Нацыянальны банк Беларусі пастанавіў зьнізіць з 19 ліпеня стаўку рэфінансаваньня да 12% гадавых. Стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых апэрацыях падтрымкі ліквіднасьці банкаў адпаведна зьнізяцца з 15% да 14%.
Стаўка рэфінансаваньня вызначае, пад які адсотак Нацбанк пазычае грошы крэдытным установам. Гэта інструмэнт грашова-крэдытнага рэгуляваньня, з дапамогай якога галоўны банк краіны ўзьдзейнічае на стаўкі міжбанкаўскага рынку.
Яшчэ на пачатку году стаўка рэфінансаваньня складала 18%, але Нацбанк штомесяц зьніжаў яе на 1%. Як раней, так і цяпер Нацбанк тлумачыць гэта станоўчым прагнозам у эканоміцы і пазытыўнымі тэндэнцыямі, нізкай інфляцыяй і добрым становішчам у грашова-крэдытнай сфэры, ростам грашовай масы.
Ці запусьціў Пракаповіч друкарскі станок? Не, але інфляцыі быць. Разважае Злотнікаў
«Даволі хутка зьніжалася адсоткавая стаўка — значыць, грошы патаньнелі, — тлумачыў эканаміст Леанід Злотнікаў. — Лягічна, што грошы сталі больш танныя, мо стала больш субʼектаў гаспадараньня, якія могуць дазволіць сабе ўзяць крэдыт. А зь іншага боку — вельмі высокі ціск зьверху на выдачу крэдытаў на выплату заробкаў».
У «пасьлякрызісны» 2011 год стаўка рэфінансаваньня дасягала 45%, у 2000-ы — 175%, а пад канец 1994-га — аж 480%. Самай нізкай яна была ў канцы 2006 — пачатку 2007 году, усяго 10%.