Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра БНФ не ўключылі ў новы склад Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва


Васіль Астроўскі
Васіль Астроўскі

Бізнэсовец, сябра Партыі БНФ Васіль Астроўскі не застаўся ў новым складзе Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва. Аляксандар Лукашэнка сваім указам некалькі пашырыў яе паўнамоцтвы і зьмяніў склад.

Васіль Астроўскі кажа, што ніякай гутаркі наконт далейшай працы ў радзе зь ім не вялі:

«Са мной ніхто не размаўляў. Вы першы, ад каго я даведаўся пра перамены. З аднаго боку, для мяне гэта нечакана. З другога, пасьля таго як я ўступіў у Партыю БНФ і пачаў выступаць ня толькі ад сябе, але і ад імя партыі, я чакаў, што нешта такое адбудзецца.

Першы раз такое здарылася, калі я ачольваў такую ж раду пры менскім гарвыканкаме. Тады яе спачатку зусім скарацілі, а пасьля зрабілі нейкае новае ўтварэньне, але ўжо без майго ўдзелу. Прымітыўна і сьмешна. Тут хоць можна сьпісаць маё выключэньне на кадравую ратацыю. Але, я думаю, галоўная прычына тая, што я ўвайшоў у апазыцыйную партыю».

Бізнэсовец з Валожына Васіль Астроўскі працаваў у Радзе па разьвіцьці прадпрымальніцтва 5 гадоў. У Партыю БНФ ён уступіў у 2016 годзе, перад выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, вылучаўся кандыдатам у дэпутаты ад партыі.

Наконт эфэктыўнасьці працы прадпрымальніцкай рады ў Астроўскага няма ілюзій:

«Адкажу словамі зь вядомай байкі Івана Крылова „А вы, друзья, как ни садитесь, всё в музыканты не годитесь“. Па-другое, гэтая рада ніколі нічога не вырашала. Я на ёй прысутнічаў і адчуваў, што створаная яна не для дапамогі прадпрымальнікам, а для таго, каб нейкі высокі чыноўнік мог сказаць замежным гасьцям: у нас, бачыце, лібэралізацыя.

Я неаднойчы ўздымаў вострыя пытаньні. Але ж гэта было супраць шэрсьці. Таму і вынікаў не было. Скажу можа і востра, але з уласнага досьведу: гэта даволі нікчэмная арганізацыя, якая ня мае рэальнай моцы».

На пасадзе старшыні Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва, якую раней займаў Пётар Пракаповіч, цяпер кіраўнік апарату Савету міністраў Аляксандар Турчын, а на пасадзе намесьніка — уладальнік «Тытунь-Інвэсту» Павал Тапузідзіс. У ліку чальцоў Рады — эканаміст і кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Яраслаў Раманчук, старшыня Банку разьвіцьця Рэспублікі Беларусь Сяргей Румас, кіраўнік «Амкадору» Аляксандар Шакуцін, дырэктар Парку высокіх тэхналёгій і стваральнік БРСМ Усевалад Янчэўскі ды іншыя.

Цяпер да кампэтэнцый Рады адносіцца разгляд і ўзгадненьне (але не прыманьне) прававых актаў, у тым ліку тэхнічнага характару, зьвязаных з прадпрымальніцкай дзейнасьцю, яна можа падаваць прамыя і абавязковыя да разгляду прапановы па ўдасканаленьні заканадаўства ва ўрад і Мінэканомікі. Таксама чальцы Рады будуць працаваць у грамадзка-кансультацыйных радах па разьвіцьці прадпрымальніцтва, якія будуць стварацца ў тым ліку пры мясцовых органах улады.

Камсамолец, «алігарх», бээнэфавец

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG