Сёньня ў Менску адбылося чарговае паседжаньне працоўнай групы па пытаньнях дзейнасьці ІП.
Сустрэча прадстаўнікоў прадпрымальніцкага руху з уладамі доўжылася больш за 5 гадзін.
Як распавёў Свабодзе лідэр грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка, перамовы на паседжаньні ішлі вельмі цяжка. Дамагчыся ад прадстаўнікоў улады істотных саступак не ўдаецца.
«Па ўказе № 222 нічога не падтрымана, усё на мёртвай кропцы. Пытаньне застаецца адкрытым», — кажа ён.
«Асноўнай перашкодай для наладжваньня нармальнага дыялёгу зьяўляецца Міністэрства па падатках і зборах, — кажа Шумчанка. — Нават Дзяржстандарт трохі ідзе насустрач, спрабуе нешта зрабіць. А тут — поўнае непрыняцьцё, татальны кантроль. Руху ў іх няма. Некаторыя чыноўнікі з працоўнай групы разумеюць тупіковасьць гэтай сытуацыі. Зразумела, што Міністэрству па падатках і зборах патрэбныя грошы. Але калі зь іх боку ня зьменяцца падыходы, мы разаўём ценявую эканоміку, загубім бізнэс. Таму сёньня, я лічу, трэба думаць шырэй. Ніхто ня думае пра прадпрымальніцкую ініцыятыву і працоўныя месцы».
Шумчанка ўпэўнены, што калі пазыцыя Міністэрства па падатках і зборах ня зьменіцца, то малы бізнэс у Беларусі будзе зьнішчаны.
Сёньня ж стала вядома, што берасьцейскім і гомельскім прадпрымальнікам мясцовыя ўлады адмовілі ў правядзеньні мітынгу.
У Берасьці акцыя плянавалася на 19 лютага. Падставай для адмовы паслужыла адсутнасьць у прадпрымальнікаў заключаных дамоваў на абслугоўваньне мерапрыемства з хуткай дапамогай і камунальнымі службамі. Аналягічным чынам абгрунтоўваецца адмова ў правядзеньні мітынгу ў Гомелі — там яго плянавалі на 22 лютага.
Наступнае паседжаньне працоўнай групы адбудзецца 24 лютага.