Эўрапарлямэнт ухваліў рэзалюцыю аб процідзеяньні расейскай прапагандзе. Крамлю не спадабалася

Тэлевядоўца Дзьмітры Кісялёў, ілюстрацыйная выява

Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту аб процідзеяньні прапагандзе супраць Эўразьвязу (PDF), у тым ліку з боку Расеі, выклікала надзвычай бурную рэакцыю ў Маскве.

Уладземір Пуцін выказаўся пра «дэградацыю ўяўленьняў аб дэмакратыі ў заходнім грамадзтве» і павіншаваў журналістаў, якія «заахвоцілі прадстаўнікоў эўрапейскага органа прымаць такія рашэньні», з «выніковай і таленавітай працай».

Відэа з Пуціным неадкладна апублікавала ў твітэры RT

У міністэрстве замежных справаў Расеі рэзалюцыю назвалі «інфармацыйным злачынствам» і ня выключылі, што «прыйдзецца люстэркава адказаць», паведамляе РИА Новости.

«Вы зьдзяйсьняеце злачынства, таму што не даяце магчымасьць людзям аналізаваць і думаць, зыходзячы з альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі», — прыводзіць агенцтва словы прадстаўніка МЗС Марыі Захаравай, а таксама меркаваньне сябра камітэту Дзярждумы па міжнародных справах Сяргея Жалязняка, які назваў рэзалюцыю «русафобскім дзікунствам».

Дэпутат Эўрапарлямэнту Ганна Фатыга, якая прадставіла рэзалюцыю ў Страсбуры, пра рэакцыю Пуціна даведалася толькі падчас гутаркі з карэспандэнтам Радыё Свабода: «Шчыра кажучы, проста не было часу».

Пачуўшы ў пераказе словы Пуціна, Фатыга кажа: «У дакладзе пазначалася, што Russia Today і, можа быць, у меншай ступені Sputnik дасягнулі значных посьпехаў у вядзеньні прапаганды ў Эўрапейскім зьвязе і дзяржавах — сябрах ЭЗ, і гэта натуральна, што, кажучы аб гэтым, спадар Пуцін падтрымаў інструмэнты, выкарыстаныя Крамлём».

Фрагмэнты рэзалюцыі:

— ЭЗ, краіны, што ўваходзяць у яго, і іх грамадзяне знаходзяцца пад узрастаючым і сыстэматычным ціскам, сутыкаючыся з кампаніямі дэзінфармацыі, мэта якіх — падарваць само паняцьце абʼектыўнай інфармацыі і этычнай журналістыкі, прадстаўляючы любую інфармацыю як старонную ці як інструмэнт палітыкі. Мішэньню гэтых кампаніяў таксама ёсьць дэмакратычныя каштоўнасьці і інтарэсы.

— Свабода прэсы, доступ да інфармацыі і свабода выказваньня — апоры дэмакратычнай сыстэмы, у якой вельмі важная празрыстасьць фінансаваньня сродкаў інфармацыі... У той жа час неабходна ацаніць, як дзейнічаць у дачыненьні да мэдыяў, уцягнутых у стратэгію наўмыснага распаўсюду дэзінфармацыі, асабліва сярод «новых мэдыяў», у сацыяльных сетках і лічбавай сфэры;

— Інфармацыйная вайна — гістарычны фэнамэн, гэтак жа стары, як сама вайна; інфармацыйная вайна супраць Захаду экстэнсіўна выкарыстоўвалася Савецкім саюзам падчас халоднай вайны і цяпер стала складнікам сучаснай гібрыднай вайны, мэта якой — дэстабілізаваць палітычную, эканамічную і сацыяльную сытуацыю ў краіне, што падверглася нападу без фармальнага абвяшчэньня вайны, і гэта тычыцца ня толькі партнэраў ЭЗ, але і самога ЭЗ, ягоных інстытутаў, дзяржаваў Зьвязу і іхных грамадзян.

— Пасьля анэксіі Расеяй Крыму і гібрыднай вайны, што вядзецца Расеяй на Данбасе, Крэмль актывізаваў канфрантацыю з ЭЗ, узмацніў прапагандысцкую вайну. Расея адгульвае актыўную ролю ў эўрапейскім мэдыяасяродзьдзі, каб стварыць у эўрапейскім грамадзтве палітычную падтрымку сваім дзеяньням і падарваць узгодненасьць эўрапейскай зьнешняй палітыкі.

— Расейскі ўрад агрэсіўна выкарыстоўвае шырокі дыяпазон сродкаў — такіх як экспэртныя цэнтры і адмысловыя фонды (напрыклад, «Русский мир»), адмысловыя агенцтвы («Россотрудничество»), шматмоўныя тэлеканалы (напрыклад, RT), псэўданавіновыя агенцтвы і мультымэдыйныя службы (напрыклад, Sputnik), міжнародныя грамадзкія і рэлігійныя арганізацыі (прэзэнтуючы сябе адзіным абаронцам традыцыйных хрысьціянскіх каштоўнасьцей), інтэрнэт-троляў, — каб кінуць выклік дэмакратычным каштоўнасьцям, падзяліць Эўропу... Расея інвэстуе неабходныя сродкі ў свае інструмэнты дэзінфармацыі і прапаганды... Крэмль фінансуе палітычныя партыі і іншыя арганізацыі ўсярэдзіне Эўразьвязу.

— Інфармацыйная стратэгія Крамлю спалучаецца з палітыкай узмацненьня двухбаковых адносінаў з асобнымі дзяржавамі Эўразьвязу з мэтай аслабіць узгодненасьць дзеяньняў ЭЗ.

— Расея падтрымлівае ў ЭЗ сілы, што выступаюць супраць эўрапейскай інтэграцыі, у прыватнасьці, крайне правыя партыі, папулісцкія сілы і рухі, што адмаўляюць каштоўнасьці лібэральных дэмакратыяў...

— Значная доля варожай прапаганды Крамлю мае на мэце прадставіць некаторыя эўрапейскія краіны як належныя «традыцыйнай сфэры ўплыву Расеі», тым падрываючы іх сувэрэнітэт і глыбока ўкарэненую эўрапейскую ідэнтычнасьць, якую раней падрывалі камуністычныя рэжымы... Адна з ключавых стратэгіяў — стварэньне альтэрнатыўнага наратыву, часта заснаванага на маніпулятыўных інтэрпрэтацыях гістарычных падзеяў... Фальсыфікацыя гісторыі — адна з галоўных стратэгіяў...

***

Ганна Фатыга, камэнтуючы мэту рэзалюцыі, кажа, што ў ёй упарадкаваныя наяўныя зьвесткі аб прапагандзе, нацэленай супраць ЭЗ, — у «дыягнастычнай», як яна выказалася, частцы дакладу. Аўтары рэзалюцыі заклікаюць дзяржавы Эўразьвязу да пільнасьці да «інфармацыйных апэрацыяў» Расеі на эўрапейскай тэрыторыі і да пашырэньня намаганьняў па супрацьдзеяньні ім, у тым ліку ў фінансавым стаўленьні.

Значная частка дакладу, акрамя Расеі, адведзена небясьпецы прапаганды з боку (забароненай у Расіі) групоўкі «Ісламская дзяржава». Гэта такама выклікала вялікае незадавальненьне ў Маскве: «Рэзалюцыя ўтрымлівае шэраг безгрунтоўных абвінавачваньняў, у тым ліку параўноўвае дзейнасьць такіх СМІ, як Sputnik, з дзейнасьцю тэрарыстычнай групоўкі ІД», — піша РІА Навіны.

У самым дакладзе ёсьць «асобная думка» дэпутата Хаўера Коўса, які лічыць безадказным «ставіць дзяржавы, падобныя да Расеі, на адзін узровень з ІД, кажа аб нэгатыўнай ролі ЭЗ у цяперашніх канфліктах у паўднёва-ўсходніх ваколіцах Эўразьвязу і пра прапаганду з боку ЗША, і патрабуе прызнаць Расею ключавым партнэрам ЭЗ, глябальную ролю Расеі ў пытаньнях бясьпекі, патрабуе зьняць зь яе эўрапейскія санкцыі, аддзяліць ЭЗ ад NATO і гэтак далей.

Фатыга, камэнтуючы гэта, кажа, што Эўрапарлямэнт — дэмакратычная інстытуцыя, дзе заўсёды ёсьць магчымасьць уключыць у даклад падобную «асобную думку». Гаворачы ж аб прысутнасьці ў рэзалюцыі адначасова і Расеі, і тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы», Фатыга падкрэсьліла, што ў дакумэнце не праводзіцца ніякіх параўнаньняў (паміж Расіяй і ІД), гэтыя пытаньні ясна падзеленыя:

«На жаль, мы сутыкнуліся з гэтымі двума выклікамі адначасова. Гэта адзіная прычына, зь якой яны апынуліся ў адным дакладзе. Мы павінны мець зь імі справа ў адзін і той жа час».