Што было б з краінай, калі б ГКЧП перамог? Адказваюць Кебіч, Трусаў, Букчын

Жнівеньскі путч

19 жніўня 1991 году Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (так званы ГКЧП) абвясьціў, што прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў ня здольны выконваць свае абавязкі па стане здароўя, і ўвёў у Маскву войскі. Прэзыдэнт РСФСР Барыс Ельцын заявіў пра неканстытуцыйнасьць ГКЧП. Па тэлевізары два дні паказвалі балет «Лебядзінае возера».

У Менску кіраўніцтва ЦК КПБ падтрымала путчыстаў. У той час рашэньні прымаў Вярхоўны Савет XII скліканьня. Фракцыя БНФ у Вярхоўным Савеце патрабавала ад старшыні парлямэнту Мікалая Дземянцея сабраць пазачарговую сэсію. 20 жніўня на плошчу да Дому ўраду выйшаў народ. 21 жніўня ўвечары прыйшло паведамленьне з Масквы, што путч праваліўся. У выніку гэтых падзеяў у Беларусі зьмянілася кіраўніцтва — да ўлады прыйшоў Станіслаў Шушкевіч.

Што было б, калі б у жніўні 1991 году ГКЧП перамог? Што было б зь Беларусьсю, у якой краіне мы б жылі? Які лёс чакаў бы Беларусь і як зьмянілася б жыцьцё самога нашага суразмоўцы? На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказваюць былы старшыня Савету міністраў Вячаслаў Кебіч, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Алег Трусаў і пісьменьнік, публіцыст Сямён Букчын.

«Путч быў арганізаваны самім Гарбачовым. Я асабіста яго цярпець ня мог, мяне дагэтуль ванітуе, калі яго бачу»

Тагачасны старшыня Савету міністраў Вячаслаў Кебіч на просьбу Радыё Свабода ўзгадаць падзеі 19 жніўня 1991 году пажартаваў:

«Вы думаеце, што я ўдзельнік путчу? Я, наадварот, схаваўся ад гэтага путчу, каб не прымаць ніякага ўдзелу. Я быў у адпачынку, але знаходзіўся ў Беларусі, у Драздах.

Старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Мікалай Іванавіч Дземянцей быў на месцы. Калі я, фармальна яшчэ адпускнік, даведаўся пра ГКЧП і ўбачыў „Лебядзінае возера“ па тэлебачаньні, патэлефанаваў Дземянцею і запытаўся: якая абстаноўка ў краіне, можа, мне прыехаць? Дземянцей адказаў, што ня трэба, маўляў, адпачывай. Дарэчы, Дземянцей не падтрымаў гэтую лухту. Гэта ж было адразу бачна, як кажуць, каню зразумела, што гэта быў дрэнна адыграны спэктакль. А ўсе астатнія кіраўнікі схаваліся „ў кусты“, чакалі, чым усё скончыцца. Што да кіраўніцтва кампартыі, я не хачу даваць пэрсанальныя характарыстыкі, але якія там былі сакратары? Партыя да гэтага часу ўжо была практычна разгромлена. Усе заціхарыліся і сядзелі, як мышы пад венікам.

Я глыбока перакананы, што путч быў арганізаваны самім Гарбачовым. Я ж потым быў у Фаросе, сустракаўся з палкоўнікам — начальнікам аховы, яго прозьвішча Талстой. Я сустракаўся з камандзірам берагавой аховы, з гаспадыняй дачы, дзе Гарбачоў знаходзіўся. Я бачыў гэты прымач, па якім ён быццам бы слухаў навіны і які знайшлі на гарышчы — „Селга“ называецца, нармальны прымач, і ў мяне некалі такі быў. Ніхто Гарбачова ня ўтрымліваў, ніхто не кантраляваў — усе свабодна хадзілі, гулялі па тэрыторыі. А карабель на рэйдзе стаяў. Я ж гэта не прыдумаў — я размаўляў зь людзьмі. І ніякай там аховы не было, ніхто не адключаў сувязь. Дарэчы, па тэлеканале „Россия 24“ выступаў Валянцін Фалін, у той час ён быў палітычным дарадцам у Гарбачова. Фалін распавядае, як усё гэта было дамоўлена».

Вячаслаў Кебіч

На пытаньне Радыё Свабода, што было б, калі путчысты перамаглі, Кебіч адказаў, што ўсё адно Савецкі Саюз бы разваліўся, прычым яшчэ хутчэй:

«Таму што намеры былі ўжо і ў нас такія. Я асабіста цярпець Гарбачова ня мог, і нават сёньня, калі яго бачу, мяне верне, ванітуе. Колькі ён раскраў — у мяне ёсьць дадзеныя. Але гэта асобная размова. Колькі дабра было вывезена? Адкуль Фонд Гарбачова зьявіўся? Столькі раскрадзена было. Тады кралі больш, чым сёньня крадуць у Расеі. 20 падводных лодак з каштоўнасьцямі, скарбамі сплылі, і нават пустыя лодкі не вярнулі.

Так што рэжысура, можа, і добрая была. Але артысты ня тыя былі, дрэнна згулялі. Калі б акторы лепшыя былі, магло быць па-іншаму, Савецкі Саюз не разваліўся б. Але наўрад ці жылі б мы ў той самай краіне. Тады ўжо былі моцныя нацыяналістычныя тэндэнцыі. Краіны Балтыі сышлі, Украіна таксама. Малдовы, лічы, не было ўжо ў складзе Саюзу. І засталіся б Казахстан і зь ім Сярэдняя Азія. То бок фактычна ўжо не было Саюзу. Як, дарэчы, няма цяпер і „саюзнай дзяржавы“. Ёсьць воля двух кіраўнікоў. Заўтра адзін зь іх „узбрыкне“, і скончыцца „саюзная дзяржава“.

Быў яшчэ трэці чалавек, якога нельга выключаць — Ельцын, які на фоне гэтых львоў, што біліся, вырашыў прыйсьці да ўлады... Але гэта ўжо постфактум. Нічога не пераробіш, і шкадаваць ня трэба, што так усё адбылося».

«У Беларусі паўтарыўся б 1937 год. Нас альбо расстралялі б, альбо вывезьлі б у Магадан»

Алег Трусаў, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, распавёў, што 19 жніўня яго а шостай раніцы пабудзілі праз тэлефон, і ён спачатку падумаў, што гэта розыгрыш, падман:

Алег Трусаў

«Уключаю тэлевізар — а там лебедзі скачуць. Але паколькі путч пачаўся, а мяне не арыштавалі, мяркую, што, мабыць, справы ў іх кепскія. Бо, па ідэі, а шостай раніцы мяне павінны былі пабудзіць людзі ў форме. Паколькі не пабудзілі, паехаў я ў парлямэнт, і пачалі мы з гэтым путчам змагацца. Так што першая прыкмета слабасьці — што не арыштавалі мяне раніцай 19-га.

Але калі я прыйшоў у будынак Вярхоўнага Савету, некаторыя супрацоўнікі апарату парлямэнту сустрэлі мяне вельмі варожа: «Ты яшчэ тут? Цябе трэба пасадзіць». То бок тыя, хто раней кланяўся і шапку здымаў, паціралі рукі. Таму я падумаў, што калі путчысты перамогуць, прыйдуць яны ненадоўга, але крыві пусьцяць. Таму ніякіх у мяне ілюзіяў не было, але раз не арыштавалі, значыць, не такія яны і моцныя, можна зь імі змагацца. Так яно і аказалася, я не памыліўся.

У Беларусі быў бы новы 1937 год. То бок усю творчую інтэлігенцыю зачысьцілі б. Былі б звольненыя з працы ўсе людзі, арыштаваныя, хто высланы, хто бяз працы застаўся б. То бок рэпрэсіі былі б па поўнай праграме. Заставаўся б СССР. Структуру савецкую путчысты б пакінулі. Але зачысткі б былі.

Мне казалі сурʼёзныя людзі, што былі сьпісы на расстрэл і былі сьпісы на вываз

Што было б са мной у выпадку перамогі ГКЧП? Варыянт вельмі просты: альбо расстралялі б, альбо вывезьлі б у Магадан. Бо мне казалі сурʼёзныя людзі, што былі сьпісы на расстрэл і былі сьпісы на вываз, так што ў мяне лёс быў бы вельмі просты: альбо расстрэл, альбо Магадан. Дарэчы, вагоны, каб нас вывозіць, тады ўжо прывезьлі ў Менск, Сяргей Навумчык іх нават зьняў на фота і ў сваёй кніжцы гэта надрукаваў. Так што і вагоны былі, і сьпісы былі. Магчыма, заслужыў расстрэл, ня выключана. А з Магадану, магчыма, я ўжо і вызваліўся б.

«Дэмакратычных палітыкаў, журналістаў пасадзілі б»

Журналіст Сямён Букчын распавёў, што за дзень за путчу, 18 жніўня 1991 году, ён адзначаў сваё 50-годзьдзе, а на наступную раніцу даведаўся пра путч:

Сямён Букчын

«Паглядзеў тэлевізар, там ГКЧПісты. І адразу ж я засеў пісаць артыкул для «Знамёнкі». Газэта «Знамя юности» ў тыя часы была адным з цэнтраў дэмакратычных пераўтварэньняў, гэта быў лідэр публіцыстыкі ў тыя часы. І я там друкаваўся. Намесьнік рэдактара Юры Вэльтнэр сказаў: «Пішы». Напісаў, панёс — бо інтэрнэту тады не было. Я напісаў артыкул «За што змагаліся?..» (была такая савецкая прымаўка: «За что боролись, на то и напоролись»). У кнізе «Беларуская трагедыя», якая выйшла ў 2000 годзе ў Варшаве, я пазьней яго надрукаваў.

Я там пісаў: «І вось у нас зноў „надзвычайная ўлада“. Як ня ўспомніць „чрезвычайки“, якія камандавалі жыцьцём пасьля Кастрычніка 1917 году».

Сапраўды, тады ўжо вызначылі, якія газэты нам чытаць, якія прыкрыюць пад выглядам «перарэгістрацыі». Старшынём Камітэту па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні быў Аляксандар Сталяроў, які загадаў нацыянальнае вяшчаньне спыніць, і перадатчыкі БТ трансьлявалі толькі першую агульнасаюзную праграму, якая падпарадкоўвалася гэтай самай хунце маскоўскай. І па радыё і тэлебачаньні ішлі заявы, загады ГКЧП. ЦК КПБ, які да гэтага «прысеў» перад народным рухам, тут жа расправіў плечы і ўзгадаў пра сваю «руководящую и направляющую» ролю ў грамадзтве. Ну, і забаранілі выхад «Знамени юности» з маім артыкулам.

Што было б, калі б путч перамог? Я думаю, што нас, такіх актыўных аўтараў, якія выступалі з дэмакратычных пазыцыяў, безумоўна, арыштавалі і пасадзілі б. Арыштавалі і пасадзілі б дэмакратычных палітыкаў, лідэраў Беларускага народнага фронту. Контрарэвалюцыя разьвівалася б. І, канечне, гаварыць пра тое, што Дэклярацыі аб незалежнасьці і дзяржаўным сувэрэнітэце быў бы нададзены канстытуцыйны характар, не даводзілася б.

З другога боку, відаць, гістарычны рух быў такі, што не спыніць было развалу Савецкага Саюзу, не спыніць было выхаду на незалежніцкія сувэрэнныя пазыцыі. Гэты працэс мог быць ня толькі затрыманы, але абышоўся б вялікай крывёй, чаго ўжо не адбылося, калі былі падпісаныя Белавескія пагадненьні. З гэтага вынікае, што перамены былі непазьбежныя.

Але, паўтаруся, працэс мог бы зацягнуцца, і рэакцыя, калі б яны павялі сябе вельмі рашуча, была б непрадказальная. Як паказвае гісторыя, рэвалюцыя патрабуе ахвяраў. Каб сьцьвердзіць сябе, патрэбныя ахвяры, трэба кагосьці пакараць. І тут, канечне, усё абрынулася б на галовы дэмакратычных дзеячаў, дэмакратычнага друку. І рух Беларусі да самастойнасьці, да сувэрэннасьці быў бы затрыманы, і абышлося б гэта вялікай крывёю».

Падзеньне — Дваццаць гадоў пасьля распаду СССР