завяршыць гештальт» выйшла ў Тэрнопалі ў выдавецтве «Крок». «Завяршыць гештальт» — дзёньнік падарожжа «чалавека з фотаапаратам» у прасторы і часе, з Чэхіі ва ўлюбёную краіну ягонай маладосьці Галяндыю. Па дарозе герой-апавядальнік сустракае людзей з розных краін Эўропы і сьвету, абмяркоўвае зь імі надзённыя пытаньні эстэтыкі, эротыкі і геапалітыкі і напружана чакае, калі зь ім нарэшце здарыцца нешта, што апраўдае ягонае рашэньне выехаць за мяжу — як цяпер, так і дваццаць гадоў таму зь Беларусі. Ён перакананы, што галоўная сустрэча жыцьця чакае яго ў Амстэрдаме.