У суд Цэнтральнага раёну Менску паступіла крымінальная справа супраць былых топ-мэнэджэраў ААТ «Беларусбанк». Ім інкрымінуюць дзевяць складаў злачынства.
Пра гэта паведаміла памочніца старшыні Менскага гарадзкога суду Анастасія Шыльвян.
Дата і час пачатку судовага працэсу пакуль ня вызначаныя.
Былога першага намесьніка старшыні праўленьня банку Генадзя Гаспадарыка абвінавачваюць у зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 і ч. 3 арт. 430 (атрыманьне хабару), ч. 2 і ч. 3 арт. 424 (злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэксу.
Былы намесьнік дырэктара дэпартамэнту — начальнік упраўленьня касавага абслугоўваньня дэпартамэнту па працы з каштоўнасьцямі «АСБ Беларусбанк» абвінавачваецца ў атрыманьні хабару, даваньні хабару і падбухторваньні да даваньня хабару.
Паводле КДБ, Генадзь Гаспадарык быў затрыманы 15 чэрвеня мінулага году на месцы злачынства, падчас атрыманьня хабару ў 14 тысяч даляраў ЗША. На пасаду першага намесьніка старшыні праўленьня «АСБ Беларусбанк» ён быў прызначаны ў лютым 2012 году. Узнагароджаны мэдалём «За працоўныя заслугі».