Беларуская «Экономическая газета» расказала 10 кастрычніка аб праекце дэкрэту «Аб забесьпячальным дэпазыце», паводле якога бізнэсоўцам давалася б магчымасьць унесьці ў «Беларусбанк» ня менш за 50 тысяч рублёў на выпадак затрыманьня за эканамічныя злачынствы, каб пазьбегнуць турмы.
Рэальнасьць такога праекту ў экспэртаў выклікала сумневы. Але праект сапраўды існуе і разасланы зацікаўленым, сьцьвярджае эканаміст Яраслаў Раманчук. Ён перадаў Свабодзе тэкст праекту.
«Ён сапраўды ёсьць, вось я яго бачу, 13 старонак, — кажа Раманчук. — Хацеў бы даведацца, хто аўтар. Ніхто ня ведае. Ён разасланы, усе камэнтуюць. І Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў, і органы ўлады ў шоку, бо ня ведаюць, чаму і хто зрабіў гэта, такую сьвіньню падкінуў. Мяркую, гэта нехта зь сілавікоў ці кантрольных органаў».
Раманчук згадвае, што ў Беларусі былі прынятыя і «дэкрэт пра дармаедаў», які ён і шмат іншых лічаць супярэчным Канстытуцыі, і крымінальны артыкул за лжэпрадпрымальніцтва. Эканаміст мяркуе, што гэты праект дэкрэту — «з той жа сэрыі».
«Я думаю, будзе адмоўная рэакцыя нават з боку ўлады, ня кажучы ўжо аб прадпрымальніках, таму Лукашэнка задумаецца, — разважае Раманчук. — Бо калі, з аднаго боку, ён гаворыць аб прадпрымальніцтве і інвэстыцыях, а з другога, такія рэчы прапануе, атрымаецца бязглузьдзіца нейкая. Праект дэкрэту безумоўна супярэчыць Канстытуцыі і іншым законам. Але ў тым і справа: дэкрэт № 3 таксама быў прыняты з парушэньнем Канстытуцыі, я лічу, але ж ён дзейнічаў.
Справа ў тым, што гэта найперш тычыцца не звычайных людзей, якія выйшлі на плошчу, бунтавалі. Гэта тычыцца прадпрымальнікаў, якія ня будуць так бунтаваць: іх прымусяць да такіх плацяжоў, яны стануць ахвярамі такіх рашэньняў чыноўнікаў. Дык будуць зьяжджаць проста! Будзе мэтанакіравана зьнішчацца прадпрымальніцтва ў краіне.
Для буйных бізнэсоўцаў 25 тысяч даляраў — гэта ня грошы. Гэта перш за ўсё скіравана на сярэдні і малы бізнэс, які ня зможа адкупіцца, які ня можа даць грошы на кваліфікаваных юрыстаў, падаткавыя кансультацыі забясьпечыць».