На сайце «Будзьма беларусамі» 30 траўня зьявіўся артыкул старшыні Моладзі БНФ Ганны Сьмілевіч «Пра фэмінізм, ЛГБТ, перагібы і празьмерную паліткарэктнасьць», які выклікаў неадназначную рэакцыю ў байнэце.
У артыкуле Ганна Сьмілевіч сярод іншага сьцьвярджае, што:
- «Паўсюднае вывешваньне сваёй сымболікі — не змаганьне за роўнасьць. Агрэсіўныя пікеты бяз мэты і шуканьне прыгнёту там, дзе яго няма, — тое ж самае. У большасьці выпадкаў уся дыскрымінацыя — толькі ў галаве».
- Вясёлкавы сьцяг на «Эўравізіі» недарэчны, бо сьпеўны конкурс — гэта «не пляцоўка для прапаганды якіх-небудзь каштоўнасьцей».
- Магчымасьці мужчын і жанчын у цывілізаваных краінах цяпер няшмат адрозьніваюцца, а пэўныя абмежаваньні для жанчын «небеспадстаўныя, бо жанчына папросту не заўжды няздольная [маецца на ўвазе, пэўна, «не заўжды здольная». — РС] выконваць пэўныя віды працы паводле фізычных, фізіялягічных і псыхалягічных асаблівасьцей».
- Фэмінізм сёньня выглядае дзіўна, калі «група раззлаваных жанчын, дэманструючы аголеныя грудзі, выкрыквае антымужчынскія лёзунгі». Змаганьне за фэмінітывы кшталту «аўтарка» і «куратарка» неабавязковае [пра якую мову ішла гаворка, яна не ўдакладніла, але фэмінітывы ўласьцівыя беларускай мове прынамсі з часоў Скарыны, — РС].
- Існуе «навязьлівая прапаганда» ЛГБТ-стасункаў і таго, што «нетрадыцыйная арыентацыя ёсьць ня проста нормай, а нават лепш», якая выяўляецца ў «бясконцай сымболіцы дзе трэба і не», гей-парадах і абмеркаваньнях камінг-аўтаў публічных асобаў.
- Нэгатыўнае стаўленьне людзей да ЛГБТ-супольнасьці — гэта неад’емнае «права на сваё меркаваньне», няправільна «навязваць чалавеку свае каштоўнасьці», калі меркаваньні наконт ЛГБТ не супадаюць. Сама яна хоча, каб ейныя дзеці «не жылі ў сьвеце, дзе менш за ўсё правоў мае белы гетэрасэксуальны мужчына».
- У барацьбе супраць расавай дыскрымінацыі «маюцца шматлікія перагібы праз часам залішнюю паліткарэктнасьць»: у ЗША — «пазытыўная дыскрымінацыя» па расавай прыкмеце пры прыёме на навучаньне, магчымасьць лёгка абскардзіць звальненьне з працы пры спасылцы на расавую дыскрымінацыю, абавязковая прысутнасьць цемнаскурых актораў у галівудзкіх фільмах («у фільме “Бітва тытанаў”, дзе дзеяньне адбываецца ў Старажытнай Грэцыі, а цемнаскурых там ну ніяк быць не магло, раптам узьнікаюць цемнаскурыя пэрсанажы»).
Сьмілевіч піша, што ня зьдзівіцца, калі «знойдуцца тыя, хто пасьля прачытаньня артыкула абвінаваціць мяне ў мізагініі, расізьме і гамафобіі. Але людзям уласьціва бачыць толькі тое, што ім хочацца». Сапраўды, пасьля публікацыі ў сацсетках былі пасты, у якіх ейны артыкул называлі гамафобным, параўноўвалі з «гамафобнай заявай» МУС («Яны ня пройдуць»).
«Абсалютна карэктна, у мяккай і талерантнай форме выказала меркаваньне», — намесьнік старшыні Партыі БНФ
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа Свабодзе, што артыкул Сьмілевіч — гэта «асабістая пазыцыя Ганны як чалавека», а нейкіх рашэньняў кіроўных органаў партыі, каб даручаць ёй пісаць такі тэкст, не было. Але ў партыі лічаць, што кожны ейны сябра як грамадзянін Беларусі можа і павінен выказваць свае меркаваньні, імкнуцца іх распаўсюджваць.
«Пазыцыя Ганны — гэта яе пазыцыя, але не пазыцыя партыі ці Моладзі БНФ, — сьцьвярджае Янукевіч. — Але Ганна, безумоўна, мае права публічна агучваць меркаваньні.
Разважаць у такіх азначэньнях, як гамафобія ці ксэнафобія, тут няслушна. На маю думку, гэтыя азначэньні — сродкі ў арсэнале пэўных групаў, каб прасоўваць свае бачаньні, не заўсёды выкарыстаньне гэтых словаў карэктнае.
У чым я дакладна перакананы, — што ў артыкуле Ганны абсалютна няма мовы нянавісьці, заклікаў да нейкіх дзеяньняў, нават нэгатыўных думак пра кагосьці не было. Я перакананы, што абсалютна карэктна, у мяккай і талерантнай форме Ганна выказала сваё меркаваньне адносна таго, што адбываецца і як яна гэта ацэньвае».
«Адмаўляе рэчы, якія не разумее» і «ідэалягічна падтрымлівае ўлады», — ЛГБТ-актывіст
ЛГБТ-актывіст і каардынатар кампаніі «Справа Пі» памяці Міхаіла Пішчэўскага Андрэй Завалей адзначае ў камэнтары Свабодзе, што спрэчкі вакол таго, дзе праходзіць мяжа між свабодай слова і распальваньнем варожасьці, цяпер ідуць па ўсім сьвеце, па такіх пытаньнях павінна быць прафэсійная экспэртыза.
Але ў канкрэтным артыкуле Сьмілевіч ён бачыць «ідэалягічную падтрымку таго, што трансьлюе нашая афіцыйная ўлада», а гэта «выклікае шмат занепакоенасьці»: ад дэмакратычных палітыкаў, кажа ён, хочацца чуць «нейкую больш абгрунтаваную пазыцыю», а ня гэткія «некампэтэнтныя і незбалянсаваныя, папулісцкія выказваньні».
«Канечне, можна сказаць, што артыкул гамафобны, расісцкі ды сэксісцкі, бо ў ім адмаўляюцца базавыя каштоўнасьці, да якіх імкнецца дэмакратычная эўрапейская супольнасьць, — разважае Завалей. — Крытыка палітыкі інклюзіі меншасьцяў і паліткарэктнасьці заўсёды павінна быць, але не ў такім тоне і не ў такой форме, якую дэманструе Ганна. Шкада, што ў нас пакуль няма дыялёгу з павагай адно да аднаго.
Ганна адмаўляе сэнс змаганьня за свае правы. „Мы бачым дыскрымінацыю там, дзе яе няма“ — гэтым аргумэнтам заўсёды падтрымлівалася патрыярхальная сыстэма і сэксізм. У Ганны, на жаль, адсутнічае ў гэтым пытаньні ўсьведамленьне прычынна-выніковых сувязяў».
Завалей кажа, што Сьмілевіч «не ўсьведамляе палітычныя і сацыяльныя працэсы, ня ведае, у чым сэнс квотаў і так званай „пазытыўнай дыскрымінацыі“», і таму «адмаўляе рэчы, якія проста не разумее».
Ён таксама бярэ за прыклад выказваньне «цемнаскурых у Старажытнай Грэцыі ну ніяк быць не магло» — называе гэта эўропацэнтрызмам, адмаўленьнем існаваньня іншых расаў і іх значэньня ў сусьветнай гісторыі. Маўляў, там побач Афрыка, зь якой чарнаскурыя людзі траплялі ў Грэцыю, былі там ці не заўсёды.
«Я адкрыты гей, ЛГБТ-актывіст, але не адмаўляю праблемы дыскрымінацыі беларускамоўных у Беларусі, заўсёды праяўляў салідарнасьць і буду праяўляць, — дадае Завалей. — Тое, што ў нас бракуе дэмакратычных інстытутаў, што нам не даюць уплываць на палітычнае жыцьцё краіны, — гэта важныя і для мяне пытаньні. Мне незразумела, чаму большасьць нашых патрыятычных актывістаў і палітыкаў адмаўляюць мае праблемы, спрабуюць выключыць мяне з грамадзянскага руху.
Я лічу гэта контрапрадуктыўным. Калі Ганна імкнецца да некаторых зьменаў у дзяржаве, яна мусіць прызнаць, што без падтрымкі ёй ня ўправіцца. Калі ў яе ня будзе падтрымкі тых жа ЛГБТК-людзей, жанчын, якія пакутуюць ад хатняга гвалту, ня будзе ніякіх зьменаў, а сваімі словамі яна адштурхоўвае нас».