У Беларускім дзяржаўным аграрным унівэрсытэце ў суботу і нядзелю няма заняткаў, і студэнтам, як прызнаўся першакурсьнік Антон, «параілі» прагаласаваць датэрмінова і ў пятніцу зьехаць да бацькоў.
На выбарчы ўчастак № 605, які месьціцца ў галоўным корпусе БГАТУ, з 10-й да 12-й раніцы прышлі прагаласаваць зь дзясятак пэнсіянэраў, што жывуць на праспэкце Незалежнасьці, і зь дзясятак студэнтаў.
А вось на выбарчы ўчастак у інтэрнаце БДУ № 10 на вуліцы Курчатава з раніцы пацягнуліся студэнты — у спартовых гарнітурах, тапачках. Уражаньне, што толькі ўсталі з ложка. Сам участак — у невялікім пакоі, нават міліцыянту не хапіла месца — сядзіць у калідорчыку.
Прагаласаваць датэрмінова заклікаюць іншагародніх і ў Беларускім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце, БНТУ — пішуць студэнты ў сацсетках.
На ўчастку № 700, што ў Палацы культуры Трактарнага заводу, у першы дзень галасуюць у асноўным пэнсіянэры і студэнты.
Студэнтка БДУ Вольга атрымала афіцыйны дазвол-вызваленьне ад заняткаў на выходныя дні за датэрміновае галасаваньне, каб паехаць да бацькоў у вёску. Мужчына сярэдніх гадоў патлумачыў свой датэрміновы прыход на выбарчы ўчастак тым, што выяжджае з гораду на выходныя дні. Адна з пэнсіянэрак прагаласавала, бо «так трэба». Ці ня скрадуць яе голас, яна не баіцца — «я ўкінула бюлетэнь, і ўсё, а скрадуць ці не — не задумваюся, каб не расстройвацца».
Іншая пэнсіянэрка, спадарыня Ганна, праходзіла паўз Палац культуры, але на ўчастак не зайшла. Яна выказалася іначай:
«Галасаваньне — гэта ўсё для выгляду, а ў выніку лічбы будуць несапраўдныя. Галасуй, не галасуй... За мяне прагаласуюць самі. Ярмошына чаму сядзіць? Калі жанчыне 55 — яе адпраўляюць на пэнсію, а яе трымаюць дзеля гэтых галасоў. Калі б былі сапраўдныя і справядлівыя выбары, то калі чалавек не спраўляецца з працоўнымі абавязкамі — яго мяняюць на іншага. Чаму ў нас на ўсё жыцьцё прэзыдэнт? Неспасьцігальна! Гэтыя выбары несправядлівыя. Калі б былі справядлівыя — датэрміновых выбараў бы не было».
Тым часам па вуліцах Менску ад ранку курсуе аўтамабіль з гукаўзмацняльнікамі, празь якія гараджан заклікаюць на датэрміновае галасаваньне. Абвесткі пра датэрміновыя выбары гучаць таксама ў наземным грамадзкім транспарце і ў мэтро.
Лукашэнка: «Гнаць людзей на выбары ня трэба, але трэба іх папрасіць»
«У нас пачалося датэрміновае галасаваньне. Я хацеў бы зьвярнуць і вашу ўвагу, і тых, хто арганізоўвае выбары, адказвае за іх на месцах, каб не было ў нас нічога штучнага, каб мы ня гналі людзей на выбары, каб мы годна іх правялі, каб гэта сапраўды было сьвята і мы разумелі, што робім гэта для сваёй краіны і народа», — сказаў Аляксандар Лукашэнка, прымаючы старшыню Цэнтравыбаркаму Лідзію Ярмошыну.
Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што яму б хацелася, каб на выбары прыйшло як мага больш людзей:
«Гэта паказчык сувязі паміж уладай і народам, паказчык ацэнкі людзьмі парлямэнцкіх выбараў, ролі дэпутатаў, парлямэнту ў жыцьці нашага грамадзтва і дзяржавы. Але, тым ня менш, падкрэсьліваю: заганяць людзей на ўчасткі ня трэба, трэба іх папрасіць. Трэба папрасіць, каб людзі прыйшлі і прагаласавалі».