Праваабаронцы нагадалі, што адзін з асноўных прынцыпаў правядзеньня выбараў у Рэспубліцы Беларусь, замацаваных у Артыкуле 38 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Артыкуле 5 Выбарчага кодэксу, — іх свабодны характар.
«Гэта азначае, што кожны выбаршчык асабіста вырашае, ці браць яму ўдзел у выбарах і за каго галасаваць. Як паказвае назіраньне за папярэднімі выбарчымі кампаніямі, некаторыя катэгорыі выбаршчыкаў, у тым ліку і студэнты, нярэдка сутыкаюцца зь ціскам з боку адміністрацыяў вышэйшых навучальных установаў, якія прымушаюць да ўдзелу менавіта ў датэрміновым галасаваньні, ажыцьцяўляюць кантроль за яўкай студэнтаў на выбарчыя ўчасткі, прадастаўляюць датэрмінова прагаласаваўшым студэнтам адгулы. У выніку колькасьць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаваньні, па краіне складае да 20–35%», — тлумачыцца ў заяве.
Як сьцьвярджаюць праваабаронцы, адміністрацыі вышэйшых навучальных установаў не зьяўляюцца арганізатарамі выбарчага працэсу, а любыя формы прымусу студэнтаў да ўдзелу ў выбарах зьяўляюцца недапушчальным парушэньнем іх канстытуцыйных правоў.
Прадстаўнікі кампаніі будуць назіраць за ходам датэрміновага галасаваньня, адсочваць, зьбіраць інфармацыю пра магчымыя парушэньні і даводзіць яе да шырокага кола беларускай і міжнароднай грамадзкасьці, у тым ліку і да міжнародных місій па назіраньні за выбарамі.
Тым часам старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, адказваючы на крытыку назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ што да непразрыстасьці датэрміновага галасаваньня ў Беларусі, адзначыла, што «калі адмовіцца ад датэрміновага галасаваньня, то можа прагаласаваць толькі 20% выбарцаў».
Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць у нядзелю, 11 верасьня, а датэрміновае галасаваньне пачнецца ў аўторак, 6 верасьня.